Антыфэйк / фактчэк

30 красавіка 2023

Украінскім школьнікам за дрэнную вучобу пагражаюць паездкай на перадавую, а ЗША абвінавачваюць у сатанізме. Выкрыццё фэйкаў ад «Лукавых навін»

Партнёрскі матэрыял БРЦ і праекту «Лукавыя навіны» тэлеканалу «Белсат».

Аўтары:
Рэдактары:

Фэйк 1: У ЗША з'явілася статуя жанчыны ў вобразе дэманіцы, якая забівала немаўлят

Дата з'яўлення фэйка: 12.04.2023
На будынку апеляцыйнага суда на Мэдысан-авеню ў Нью-Ёрку ўсталявалі статую — жанчыну з доўгімі косамі, згорнутымі ў рогі. Расейская журналістка Вольга Скабеева ўбачыла ў ёй вобраз дэманіцы, якая забівала немаўлятаў. Пра гэта яна напісала ў сваім тэлеграм-канале 12 красавіка 2023 года. 

«Сатанізм па-амерыканску. На будынку апеляцыйнага суда на Мэдысан-авеню ў Нью-Ёрку з'явілася статуя ў вобразе Ліліт — дэманіцы, якая забівала немаўлятаў. Інсталяцыя — паводле задумы — праслаўляе чальца Вярхоўнага суда ЗША (1993-2020) Рут Бэйдэр Гінзбург — феміністку, якая змагалася за гендарную роўнасць. Ок», — гаворыцца ў подпісе да фатаграфій скульптуры. 

Статуя ў выглядзе жанчыны, якая стаіць у кветцы лотасу, у Нью-Ёрку называецца «Цяпер». Гэта першы жаночы вобраз, які ўпрыгожыў адзін з дзесяці пастаментаў будынку суда. Там ужо больш за стагоддзе стаяць статуі, якія прадстаўляюць вялікіх заканадаўцаў — усе яны мужчыны.

Стварыла скульптуру пакістанска-амерыканская мастачка Шахзія Сікандэр. Паводле яе слоў, яна сімвалізуе пашырэнне правоў і магчымасцяў жанчын, а таксама звяртае ўвагу на тое, што рэпрадуктыўныя правы жанчын апынуліся пад пагрозай (Вярхоўны суд ЗША ў чэрвені 2022 года адмяніў канстытуцыйнае права на аборт). На галаве статуі — косы, якія скручваюцца спіралямі, утвараючы рогі. Яны азначаюць «суверэнітэт» і «аўтаномію». 

Скульптура будзе ўпрыгожваць будынак да чэрвеня 2023 года.

Фэйк 2: Зяленскі паабяцаў знайсці ўсіх беларусаў, якія маюць дачыненне да нападаў на Украіну

Дата з'яўлення фэйка: 09.04.2023
У тэлеграм-канале «Украіна.ру» апублікавалі відэа, на якім Уладзімір Зяленскі пагражае беларусам, якія маюць дачыненне да нападаў на Украіну. Пост з'явіўся 9 красавіка 2023 года. 

«Зяленскі абяцае знайсці ўсіх беларусаў, якія маюць дачыненне да нападаў на Украіну, нават калі яны схаваюцца на беразе Каспійскага мора, адкуль запускаюць свае ракеты. 

Спадзяемся, ВМС Беларусі прымуць да ўвагі гэтую пагрозу і адвядуць свае караблі, ад граху далей, у парты прыпіскі», — напісалі аўтары каналу пад відэа.

Пагрозы на адрас беларусаў — відэамантаж. Каманда «Лукавых навін» знайшла арыгінал відэа. Яно было апублікавана ў чэрвені 2022 года. Уладзімір Зяленскі звяртаўся да людзей, адказных за запуск ракет. Ён сказаў, што менавіта ў іх не атрымаецца схавацца на берагах Каспійскага мора, адкуль у той дзень паляцелі ракеты па Кіеве. 

Пасля гэтага Зяленскі асобна звярнуўся да беларусаў. Вось як гучалі яго словы на самай справе: 

«І асобна я хачу звярнуцца да грамадзян Беларусі, да людзей: і грамадзянскіх і ў пагонах. Вас уцягваюць у вайну, нават больш актыўна, чым гэта было ў лютым і ў вясновыя месяцы. У Крамлі за вас усё вырашылі. Вашы жыцці для іх нічога не вартыя. Але вы не рабы і не гарматнае мяса. Вы не павінны паміраць. І вы ў сілах не даць нікому вырашаць за вас, што вас чакае далей. Я ведаю, што народ Беларусі падтрымлівае Украіну, яны падтрымліваюць нас, дакладна нас, а не вайну». 

Фэйк 3: Ва Украіне школьнікам, якія правалілі экзамены, абяцаюць паездку ў гарачую кропку

Дата з'яўлення фэйка: 17.04.2023
Тэлеграм-канал «ЖС Premium» 17 красавіка 2023 года апублікаваў нібыта ўкраінскую рэкламу, у якой стымулююць школьнікаў добра вучыцца. Яе сутнасць у пагрозе — за дрэнныя адзнакі паедзеш на перадавую.

«Сынок, будзеш дрэнна вучыцца — памрэш пад Бахмутам.

Ва ўкраінскім інтэрнэце з'явілася пацешная рэклама курсаў падрыхтоўкі да школьных выпускных іспытаў. Стымулы — самыя актуальныя. Вучню, які праваліў выпрабаванне, абяцаюць паездку ў гарачую кропку. "Быць юрыстам лепш, чым салдатам"», — пракаментавалі рэкламу аўтары поста. 

