«Аднак варта заўважыць, што ўжо і шэраг еўрапейскіх краін адмаўляецца ад жорсткіх антыковідных абмежаванняў па прыкладу Беларусі, палічыўшы абмежаванні, якія дзейнічалі, немэтазгоднымі» – лічыць Яўген Казлоўскі з MLYN.BY.
Гэта маніпуляцыя, таму што заходнія краіны адмаўляюцца ад жорсткіх антыковідных абмежаванняў па іншых прычынах.
Патлумачым гэта на прыкладзе Даніі, якая стала першай еўрапейскай краінай, якая зняла антыковідныя абмежаванні. Яны дзейнічалі 548 дзён і былі адмененыя, таму што ўзровень вакцынацыі насельніцтва дасягнуў 75%. Міністр аховы здароўя Даніі Магнус Хойніку заявіў наступнае:
«Эпідэмія знаходзіцца пад кантролем, у нас рэкордна высокі ўзровень вакцынацыі. Таму 10 верасня мы можам адмовіцца ад некаторых спецыяльных правілаў, якія мы павінны былі ўвесці ў барацьбе з covid-19... Але нават нягледзячы на тое, што цяпер мы знаходзімся ў добрым становішчы, эпідэмія яшчэ не скончылася. І ўрад без ваганняў прыме меры хутка, калі пандэмія зноў паставіць пад пагрозу важныя функцыі ў нашым грамадстве».
Як бачым, кіраўніцтва Даніі лічыць, што дзейнічалі абмежаванні вельмі нават мэтазгоднымі. І гатова ўвесці іх зноў, калі ўзровень захворвання павысіцца. Швецыя таксама прышчапіла 77% насельніцтва і адмяніла амаль усе абмежаванні з-за невысокай рызыкі распаўсюджвання інфекцыі.
Складана заўважыць у гэтым імкненне пайсці па шляху Беларусі, якая, дарэчы, цяпер, наадварот, на фоне паведамленняў пра небывалы размах эпідэміі ў краіне, пачынае як раз уводзіць абмежаванні. Афіцыйна цалкам прышчэпленых у Беларусі каля 20% насельніцтва. Нядаўна міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч заявіў, што для каронавірусных хворых аддалі траціну бальнічных ложкаў у Беларусі.
Дарэчы, аб масачным рэжыме выказалася старшыня Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Людміла Макарына-Кібак. Як піша «БЕЛТА», яна ўпэўненая, што абавязковае нашэнне масак і захаванне дыстанцыі ў грамадскіх месцах – эфектыўныя меры ў барацьбе з COVID-19.
«Я лічу, што не ўзмацненне жорсткасці мер пакарання павінна прывесці да станоўчага эфекту, а вялікая тлумачальная праца, якую мы праводзім, у тым ліку і дэпутаты. Мы паказваем уласным прыкладам, што чалавек павінен быць адказным не толькі за сваё здароўе, але і за здароўе сваіх блізкіх і атачэння» – прыводзіць словы Людмілы Макарынай-Кібак «БЕЛТА».
Дарэчы, масачны рэжым у грамадскіх месцах у Беларусі ўвялі з 9 кастрычніка. А вось, кадры, апублікаваныя тэлеканалам СТВ на дзень пазней.