У сярэдзіне лістапада праваабаронцы паведамілі пра новую хвалю затрыманняў у Беларусі. На гэтым фоне вядоўца антыфэйк-рубрыкі на ютуб-канале інфармацыйнага агенцтва «Мінск-навіны» Вікторыя Кірычэнка 19 лістапада заявіла, што ўся інфармацыя ад тых, хто не падтрымлівае ўлады, — фэйкавая.
«Сумныя навіны ў экстрэмістаў, якія клічуць сябе праваабаронцамі. <...> Тых, хто супрацоўнічае з гэтымі экстрэмісцкімі арганізацыямі, адсачылі нашы прафесіяналы і пакаралі за парушэнне закона. Такім чынам, правакацыі кляпаць няма з чаго. А значыць грошай хутка не будзе. Ці ўжо няма. Пра гэта заяўляюць самі экстрэмісты. Усе інфарматары селі. А каб даводзіць свайму гаспадару, што яшчэ на нешта здольныя, даводзіцца небаракам са сваёй галавы браць інфармацыю», — растлумачыла сваю думку вядоўца і ў довад прывяла скрыншот выпуску ютуб-шоу «Звычайная раніца».
На скрыншоце адлюстраваны палітычны аналітык Арцём Шрайбман, тэма абмеркавання — «Усе інфарматары селі».
Каманда WTF паглядзела эфіры «Звычайнай раніцы». Мы знайшлі выпуск, скрыншот якога паказалі на ютуб-канале «Мінск-навіны». Тэма, якую Шрайбман абмяркоўваў з вядоўцамі, называлася «Лукашэнка на выбарах».
Мы знайшлі момант са скрыншота ў трансляцыі дзякуючы бягучаму навінаваму радку ўнізе экрана.
Гаворка сапраўды ішла пра інфарматараў праваабарончых арганізацый. Арцём Шрайбман тлумачыў, чаму інфармацыі пра затрыманні ў беларускіх рэгіёнах больш, чым у сталіцы. Ён выказаў здагадку, што Менск сілавікі зачышчаюць інтэнсіўней, але пра гэта менш паведамляецца, бо няма каму збіраць і перадаваць інфармацыю:
«Цяпер вельмі складана рабіць высновы пра гэту статыстыку, таму што людзей арыштоўвалі шмат з-за сувязяў з праваабаронцамі. Цалкам імаверна, што ў Менску ўжо гэтак зачышчаная сетка інфарматараў праваабаронцаў, што мы проста ўжо не ўяўляем, што адбываецца ў Менску».
Вядоўца Вікторыя Кірычэнка агучыла рэальную праблему — людзей у Беларусі, гатовых супрацоўнічаць з праваабаронцамі, можа бракаваць, і яе рэальны вынік — інфармацыя пра рэпрэсіі ў сталіцы можа быць не поўнай. Але абагульненне, што магчымасцяў праверыць інфармацыю ў іх няма зусім, няслушнае.