Антыфэйк / фактчэк

Учора

The Economist склаў топ-3 карумпаваных прэзідэнтаў Усходняй Еўропы? «Наша Ніва» высветліла, што гэта фэйк

Тэлеграм-канал, звязаны з беларускімі ўзброенымі сіламі, апублікаваў нібыта скрыншот старонкі аўтарытэтнага выдання.

Аўтары:
Рэдактары:
Дата з'яўлення фэйка: 02.05.2025
Тройку нібыта самых карумпаваных прэзідэнтаў апублікавалі аўтары тэлеграм-каналу «На Западном рубеже» са спасылкай на часопіс The Economist. Журналісты «Нашай Нівы» спрабавалі знайсці такі рэйтынг. 

Тэлеграм-канал «На Западном рубеже», які належыць Заходняму аператыўнаму камандаванню Узброеных сілаў Беларусі, 1 траўня 2025 года апублікаваў пост са скрыншотам нібыта старонкі сайта вядомага выдання The Economist. На ім паказаныя назва артыкула, якая перакладаецца «Топ-3 самых карумпаваных прэзідэнтаў краін Усходняй Еўропы», і калаж з фотаздымкаў лідараў Малдовы Маі Санду, Румыніі Іліе Балажана і Польшчы Анджэя Дуды.

У допісе аўтары посту падаюць, што рэйтынг склала выданне The Economist, але не дадаюць актыўнай спасылкі на арыгінальную публікацыю. 

Журналісты «Нашай Нівы» паспрабавалі знайсці артыкул праз пошук на сайце The Economist — не атрымалася. Не знайшлося артыкулаў на гэтую тэму і ў іншых англамоўных крыніцах. Згадкі пра рэйтынг пашукавік выявіў толькі на рускамоўных сайтах і ў сацсетках. 

Фэйк з рэйтынгам, паводле журналістаў «Нашай Нівы», з’явіўся 26 красавіка на старонцы «Третий ученик Штирлица» ў сацсетцы Х. Яе аўтар публікуе сатырычныя і палітычныя нататкі, якімі спрабуе дыскрэдытаваць краіны Захаду і Украіну. Верагодна, адтуль інфармацыя разышлася па іншых медыя.