Антыфэйк / фактчэк

Сёння

Украінцы аддаюць перавагу рускай мове? Вынікі апытанняў vs. аглядальнік Мукавозчык

Высветлілі, якая частка апытанага насельніцтва Украіны надалей размаўляе на рускай мове.

Аўтары:
Рэдактары:
Дата з'яўлення фэйка: 18.02.2026
Украінцы ў быце аддаюць перавагу выкарыстанню рускай мову, заявіў палітычны аглядальнік Андрэй Мукавозчык у эфіры «Радыё-Менск». Мы праверылі вынікі апытанняў апошніх гадоў і пераканаліся ў зваротным. 

Кантэкст: Уладзімір Зяленскі ўвёў санкцыі супраць Аляксандра Лукашэнкі (чаму толькі цяпер, мы распавялі тут). Гэтае рашэнне на сайце прэзідэнта Украіны апублікавалі 18 лютага 2026 года. Прычынай назвалі «спрыянне забойству ўкраінцаў». Усяго ў дачыненні да беларускага палітыка ва Украіне дзейнічаюць 17 відаў абмежаванняў, у тым ліку блакаванне актываў, забарона на ўезд, забарона фінансавых аперацый і іншыя. Асобныя санкцыі ўведзены бестэрмінова, некаторыя — на 10 гадоў. 

Як розныя краіны ваююць з рускай мовай і не могуць яе перамагчы, вядоўца Алёна Радоўская і госць студыі палітычны аглядальнік Андрэй Мукавозчык абмеркавалі 18 лютага 2026 года ў эфіры «Вечаровага палітычнага каналу» на «Радыё-Менск». Мукавозчык заявіў, што большасць украінцаў працягваюць размаўляць на рускай мове.

— Я вам прывяду прыклад Украіны. Яны там дагэтуль таксама на гэта самае…

— На рускай, — дапоўніла яго вядоўца.

— Так. Там гэтыя моўныя амбудсмены б'юцца галовамі аб сцены Рады, матлошацца галоўкамі аб трыбуны, але зрабіць нічога не могуць. Па ўсіх сацдаследаваннях, украінцы ў быце аддаюць перавагу рускай мове, — падсумаваў Мукавозчык.

На рускай мове, паводле даследавання цэнтру СОЦІС у лютым 2025 года, удома гавораць каля 10% украінцаў, на рускай і ўкраінскай — каля 30%, а толькі на ўкраінскай — амаль 58%. Падобныя вынікі паказала апытанне сацыялагічнай групы «Рэйтынг». У ліпені 2025-га амаль дзве траціны апытаных заявілі, што ў быце гавораць толькі на ўкраінскай. Прыкладна такія ж лічбы дэманструе і апытанне Кіеўскага міжнароднага інстытуту сацыялогіі.