Антыфэйк / фактчэк

25 мая 2023

Фэйкі тыдня: Над Польшчай з'явілася радыёактыўнае воблака з-за знішчэння боепрыпасаў са збедненым уранам

Тэлеграм-канал імя былога супрацоўніка ізраільскіх спецслужбаў Якава Кедмі 16 траўня паведаміў, што ў польскім Любліне павысіўся ўзровень радыяцыі. За ім гэтую навіну падхапілі расейскія і беларускія дзяржаўныя медыі.

Аўтары:
Рэдактары:

Дата фэйка: 16.05.2023

У суботу 13 траўня ў Бранску пацярпелі крушэнне два самалёты і два верталёты Паветрана-касмічных сіл Расеі. Таксама, пры дапамозе свежапрыбылых дальнабойных ракет Storm, украінцы паразілі шэраг недасягальных раней аб'ектаў у Луганску. Паводле словаў былога камандзіра сепаратыстаў міжнародна непрызнанай ДНР Ігара Стралкова, у выніку УСУ патрапілі ў адзін з пунктаў размяшчэння расейскіх войскаў. 

У той жа дзень расейскія дроны нанеслі ўдары па Хмяльніцкай вобласці Украіны і, паводле паведамленняў расейскіх медыяў, знішчылі склад з боепрыпасамі. Выданне «Інсайдэр» піша, што там захоўваліся старыя савецкія авіябомбы. У Крамлі сцвярджаюць, што гэта былі танкавыя снарады са збедненым уранам, якія Украіне раней паставіла Вялікая Брытанія.

На гэтым фоне тэлеграм-канал імя былога супрацоўніка ізраільскіх спецслужбаў Якава Кедмі 16 траўня паведаміў, што ў польскім Любліне павысіўся ўзровень радыяцыі.

«На ўсходзе Польшчы з'явіліся скокі радыяцыі ў паветры. Учора ў Любліне вымяральныя прыборы зафіксавалі рэзкае павышэнне ўзроўню вісмуту ў 6-7 разоў. Вісмут – прадукт распаду збедненага ўрану, які выкарыстоўваецца ў боепрыпасах. У каментарах палякі пішуць, што радыяцыйная пагроза прыйшла з Хмяльніцкай вобласці, дзе раніцай 14 траўня ўдарам "герані" быў знішчаны 649-ы авіяцыйны склад», – піша Кедмі і публікуе скрыншот (прыводзім яго ніжэй).

За ім гэтую навіну падхапілі расейскія і беларускія дзяржаўныя медыі.

Універсітэт Мары Кюры-Складоўскай у Любліне, які вядзе маніторынг узроўню радыяцыі, сапраўды зафіксаваў скачок узроўню вісмуту днём 15 траўня. Аднак, калі паглядзець на дадзеныя па ўзроўні вісмуту з пачатку 2023 года, бачна, што такія скокі – звычайная з'ява. Яны здараліся даволі часта і да выбухаў у Хмяльніцкім.

У тым ліку – і да пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне. У дадзеных па вісмуце за той жа перыяд 2021 года бачна, што тады скокі бывалі нават больш значныя.

На сайце ўніверсітэту Мары Кюры-Складоўскай прадстаўлена інфармацыя аб прычынах ваганняў. Вісмут знаходзіцца ў паветры ў выглядзе пылу. Калі ідзе дождж ці снег, яго прыбівае ападкамі, часціцы металу асядаюць на вымяральных прыборах. Менавіта таму на пачатку дажджу фіксуецца ўзровень вісмуту значна вышэй, чым напрыканцы, калі дождж гэтыя часціцы з прыбораў змывае. Гэта значыць ваганні ўзроўню вісмуту маюць натуральнае паходжанне і не нясуць небяспекі, гаворыцца ў паведамленні ўніверсітэту.Там жа сказана, што гэты ізатоп з'яўляецца адным з прадуктаў распаду прыроднага ўрану-238.

Дзяржаўнае агенцтва атамістыкі Польшчы 17 траўня выпусціла афіцыйнае абвяржэнне, назваўшы дэзынфармацыяй навіны аб радыёактыўнай пагрозе. Аднак праз пару дзён, 19 траўня, - гісторыя атрымала працяг. Сакратар Савету бяспекі Расеі Мікалай Патрушаў заявіў, што з Украіны ў Еўропу рухаецца радыёактыўнае воблака.

«Украіне таксама "дапамаглі", націснулі на сваіх сатэлітаў і паставілі боепрыпасы са збедненым уранам. Іх знішчэнне прывяло да таго, што радыёактыўнае воблака накіравалася ў бок Заходняй Еўропы. І ў Польшчы ўжо зафіксаваны рост радыяцыі», - паведаміў Патрушаў.

