ВСУ прадаюць НАТАўскую зброю
Служба бяспекі Украіны затрымала кантрабандыстаў пад Адэсай, калі тыя прадавалі НАТАўскую зброю. Гэтая навіна прагучала ў аўтарскай перадачы «Гэта іншае» беларускага тэлеканала «Беларусь-1», вядучай якой з'яўляецца прапагандыстка Ксенія Лебедзева.
«З апошніх навін: пад Адэсай СБУ затрымала кантрабандыстаў падчас продажу зброі, набытай у усушнікаў у зоне баявых дзеянняў. У ходзе аперацыі былі канфіскаваныя тры натаўскія ПТРК і аўтаматы Калашнікава з боепрыпасамі. Зламыснікі падрыхтавалі схованку ў закінутай гаспадарчай пабудове на тэрыторыі порта ў Ізмаіле і ўжо атрымалі грошы за здзелку. А вось сёння стала вядома навошта ўкраінскаму войску рэактыўныя сістэмы залпавага агню Хаймарс. Каб, як і згаданыя раней французскія гаўбіцы Цэзар, прадаць расейскаму боку».
Служба Бяспекі Украіны афіцыйна аб такім затрыманні нічога не паведамляла. Аднак Ксенія Лебедзева паказала нават фатаграфіі, зробленыя нібыта падчас аперацый па затрыманні кантрабандыстаў. Вось супрацоўнікі СБУ на затрыманні, вось тая самая зброя, а вось і грошы. Гэта павінна даказваць, што ўсё сказанае - праўда. Таму мы вырашылі праверыць на праўдзівасць гэтыя фатаграфіі - ці праўда, што на іх намалявана менавіта тое, пра што гаворыцца ў сюжэце?
Такім чынам, з дапамогай гугла знаходзім першую фатаграфію. Аказалася, што яна была апублікаваная Службай бяспекі Украіны яшчэ 13 ліпеня 2021 года. Мы знайшлі яе на сайце СБУ. І адносілася яна да навіны аб тым, што контрразведка СБУ ў Кіраваградскай вобласці затрымала агента расійскай ваеннай разведкі. Гэта значыць, на ёй СБУшнікі затрымліваюць не ўкраінскіх кантрабандыстаў, а расейскіх шпіёнаў. І робяць гэта год таму.
Ідзем далей. На другой фатаграфіі нібыта паказана тая самая зброя, набытая ў зоне баявых дзеянняў. А вось першакрыніца гэтай фатаграфіі. Яна была апублікаваная 3 ліпеня расейскім інфармацыйным агенцтвам РІА навіны. І тады агенцтва сцвярджала, што гэтая трафейная зброя, узятая расейскімі войскамі ў зоне баявых дзеянняў.
«Дзеючая супраць украінскіх войскаў у ЛНР групоўка расейскіх войскаў "О" ("Адважныя") узяла трафейную зброю пры аглядзе вызваленага вёскі Залатароўка ў Попаснянскім раёне», - перадае карэспандэнт РІА Навіны.
Атрымліваецца, што другая фатаграфія - таксама не адносіцца да продажу зброі.
Правяраем трэцюю. На ёй паказаны грошы, якія зламыснікі атрымалі за свежую здзелку па продажы зброі. Але не, і гэта таксама фэйк. Мы знайшлі гэтую фатаграфію на сайце Дзяржаўнага бюро расследаванняў Украіны. Апублікавана яшчэ 12 студзеня 2022 года. І была зроблена ў ходзе аперацыі па выкрыцці схемы крадзяжу сродкі, якія выдзяляюцца кіеўскім бюджэтам на капітальны рамонт паркаў і сквераў.
«Пры атрыманні часткі сродкаў - амаль 1,7 млн грн, затрыманы кіраўнік аднаго з камунальных прадпрыемстваў Кіеўскай Гарадской Дзяржаўнай Адміністрацыі, а таксама пасярэднік, які забяспечваў рэалізацыю злачыннай схемы».