Антыфэйк / фактчэк

02 ліпеня

Кіраўнік БТ паказаў фэйкавае відэа, як украінцы перапісваюць гісторыю

Каманда Weekly Top Fake звязалася з музеем і папрасіла пракаментаваць сказанае на відэа.

Аўтары:
Рэдактары:
Дата з'яўлення фэйка: 21.06.2024
Украіна перапісвае гісторыю і адмаўляе напад Нямеччыны на тэрыторыю СССР у 1941 годзе. Да такой высновы прыйшлі ўдзельнікі «Клуба рэдактараў» на «Беларусь 1». Кіраўнік тэлеканалу Іван Эйсмант паказаў ролік, нібыта зняты ва ўкраінскім музеі, які гэта пацвярджае. Каманда Weekly Top Fake высветліла, што не так з гэтым відэазапісам. 

Выпуск «Клуба рэдактараў», дзе старшыня Белтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант падаў доказы перапісвання гісторыі ва Украіне, выйшаў 21 чэрвеня 2024 года.

— У інтэрнэце зачапілася вока за адно відэа. Гэта экскурсія дзесьці ва Украіне. Я так разумею, дзецям. У Барыспалі. Распавядаюць, хто напаў, а хто вызваліў. Давайце паслухаем, — прапанаваў Эйсмант.

Далей закадравы голас распавёў: «У Другой сусветнай вайне ў Барыспалі вяліся вельмі моцныя баі. І горад у 1941 быў захоплены. Захапілі савецкія войскі, а праз два гады, у 1943-м наш горад вызвалілі сілы ўкраінскай акругі, вызвалілі вашых продкаў ад акупацыі».

— Хто не пачуў, у 41 годзе савецкія войскі акупавалі Украіну, а ў 43-м нацыяналісты вызвалілі. Перавернута ўсё тут, — пракаментаваў Іван Эйсмант.

— Поўная хлусня, там нават калі паглядзець на фотаздымак, — «Антэй», самалёт, які быў пабудаваны толькі ў 70-я гады. То бок, гэта поўная гебельсаўская салянка, — дадаў палітолаг Вадзім Ялфімаў. 

Відэа знята ў Барыспальскім дзяржаўным гістарычным музеі. На сайце ўстановы пра гады Другой сусветнай вайны напісана, што два гады — з верасня 1941 па верасень 1943 — Барыспаль быў пад гітлераўскай акупацыяй, а не пад савецкай. 

Каманда Weekly Top Fake звязалася з музеем і папрасіла пракаментаваць сказанае на відэа. Там адказалі:

«Голас за кадрам не належыць нікому з нашых работнікаў. У экскурсіях і публікацыях супрацоўнікі музею прытрымліваюцца сучаснага наратыву Другой сусветнай вайны пра агульную адказнасць двух таталітарных рэжымаў за яе дазвол, пра двухгадовую акупацыю гораду гітлераўцамі падчас нямецка-савецкай вайны».

Таксама супрацоўнікі музею звярнулі ўвагу, што відэа знята каля стэнду, прысвечанага 50-60-м гадам ХХ стагоддзя. Але голас за кадрам чамусьці распавядае пра Другую сусветную.