ЗША пагадзіліся перападключыць Расею да SWIFT
Расея заявіла аб тым, што збіраецца выйсці са збожжавай здзелкі з Украінай, і ў якасці ўмовы выставіла патрабаванне вярнуць яе банкам падключэнне да сістэмы SWIFT.
Нагадаем, іх адключылі летась у межах санкцыяў з-за вайны. Пасля гэтага інфармагенцтва БелТА і многія расейскія СМІ паведамілі, што ЗША пагадзіліся на расейскія патрабаванні па SWIFT.
«Прадстаўнікі ААН паведамілі, што ЗША вырашылі зноў падключыць расейскія банкі да сістэмы SWIFT. Пра гэта інфармуюць РІА Навіны.
Санкцыі ў дачыненні да Расеі, у тым ліку адключэнне ад сістэмы SWIFT, сталі ўдарам па статуце даляра. Усё больш краін губляюць да яго давер і пераходзяць на разлік у нацыянальнай валюце. Таму ЗША вырашылі пайсці на такі крок, дзеля чаго прыцягнулі ААН.
Так, афіцыйны прадстаўнік генеральнага сакратара арганізацыі Стэфан Дзюжаррык заявіў, што расейскія банкі плануюць ізноў падлучыць да міжнароднай аплатнай сістэмы для таго, каб выканаць збожжавую ўгоду».
РІА Новости ў сваю чаргу сцвярджаючы гэта, спасылаюцца толькі на прэс-сакратара ААН Стэфана Дзюжаррыка. Але Дзюжарык гэтага не заяўляў. 12 красавіка на штодзённым брыфінгу для прэсы яму задалі пытанне аб збожжавай здзелцы. І вось што ён даслоўна адказаў на тое, чаму немагчыма экспартаваць расейскае зерне:
Прэс-сакратар: Відавочна, што яшчэ больш ускладняе сітуацыю той факт, што шэраг расейскіх фінансавых устаноў, калі не ўсе, я не ўпэўнены, не ўваходзяць у сістэму SWIFT. І мы вядзем перамовы з людзьмі, якія адказваюць за SWIFT, еўрапейцаў і іншых наконт гэтага.
Пытанне: Ці ёсць прагрэс у гэтым? Вы абмяркоўвалі гэта колькі, дзевяць месяцаў?
Прэс-сакратар: Я думаю, што ёсць некаторыя пытанні, у якіх у нас ёсць улада. Вельмі мала, але гэта не адна з іх. Генеральны сакратар не мае паўнамоцтваў у адносінах да SWIFT. Ён не мае ўлады над дзяржавамі-сябрамі, якія ўводзяць аднабаковыя санкцыі. У яго няма ўлады над страхавымі кампаніямі, суднаходнымі кампаніямі. Ён ня можа сказаць ім, што рабіць. Мы спрабуем сабраць цэлую групу людзей. Некаторыя з іх уваходзяць у гандлёвыя асацыяцыі. Некаторыя з іх знаходзяцца ў прыватным сектары, урадах, Еўрапейскім саюзе і іншых, каб забяспечыць выкананне гэтага Мемарандума.
І гэта ўсё. У ягоным адказе не было нічога пра ЗША. І аб тым, што SWIFT будзе падключаны. Наадварот, ён нават сказаў, што ААН не мае ўплыву ў рашэнні гэтага пытання.
Цікава, што праз некалькі дзён пасля гэтага з'явілася інфармацыя, што ЗША ўсё ж такі дазволілі аднаму са сваіх банкаў правесці плацяжы за экспарт сельскагаспадарчай прадукцыі з Расеі. Гэта не азначае перападлучэнне Расеі да SWIFT і выкарыстоўваецца толькі для адной здзелкі.
У расейскай прэсе гэта прадставілі як вялікую дыпламатычную перамогу Масквы. Але сам міністр замежных спраў Сяргей Лаўроў не хаваў расчараванні, ён раскрытыкаваў гэтае рашэнне і назваў яго «разавай альтэрнатыўнай» і «несур'ёзным падыходам».
Больш за тое, са злітых дакументаў Пентагона стала вядома, што ў саміх ЗША пазіцыю генеральнага сакратара ААН па збожжавай здзелцы лічаць занадта мяккай, таму што ён гатовы ісці насустрач інтарэсам Расіі. Гэта таксама ўскосна сведчыць супраць версіі РІА Новости аб тым, што ЗША гатовы пайсці на саступкі Расеі.