З уступленнем 18 траўня ў сілу новага закона ўкраінцам, якія не з'явіліся ў ваенкамат па позве, пагражаюць штрафы. Іх нават могуць прывесці ў ТЦК прымусова. Гэтую тэму закранулі 23 траўня 2024 года ў перадачы «Рэмарка» на тэлеканале «Беларусь 1». Вядоўца Дар’я Рачко распавяла, што мужчыны баяцца выходзіць на вуліцы.
«Пустыя вуліцы, людзі хаваюцца па дамах або ночаць на працы, каб не сустрэць прадстаўнікоў тэрытарыяльнага цэнтру камплектавання. Карціна нагадвае фільм жахаў. Такім запомніцца ўкраінцам жыццё з 18 мая», — сказала вядоўца.
Далей паказалі некалькі кароткіх відэа з пустымі вуліцамі ўкраінскіх гарадоў.
Тое самае распавёў і вядоўца «Беларусь 1» Андрэй Сыч на «Радыё Беларусь» 23 траўня 2024-га.
«Ну вось усё ж паспеў Зяленскі падпісаць закон аб мабілізацыі. І на сённяшні момант таксама актыўна абмяркоўваецца тая сітуацыя, якая складваецца на вуліцах Украіны, калі людзі выходзяць, здымаюць відэа, калі няма ніводнага мужыка на вуліцах, ні ў гандлёвых цэнтрах, ні на гарадскіх плошчах».
Каманда Weekly Top Fake адправіла аператара, каб зняць, як выглядаюць вуліцы Кіева. Аказалася, што ў горадзе лёгка можна сустрэць мужчын.