Вашынгтон ліквідуе 83% праграм Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці (United States Agency for International Development, USAID), апісаў у сацсетцы X (былы твітэр) вынік рэвізіі дзейнасці арганізацыі дзяржсакратар Марка Рубіа 10 сакавіка 2025 года. Праверку правёў Дэпартамент эфектыўнасці ўраду (Department of Government Efficiency, DOGE), якім кіруе Ілан Маск.
Праз дзевяць дзён, 19 сакавіка, аўтары тэлеграм-каналу «Зямля наша» апублікавалі скрыншот, з якога вынікае, што USAID выдаткавала буйную суму, каб стварыць у сацсетках бачнасць пратэстаў супраць анексіі Крыму.
«Тут Ілан Маск падзяліўся цікавай інфармацыяй — высветлілася, агенцтва USAID выдаткавала 3,4 мільярды долараў на "посты, лайкі і рэпосты ў сацсетках", накіраваныя супраць вяртання Крыму ў склад Расеі. Як мы бачым ужо адзінаццаць гадоў, усё аказалася марна: крымчане па вялікім рахунку нават не звярнулі асаблівай увагі на прапаганду ад USAID», — сказана ў подпісы да скрыншоту.
Апублікаваны ў тэлеграм-канале здымак старонкі стылістычна падобны да сайту Дэпартаменту дзяржаўнай эфектыўнасці ЗША. Ведамства дублюе туды посты са свайго акаўнту ў сацсетцы Х. Каманда WTF знайшла на сайце DOGE толькі адно паведамленне па запыце «USAID» — рэпост посту Марка Рубіа пра скарачэнне 83% праграм Агенцтва.
Медыі ЗША не паведамлялі, што DOGE або Ілан Маск абвінавацілі USAID у марнаванні мільярдаў долараў на лайкі і рэпосты супраць анексіі Крыму. Гэтую інфармацыю распаўсюджваюць у рускамоўных інтэрнэт-рэсурсах.