Фатаграфію хлопчыка, які сядзіць за сталом з ноўтбукам і падручнікамі, можна бясплатна спампаваць з фотабанку. Мабыць, гэта аўтары тэлеграм-каналу і зрабілі, таму што апублікаванага імі банера журналісты «Лукавых навін» не знайшлі.

Фэйк 4: У Мілане Зяленскі носам збірае ахвяраванні

Дата з'яўлення фэйка: 06.04.2023
У Мілане каля П'яцца-дэль-Дуома актывісты праводзяць акцыю «Падзяліся з Зяленскім грашыма», напісала ў сваім тэлеграм-канале 6 красавіка 2023 года расейская журналістка Вольга Скабеева. У пацвярджэнне яна апублікавала відэа, на якім паказаны рэкламны пілон з фотаздымкам Уладзіміра Зяленскага. У носе ў прэзідэнта Украіны зроблена адтуліна. Калі туды паднесці купюру, яе зацягне ўнутр пілона. 

«Еўра прыйшлося згортваць у трубачку, ну, вы разумееце», — патлумачыла пад відэа Скабеева. 

Такое відэа можна знайсці толькі ў расейскіх крыніцах. Журналісты «Лукавых навін» папрасілі жыхароў Мілана зняць на відэа гэты рэкламны пілон. Апынулася, што на ім паказаны зусім не Зяленскі, а рэклама міланскага тыдня дызайну. 

У сеціве таксама з'явілася інфармацыя, што відэа, апублікаванае Скабеевай, — фэйк. 

Фэйк 5: Жорсткія абстрэлы Данбасу аказаліся расейскай атакай на Умань

Дата з'яўлення фэйка: 28.04.2023
Данбас жорстка абстрэльваюць, у сваім тэлеграм-канале 28 красавіка 2023 года распавёў Уладзімір Салаўёў. У якасці доказу ён прымацаваў відэа, на якім дзяўчына кажа пра перажытыя жахі. 

«Божа-божа, ракета трапіла ў наш дом, мы ўсе ў крыві, шыбы выбітыя. Тут спалі дзеці», — распавядае сведка таго, што адбывалася. 

Уладзімір Салаўёў абрэзаў відэа. Журналісты «Лукавых навін» знайшлі яго арыгінал у тэлеграм-канале «Рэальны Кіеў». Там напісана, што відэа дзяўчына запісала ва Умані. Гэта Чаркаская вобласць Украіны, а не Данбас. Там у канцы красавіка расейская ракета трапіла ў пад'езд шматкватэрнага дому. У выніку нападу загінулі 23 чалавекі, у тым ліку восем дзяцей. 

Фэйк 6: Украінскія вайскоўцы выкралі коней на Данбасе

Дата з'яўлення фэйка: 27.04.2023
Палітолаг і журналіст Уладзімір Карнілаў абвінаваціў украінскіх вайскоўцаў у выкраданні коней на Данбасе. Пост з фота на гэтую тэму ён апублікаваў 27 красавіка 2023 года ў сябе ў тэлеграм-канале.

«Украінскія акупанты выкрадаюць нават коней у Данбасе. Тыя, як вы самі бачыце, не хочуць стаць украінскім трафеем», — напісаў аўтар поста.

На фота, якое прымацавана да паведамлення, ёсць подпіс на англійскай мове. Там сказана: «Ва Украіне жаўнеры і валанцёры спрабавалі эвакуяваць коней з закінутай фермы каля ахопленага вайной гораду Аўдзееўка Данецкай вобласці». 

Фотаздымак належыць агенцтву Associated Press, ён быў зроблены 25 красавіка 2023 года. 

Таксама медыі паведамлялі, што пра коней, якія засталіся на ферме ў акупаваным прыгарадзе Данецку, ніхто не мог паклапаціцца. 

Фэйк 7: Андрэй Данілка скардзіцца, што яго хочуць адправіць на перадавую

Дата з'яўлення фэйка: 19.04.2023
Украінскаму артысту Андрэю Данілку, вядомаму як Верка Сярдзючка, у красавіку 2023 года не дазволілі выехаць з Украіны ў ЗША і Канаду з канцэртамі. З гэтай нагоды ён запісаў зварот, у якім патлумачыў прычыну пераносу канцэртаў. Вядоўцы стрыму на канале «Звезда» распавялі сваю версію таго, што здарылася. 

«Ён скардзіцца на жыццё цяпер. Кажа, што яго хочуць на перадавую адправіць, а ён не хоча», — пракаментаваў голас за кадрам фрагмент відэазвароту артыста да гледачоў. 

З канца сакавіка 2023 года Міністэрства культуры Украіны зрабіла больш жорсткімі правілы выезду артыстаў з краіны. Мінкульт заявіў, што садзейнічанне ў перасячэнні дзяржаўнай мяжы магчыма толькі пры наяўнасці адпаведных дакументаў, у тым ліку ваенна-ўліковых.

Пра гэта ж у арыгінале відэа кажа Данілка. Ён тлумачыць, што правілы выезду змяніліся і частка яго каманды не паспела падрыхтаваць усе неабходныя дакументы. Таму канцэрты пераносяцца на больш позні тэрмін. Артыст нідзе не згадвае пра перадавую і нежаданне туды накіроўвацца.