Антыфэйк / фактчэк

01 сакавіка

Вадзім Ялфімаў прысарамаціў амерыканцаў за словы Байдэна пра Пуціна. Нагадваем палітолагу, хто яшчэ не саромеецца ў выразах

Аляксандр Лукашэнка таксама не саромеецца ў выразах, але папрокаў за гэта з боку палітолага Ялфімава ён ніколі не атрымліваў.

Аўтары:
Рэдактары:
Дата з'яўлення фэйка: 22.02.2024
Амерыканскі прэзідэнт Джо Байдэн негатыўна выказаўся на адрас Уладзіміра Пуціна. Па словах палітолага Вадзіма Ялфімава, так паводзяць сябе толькі хворыя людзі. Каманда Weekly Top Fake нагадвае падобныя выказванні Аляксандра Лукашэнкі, якія дзяржаўныя беларускія СМІ толькі вітаюць.

Прэзідэнт ЗША 22 лютага на закрытай сустрэчы са спонсарамі ў Сан-Францыска выказаўся пра расейскага калегу:

«У нас ёсць звар’яцелы сукін сын, гэты хлопец, Пуцін і іншыя. І мы заўсёды павінны турбавацца пра ядравы канфлікт, але экзістэнцыяльная пагроза для чалавецтва — гэта клімат», — цытуе Байдэна CNN.

У той жа дзень вядоўца і палітолаг Вадзім Ялфімаў у эфіры «Радыё-Менск» заявіў, што падобныя выразы можна апраўдаць толькі псіхіятрычным разладам.

«Абрынуўся зноў на Уладзіміра Уладзіміравіча Пуціна проста з вулічнай лаянкай. Гэта нейкі, ведаеш, хуліган, рамолік (расслаблены, нямоглы, чалавек, які запаў у прыдуркаватасць — рэд.). Вось калі псіхіятрычнае захворванне, сіндром Турэта — гэта хоць нейкае тлумачэнне. Я хачу сказаць, спадары, грамадзяне ЗША, вам не сорамна, што ў вас такі прэзідэнт? Гэта ж проста ганьба», — сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка таксама не саромеецца ў выразах, але папрокаў за гэта з боку палітолага Ялфімава ён ніколі не атрымліваў. Напрыклад, летась Лукашэнка абразіў кіраўніка МЗС Еўрапейскага Звязу Жузэпа Бурэля: «Гэта чалавек дурны проста».

Не саромеўся Лукашэнка ў выразах на адрас прэзідэнта Украіны: «Прэзідэнт Зяленскі — проста гніда. Проста гніда», — заявіў Лукашэнка ў сакавіку 2023 года.

Выказваўся ён і пра былога ўкраінскага прэзідэнта Віктара Януковіча: «На жаль, вашывасці хапае ў цяперашняга кіраўніцтва Украіны».

Былога кіраўніка Еўракамісіі Жузэ Мануэла Барозу Лукашэнка ўвогуле назваў казлом.

Народзец, пацукі, авечкі, наркаманы, прастытуткі, дэбілы і поскудзі, пузатыя буржуі, беспрацоўныя злачынцы, абкураныя, п'яныя, шалудзівыя — гэта толькі няпоўны спіс абразлівых выразаў Аляксандра Лукашэнкі ў дачыненні да людзей, нязгодных з яго палітыкай.