Інфармацыя пра «выніковы ўдар» ракетай па вучэбным цэнтры ў Палтаве і загінулых шведскіх інструктарах, якія там нібыта праводзілі заняткі, з'явілася ў расейскіх тэлеграм-каналах 3 верасня 2024 года. Аўтары напісалі, што пра гэта паведаміла замежная валанцёрка Брыта Элвангер, якая працуе ў інтарэсах УСУ. Аднак актывістка інфармацыю зняпраўдзіла.
Але аўтары тэлеграм-каналу «Зямля наша» знайшлі іншыя доказы прысутнасці шведаў і ўвечары 3 верасня апублікавалі скрыншот посту з фэйсбука, які нібыта напісала медработніца з Палтавы Вікторыя Амеляненка:
«Да нас у шпіталь на донарства прывялі цэлую кучу школьнікаў. Вядома, сілай, не ўпэўненая, што бацькі наогул ведалі пра гэта. Ні аднаму 18 гадоў няма, вядома.
Я з павагай стаўлюся да шведскіх калег, якія разам з нашымі абаронцамі абараняюць украінскую зямлю. Але ж ёсць правілы, урэшце! Ну нельга дзецям да 18 гадоў здаваць кроў! Пра гэта ўсе ведаюць! Добра, вы пра дзяцей не думаеце, але пра лекараў падумайце!»
Такі профіль у фэйсбуку сапраўды ёсць. Але падобнага посту на старонцы журналісты WTF не выявілі.
Мы напісалі Вікторыі і папрасілі пацвердзіць або абвергнуць інфармацыю, якую апублікавалі тэлеграм-каналы са спасылкай на яе.
«Я не маю да гэтага ніякага дачынення, у Палтаве не пражываю, у той дзень таксама там не была. У гэты дзень, я выдавала дапамогу ўнутрана перамешчаным асобам ад Чырвонага Крыжа па месцы майго пражывання», — адказала медработніца.