У Беларусі расце вытворчасць мяса
На сайце дзяржаўнага інфармагенцтва БелТА з'явіўся артыкул прадстаўніцы Мінсельгасхарча Наталлі Соніч. У ёй чыноўніца распавядае пра поспехі Беларусі ў бітве за рост вытворчасці мяса і, у прыватнасці, што ў 2023 годзе ялавічыны плануецца вырабіць больш, чым летась. Такімі тэмпамі, робіць выснову Соніч, да 2025 года краіна павінна выйсці на рэкордныя 700 з лішнім тысяч тон.
Аднак, калі паглядзець на планы па развіцці сельскай гаспадаркі за мінулыя гады, то аказваецца, што 700 з лішнім тысяч тон павінны былі дасягнуць яшчэ ў 2019 годзе – у рамках старой дзяржпраграмы. Але зрабіць гэта так і не змаглі.
Сёлета таксама ўсё ідзе не вельмі гладка. У гэтым годзе плануюць вырабіць 640 тысяч тон ялавічыны, што на 2 тысячы менш, чым у 2020 годзе.
Яшчэ адна цытата з БелТА:
«У мінулым годзе ў Беларусі вырабілі амаль 400 тыс. т свініны, а ў гэтым годзе плануюць атрымаць 418,6 тыс. т, што на 4,7% больш. Гэтыя паказнікі будуць дасягнутыя коштам таго, што ў строй увайшлі новыя свінакомплексы».
Гучыць як добрая навіна. Калі не ведаць, што першапачаткова планавалі вырабіць 524 тоны.
З мясам птушкі сітуацыя падобная. Сёлета яго плануюць атрымаць 700 тысяч тон. Аднак яшчэ два гады таму на 2023 год планавалі 748 тысяч тон.
Імаверна, гэта адбываецца з-за зніжэння пагалоўя жывёлы. Аб гэтым сведчаць і дадзеныя Белстату, і заявы Аляксандра Лукашэнка:
«Як мне дакладваюць, у палове раёнаў краіны пакуль не ў стане спыніць скарачэнне пагалоўя жывёлы».
Але пра праблемы ў беларускай жывёлагадоўлі ў артыкуле БелТА не згадваюць. Як не называюць і іх прычыны.