Кантэкст: Уладзімір Зяленскі падчас выступу на Сусветным эканамічным форуме ў Давосе, які прайшоў з 19 па 23 студзеня 2026 года, заявіў, што «кожны Віктар», які жыве за кошт Еўропы, але прадае яе інтарэсы, «заслугоўвае па карку». Ён не ўдакладніў, каго меў на ўвазе, але сярод еўрапейскіх лідараў ёсць адзін чалавек з такім імем — прэм'ер-міністр Вугоршчыны Віктар Орбан, вядомы добрымі адносінамі з Уладзімірам Пуціным, які выступае супраць надання Украіне вайсковай дапамогі ды яе ўступу ў ЕЗ. У адказ вугорскі прэм'ер напісаў у сацсетцы Х, што з часам «кожны атрымае па заслугах», але, нягледзячы на «абразы» ад украінскага прэзідэнта, Вугоршчына працягне аказваць народу Украіны гуманітарную і энергетычную падтрымку.
Каментуючы моўную сварку Уладзіміра Зяленскага і Віктара Орбана палітолаг Юры Васкрасенскі і вядоўца Рыгор Азаронак назвалі прэзідэнта Украіны «нікчэмным чмошнікам», «пацуком», «паскуднікам», «гнідай», «нягоднікам і блазнам». Таксама Васкрасенскі ацаніў залежнасць Кіева ад дастаў вугорскай электрычнасці:
«Рыгор, 48%, на хвіліначку, дастаўляе [Вугоршчына] ад усёй энергіі. То бок фактычна паў-Украіны залежыць ад гэтага Віці. <…> Орбан — ён, значыць, пры ўсіх яго плюсах і мінусах, ён — палітык, а не паскуднік, як Зяленскі. Таму што Орбан мог бы ў адказ, калі б гэта быў Зяленскі, спыніць даставы Украіне, якія сёння склалі 48% ад усёй электрычнасці, якую яна спажывае», — заявіў палітолаг 22 студзеня ў праграме «Азаронак. Наўпрост».
Вугоршчына зімой 2025—2026 гадоў сапраўды з'яўляецца найбуйнейшым дастаўнікам электраэнергіі ва Украіну. У снежні Будапэшт паставіў Кіеву каля 41% усяго імпарту электраэнергіі, у студзені — 43%. Імпарт — гэта не ўся спажываная электраэнергія, а толькі тая, якую Украіна дакупляе за мяжой.
У сярэдзіне студзеня 2026 года Уладзімір Зяленскі паведаміў, што пасля расейскіх атак на энергасістэму Украіны краіна самастойна закрывае каля 60% патрэбы ў электраэнергіі. Як ён кажа, магутнасць электрагенерацыі складае прыкладна 11 гігават, а краіне трэба каля 18. Больш дакладныя дадзеныя ва Украіны засакрэчаны праз вайну.
Калі прыняць 18 гігават за прыблізную патрэбу сістэмы ў пікавы зімовы перыяд і выказаць здагадку, што такая нагрузка была бесперапыннай увесь снежань, то Украіна спажыла б 13 млн мегават-гадзін электраэнергіі. А ў першыя 19 дзён студзеня — каля 8 млн мегават-гадзін.
Вугоршчына ў снежні паставіла ва Украіну каля 260 тыс. мегават-гадзін ці прыкладна 2% ад арыентацыйнага агульнага спажывання за месяц. За 19 дзён студзеня — каля 200 тыс. ці 2,5% ад усяго спажывання за гэтыя дні. Але нават калі Украіна рэальна спажывала ўдвая менш электраэнергіі ў гэтыя месяцы, то доля Вугоршчыны ў агульным аб'ёме вырасла б да 4% і не дацягнула б да паловы.