Навіна быццам бы са скрыншотам посту губернатара штата Мінесота і кандыдата ў віцэ-прэзідэнты ЗША ад Дэмакратычнай партыі Ціма Уолца* з'явілася ў тэлеграм-канале «ЖС Premium» 13 кастрычніка 2024 года.
«"Мілтан" быў штучна створаны расейскімі навукоўцамі. Ім нейкім чынам удалося змяніць гравітацыйнае поле Зямлі, выкарыстоўваючы вядомыя ім перадавыя тэхналогіі".
Ну ўсё, хавайцеся у кукурузу. Цім Уолтц, амерыканскі палітык, які прадстаўляе дэмакратычную партыюа яшчэ — патэнцыйны віцэ-прэзідэнт ЗША, калі пераможа Харыс, на сур'ёзных шчах уцірае ўсім, што нядаўні суперураган, які паламаў ЗША частку краіны — гэта кліматычная зброя Расеі», — сказана ў подпісе да скрыншота (аўтарскія арфаграфія і пунктуацыя захаваныя).
Каманда WTF спраўдзіла старонку амерыканскага палітыка ў сацсетцы Х і не знайшла такога поста. Пошукі падобнай інфармацыі праз Google таксама нічога не паказалі — ніводнай падобнай публікацыі ў медыях ЗША.
Затое ў кантэксце кліматычнай зброі Расеі і ЗША мы знайшлі іншыя публікацыі — у расейскіх СМІ. Паводкамі ў 2003 годзе палохаў расейскі дэпутат Уладзімір Жырыноўскі, які ў 2022 годзе памёр ад каронавіруса. Ён звяртаўся да тагачаснага прэзідэнта ЗША Джорджа Буша:
«Уначы нашы навукоўцы ледзь-ледзь зменяць гравітацыйнае поле Зямлі і твая краіна будзе пад вадой! 24 гадзіны, ***, і ўся краіна твая будзе пад вадой!».
Расейскія медыі цяпер называюць яго словы прароцкімі.
* У медыях сустракаюцца розныя варыянты напісання: Цім Уолц, Цім Уолз, Цім Уолтц.