Антыфэйк / фактчэк

08 жніўня

Модны выбар моладзі: вядоўцы БТ распавялі пра трэнд на тэхнічныя спецыяльнасці, якога не існуе

Каледжы, ПТВ ці вну — Ілона Валынец і Яўген Горын не разабраліся ў тэндэнцыях у беларускай адукацыі.

Аўтары:
Рэдактары:
Дата з'яўлення фэйка: 28.07.2025
У Беларусі, як і ва ўсім свеце, моладзь абірае працоўныя і тэхнічныя спецыяльнасці — такое сцвярджэнне прагучала ў эфіры News.by. Журналісты праекту Weekly Top Fake праверылі словы вядоўцаў каналу Ілоны Валынец і Яўгена Горына і высветлілі, што тыя не ўлічылі нюансаў. 

Набор у беларускія каледжы ў 2025 годзе ў паўтара разу перавышае прыём у вну, паведаміў 30 ліпеня міністр адукацыі Андрэй Іванец. Службовец удакладніў, што большасць тых, хто паступае на ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі, — гэта выпускнікі 9 класаў школ. Абмяркоўваючы гэту тэму ў эфіры каналу News.by, вядоўцы Ілона Валынец і Яўген Горын пагадзіліся, што ў Беларусі назіраецца новы трэнд.

— Што працоўныя, тэхнічныя спецыяльнасці робяцца модным і, галоўнае, рацыянальным выбарам моладзі? — задала пытанне сувядоўцу Валынец. 

— Ілона, гэта ва ўсім свеце адбываецца. Калі чалавек умее працаваць, як кажуць, рукамі, ён не прападзе, — адказаў Горын. 

Журналісты праекту WTF высветлілі, што ў апошнія гады ў Беларусі — адваротная тэндэнцыя. За апошнія 4 гады (з 2020-га па 2024-ы) колькасць выпускнікоў 9 класаў вырасла на 25%, а набор у каледжы і ПТВ — прыкладна на 7%. То бок доля тых, хто выбраў прафадукацыю, скарацілася. У 2024 годзе ў беларускія вучэльні прынялі 28,3 тыс. абітурыентаў, а ў каледжы — 39,1 тыс. Лічбы падобныя да плану прыёму 2025 года. Значыць рэзкага росту няма.

Скарачэнне долі тых, хто выбраў прафадукацыю, пацвярджае і статыстыка 10-гадовай даўнасці. Тады ў ПТВ і каледжы набіралі больш навучэнцаў, чым цяпер, хоць выпускнікоў школ у той час было менш. Атрымліваецца, што цікавасць да працоўных спецыяльнасцяў у апошняе дзесяцігоддзе не расце, а падае.