У эфіры перадачы «Азаронак. Наўпрост» палітолаг Андрэй Лазуткін абмеркаваў з яе вядоўцам навучанне Мікалая Лукашэнкі ў Кітаі і назваў яго паводзіны прыкладу годнага прадстаўлення кіроўнай эліты краіны за мяжой. У адрозненне ад эліт заходніх краін. У якасці прыкладу ён прывёў унука былога прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнку:
«Вось Парашэнкі ўнук, па-мойму, у Лондане, увогуле, памёр ад перадозу наркотыкаў. Быў тады яшчэ прэзідэнтам Украіны нават. Вось прыклады таго, як, бывае, паводзяць сябе дзеці эліты», — заявіў Лазуткін у эфіры 15 ліпеня 2025 года.
З адкрытых крыніц вядома, што ў Пятра Парашэнкі на момант публікацыі двое ўнукаў. Старэйшаму 11 гадоў, ён нарадзіўся ў дзень інаўгурацыі Парашэнкі — 7 чэрвеня 2014 года. Калі Парашэнка пакінуў пост прэзідэнта ў траўні 2019 года, яму не было і 5 гадоў. Ёсць яшчэ ўнучка, якая зʼявілася на свет 2 гады апасля, — то бок ёй цяпер 9 гадоў.
Трагедыя, узгаданая Андрэем Лазуткіным, падобна на тую, якая адбылася ў сямʼі экс-прэзідэнта Казахстану Нурсултана Назарбаева. У 2020 годзе, калі Назарбаеў ужо не быў прэзідэнтам, у лонданскай кватэры нашлі цела яго 29-гадовага ўнука Айсултана Назарбаева. Па выніках судовага расследавання прычынай смерці назвалі какаінавую залежнасць. Да гэтага Айсултан публічна заявіў, што мае звесткі пра карупцыйныя схемы паміж уладамі Казахстану, то бок прадстаўнікамі сваёй сямʼі, і Расеі і папрасіў палітычнае сховішча ў Вялікай Брытаніі.