БРЦ спраўдзіў дадзеныя Федэральнага ведамства па радыяцыйнай абароне Нямеччыны. 19 траўня ніякіх зменаў узроўню радыяцыі там не фіксавалі. Даследчы цэнтр Еўракамісіі, які маніторыць радыёактыўнасць навакольнага асяроддзя па ўсёй Еўропе, таксама не ўбачыў надыходзячага воблака.

Дарэчы, на мапе выпраменьвання па Еўропе самы высокі яго ўзровень - да 450 наназіверт - зафіксаваны пад Брагінам, у Беларусі. Гэтую інфармацыю пацвярджае і Мінпрыроды рэспублікі. Гэта значыць узровень радыяцыі там удвая вышэйшы, чым ва Украіне ці Еўразвязе.

Ну і, нарэшце, «Камсамольская праўда», каб пацвердзіць чуткі аб выбуху склада з уранавымі снарадамі і тое, што гэта стварыла небяспеку апраменьвання, прааналізавала інфармацыю аб замерах радыяцыйнага фону ў месцы выбуху на ўкраінскіх сэрвісах.

«Іх словы ўскосна пацвярджаюць і ўкраінскія сэрвісы, якія манітораць радыяцыйную абстаноўку: 12-га траўня адбыўся ўсплёск з 60-80 наназіверт (звычайны фон) да 140-160. Гэта не вельмі і шмат, але такі скачок, ды такі рэзкі…» – піша гэтая газета. 

Мы праверылі – узровень радыяцыі ў Хмяльніцкім сапраўды падняўся, але гэта адбылося за некалькі дзён да выбухаў, аб якіх гаворыцца ў артыкуле.

Беларусь заўсёды дасягае запланаванага эканамічнага ўзроўню

Дата фэйка: 17.05.2023

Паводле дадзеных афіцыйнай статыстыкі, рэальныя даходы беларусаў выраслі ў першым квартале 2023 года на 0,3%. Дэпутат Палаты Прадстаўнікоў Анатоль Насеня на тэлеканале «Беларусь-1» пракаментаваў гэта так: 

«Добрыя эканамісты патрэбныя былі заўсёды. І ўлічваючы, што мы стратэгічна пад санкцыямі працуем з 1994 года, нашая эканоміка, і тыя беспрэцэдэнтныя санкцыі, якія былі ўведзеныя супраць нашай краіны летась, і той вынік, які мы маем на выхадзе, кажа пра тое, што ў дадзенай вобласці ў нас з кадрамі ўсё ў парадку. Гэта значыць, так ці інакш мы выходзілі на той узровень у развіцці, які быў запланаваны».

Насамрэч упершыню Еўразвяз увёў санкцыі супраць Беларусі 15 верасня 1997 года. Тады ЕЗ прыпыніў працэс ратыфікацыі пагаднення аб партнёрстве і супрацы з Беларуссю, а таксама часовага гандлёвага пагаднення ад 1995 года. Гэта стала рэакцыяй на рэферэндум 1996 года, паводле вынікаў якога паўнамоцтвы Аляксандра Лукашэнкі працягнулі да 2001 года.

З дасягненнем запланаванага ўзроўню развіцця таксама ўсё не так, як гаворыць дэпутат. Напрыклад, у 2010 годзе на IV Усебеларускім народным сходзе Лукашэнка паставіў мэту – сярэдні заробак $1000 да 2015 года. 

«Да 15-га года мы павінны наблізіць памеры заробкаў да $1000 у эквіваленце. Гэта самыя высокія тэмпы росту заробку і прыбыткаў насельніцтва». 

Не наблізілі нават да 2023 года, у 2022-м афіцыйная статыстыка паказвала гістарычны максімум па сярэднім заробку – $675. 

З актуальных паказнікаў – правалены планы мінулага года. Замест росту ВУП на 2,9% атрымалі падзенне на 4,7%.

Пуцін не раскрываў значэнне чырвоных ліній, таму не рэагуе на атакі

Дата фэйка: 12.05.2023

Вялікая Брытанія паставіла Украіне ракеты дальнабойнасцю 250 км – і на расейскіх тэлеканалах зноў загаварылі аб парушаных чырвоных лініях. У абарону Уладзіміра Пуціна, які не рэагуе на гэтыя парушэнні, выступіла Маргарыта Сіманьян, галоўная рэдактарка тэлеканалу RT, які фінансуецца Крамлём. У праграме «Свая праўда» на НТВ яна заявіла, што прэзідэнт Расеі нікому не дараваў пераход чырвоных ліній, таму што ён іх ніколі і не абазначаў.

