Прэзідэнт і міністр абароны ЗША паабяцалі вылучыць на вайсковыя выдаткі трыльён долараў. Гэта рэкордная сума — яна ў чатыры разы перавышае абаронны бюджэт Кітая. Абмяркоўваючы гэту тэму 10 красавіка 2025 года ў эфіры тэлерадыёкампаніі «Гомель», старшыня Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі Алег Гайдукевіч скрытыкаваў павелічэнне вайсковых бюджэтаў еўрапейскіх суседзяў Беларусі:
«Значна смяшней выглядаюць патугі Еўразвязу павялічваць вайсковы бюджэт. Таму што насамрэч Літва, Латвія — яны ўсе робяць у шкоду сваім грамадзянам і ў шкоду сваёй эканоміцы. А Беларусь гэтага ніколі рабіць не будзе. Менавіта таму мы не раздзімаем вайсковага бюджэту».
Каманда WTF параўнала сумы, вылучаныя на абарону Літвы, Латвіі і Беларусі. У нашай краіны яна апынулася найменшай. Беларускі вайсковы бюджэт у 2025 годзе набліжаецца да выдаткаў Латвіі — €1,36 млрд супраць €1,6 млрд, а Літва выдае на абарону ў 2,5 разу больш — €3,2 млрд. У адносінах да ВУП доля вайсковых выдаткаў Беларусі самая нізкая сярод гэтых трох краін — каля 1,5% у 2024 годзе. У Латвіі — 3,3%, у Літвы — 3,1%.
Аднак з 2022 года Менск нарошчвае вайсковыя выдаткі і робіць гэта хутчэй, чым суседзі. У Літве і Латвіі за апошнія чатыры гады выдаткі на абарону выраслі меней чым удвая, а ў Беларусі — у 2,6 разу. Калі ж перавесці беларускі бюджэт у еўра, атрымаецца, што ён расце прыкладна ў адным тэмпе з бюджэтамі абедзвюх балтыйскіх краін.