«А нагадай мне, калі ласка, (я, відаць, дрэнна сачыла за павесткай) хто з кіраўнікоў Расеі хоць раз назваў, што менавіта з'яўляецца чырвонай лініяй? Гэта называлі эксперты ў гэтай студыі, тэлеграм-каналы, яшчэ нехта... Ты мне не нагадаеш, калі Пуцін казаў "вось гэта і гэта з'яўляецца чырвонай лініяй"? А я табе скажу - ён гэтага не казаў. Ні ён не казаў, ні міністр абароны не казаў. Яны казалі, што існуюць чырвоныя лініі, але што хаваецца пад гэтай фармулёўкай, мы можам толькі гадаць», - заявіла Сіманьян. 

Уладзімір Пуцін сапраўды летась казаў, што хоча пакінуць вызначэнне чырвоных ліній сакрэтам:

«Што тычыцца вось гэтых чырвоных ліній, гэта, дазвольце, я пакіну пры сабе, таму што гэта з нашага боку будзе азначаць дастаткова жорсткія дзеянні, а менавіта па тых цэнтрах прыняцця рашэнняў, як я ўжо казаў, і якія вы згадалі. Але ўсё ж гэта тая сфера, якая павінна застацца на рашэнне, перш за ўсё, ваенна-палітычнага кіраўніцтва краіны». 

Аднак у сакавіку 2023 года у размове з карэспандэнтам тэлеканала «Расія-1» ён прызнаў, што Захад перасек гэтыя лініі, калі пачаў пастаўляць Украіне цяжкае ўзбраенне. 

- Усе гэтыя пастаўкі танкаў, знішчальнікаў, зараз яшчэ боепрыпасаў са збедненым уранам. Шмат каму здаецца, што гэта не проста чырвоныя лініі, гэта бардовыя лініі, і яны іх перасякаюць. 

- Так, яны вось так і робяць.

Яшчэ да вайны Уладзімір Пуцін называў яшчэ адну чырвоную лінію:

«Калі на тэрыторыі Украіны ўзнікнуць комплексы нейкія ўдарныя, падлётны час да Масквы будзе 7-10 хвілін, а ў выпадку размяшчэння гіпергукавой зброі - 5 хвілін", - заявіў прэзідэнт. «Мы тады павінны будзем стварыць нешта падобнае да тых, хто нам так пагражае. А мы можам гэта зрабіць ужо зараз. Мы куды ідзем? Навошта мы гэта робім? І гэта, стварэнне такіх пагрозаў для нас і ёсць чырвоныя лініі».

У кастрычніку мінулага года МЗС Расеі папярэдзіў Захад аб чырвонай лініі - пастаўках Кіеву дальнабойных або больш магутных сродкаў паражэння. Ракеты Storm Shadow, у траўні пастаўленыя Украіне, паражаюць аб'екты на адлегласці 250 кіламетраў - гэта значыць з'яўляюцца дальнабойнымі.

Амаль палова палякаў супраць сяброўства ў Еўразвязе

Дата фэйка: 15.05.2023

Колькасць еўраскептыкаў у Польшчы перавысіла колькасць еўрааптымістаў - 45% палякаў выступаюць супраць сяброўства ў Еўразвязе. Прычына гэтага - эканамічны крызіс, заявілі на тэлеканале «Беларусь-1»:

«Упершыню ў польскай гісторыі колькасць еўраскептыкаў перавысіла колькасць аптымістаў.

45% грамадзян мяркуюць, што чалецтва ў Еўразвязе пагражае суверэнітэту краіны. Нязгодных з гэтым 44%.

Гэтае апытанне стала сведчаннем зменаў у мясцовай грамадскай думцы. Сацыёлагі мяркуюць, што сваю ролю тут адыграў эканамічны крызіс у ЕЗ, які разбурыў міф аб усеагульным еўрапейскім росквіце».

Такое апытанне і праўда праводзілася сёлета ў красавіку. І лічбы праўдзівыя. Але тэлеканал «Беларусь-1» сказіў фармулёўку пытання. У апытаных палякаў спыталі, ці лічаць яны, што чалецтва ў ЕЗ зашмат абмяжоўвае суверэнітэт іх краіны. «За» і «супраць» выказаліся прыкладна аднолькавая колькасць людзей. Але нават сярод тых, хто лічыць, што ЕЗ замоцна абмяжоўвае суверэнітэт Польшчы, большасць выступае супраць выхаду Польшчы з аб'яднання.

Паводле таго ж апытання, 85% палякаў ухваляюць чалецтва Польшчы ў ЕЗ. Гэта на 7% менш, чым у мінулым годзе, але ўсё яшчэ даволі высокая падтрымка. І толькі 10% выступаюць супраць - гэта і ёсць рэальная доля еўраскептыкаў. 

БРЦ праверыў дадзеныя апошняга апытання Еўрабарометра, якое праводзілася гэтай зімой, - 55% апытаных палякаў пазітыўна ацэньваюць ЕЗ і толькі каля 7% негатыўна.

У ацэнках будучыні ЕЗ палякі - адная з самых аптымістычных нацый Еўразвязу. 77% палякаў пазітыўна глядзяць на будучыню ЕЗ.

Польскія дальнабойнікі патрабуюць адмяніць санкцыі супраць Расеі 

Дата фэйка: 12.05.2023

Польскія дальнабойнікі на знак пратэсту заблакавалі беларускія фуры, якія вярталіся ў Беларусь з ЕЗ. Галоўны рэдактар газеты «Мінскі Кур'ер» Кірыл Казакоў заявіў, што, верагодна, так яны дамагаюцца адмены санкцыі супраць Расеі: 

«Польскія дальнабойнікі страйкуюць з якой прычыны? З-за санкцый расейцы забаранілі польскім кіроўцам ездзіць і вазіць грузы на тэрыторыю Расеі. Адпаведна, зараз якім чынам пабудаваная сістэма перавозкі, скажам, з Парыжа ў Маскву? Французскі ці польскі дальнабойнік давозіць да мяжы, на мяжы прыязджае беларускі ці расейскі дальнабойнік, прычапляе груз і паехаў. Чаму польскія дальнабойнікі спрабуюць перакрыць пункт пропуску, незразумела. Бо нібыта яны патрабуюць адмяніць гэта ўсё. Ад каго? Ад сваіх уладаў? Увогуле, незразумела. Да 9 чэрвеня яны абяцаюць страйкаваць».

З ім згодны і госць студыі - сталічны прафсаюзны дзеяч Сяргей Крысенка:

«Там, у прынцыпе, усё лагічна. Гэта значыць, давозьце да нашай тэрыторыі. Гэта значыць, працуйце на сваёй тэрыторыі. Але вы ж разумееце, што такое па Расеі ехаць, можа, 2-3 тысячы кіламетраў - гэта іх заробак. Што такое ехаць па Польшчы».

Санкцыі на дзейнасць польскіх перавозчыкаў сапраўды паўплывалі, толькі патрабавалі дальнабойнікі не іх адмены, а наадварот - узмацнення. Вось як яны самыя тлумачылі прычыны блакавання на мяжы:

«Мы хочам дамагчыся нашых патрабаванняў: забарона на беларускія і расейскія прычэпы, на замежны капітал з Расеі, з Беларусі ў Польшчы. Забарона на адкрыццё іх кампаній. Зрабіць нешта з тымі кампаніямі, якія былі адкрытыя сёлета». 

Насамрэч сітуацыя для польскіх перавознікаў выглядае так. Еўразвяз увёў забарону на ўезд цягачоў з расейскімі і беларускімі рэгістрацыйнымі нумарамі. Расея і Беларусь адказалі аналагічна – цяпер еўрапейскія фуры могуць уязджаць у Беларусь толькі да бліжэйшага лагістычнага цэнтру, каб там перагрузіць груз, далей па Расеі ці Беларусі яго вязе беларускі ці расейскі перавознік. Гэта значыць, кожны працуе на сваёй тэрыторыі.

Але санкцыі ЕЗ удалося абысці. Цягачам з расейскімі і беларускімі рэгістрацыйнымі нумарамі забаронена ўязджаць у ЕЗ, а паўпрычэпам на такіх нумарах - не. Беларусы і расейцы пачалі масава рэгістраваць транспартныя кампаніі ў Польшчы. Гэта дало ім канкурэнтную перавагу перад палякамі. 

«Нам, як палякам, не дазваляюць праязджаць праз Беларусь, у той час як у Польшчы адчыняюцца фірмы, якія дастаўляюць тавары як польскія перавознікі на перавалачныя склады ў Беларусі, а затым перавозяць іх далей на сваіх машынах ужо як беларускія, расейскія перавознікі, далей у Расею, Беларусь. Мы больш не можам ажыццяўляць такія перавозкі», - кажуць польскія перавозчыкі. 

Гэта значыць, груз, які выцякае, напрыклад, з Францыі ў Расію, польскі перавознік можа давезці толькі з Парыжа да мяжы з Беларуссю. А беларускі канкурэнт з польскай рэгістрацыяй - не перагружаючы прадукцыю, наўпрост з Францыі ў Расею. 

Палякі незадаволеныя тым, што Польшча рэгіструе транспартныя фірмы з усходнім капіталам. Напачатку лютага польскія перавознікі перадалі мясцовым уладам на праверку спіс з 63 кампаній. З дадзеных, заснаваных на рэестры Галоўнага інспектара дарожнага транспарту, вынікае, што ў якасці перавознікаў у гэтых фірмах выступаюць беларусы, расейцы ці кампаніі з усходнім капіталам.

Польшча звярнулася ў Еўрапейскую камісію з просьбай уключыць расейскія і беларускія паўпрычэпы ў пакет санкцый і ўвесці забарону на рэгістрацыю кампаній з расейскім і беларускім капіталам у Польшчы.