Кантэкст: Польшча да канца 2026 года мае намер умацаваць амаль 40% памежнай лініі з Калінінградскай вобласцю і Беларуссю. У рамках праекту «Усходні шчыт» прадугледжана аднаўленне балотаў і тарфянішчаў, якія будуць служыць прыроднымі бар'ерамі.
Інфармацыя пра прызыў жанчын у польскую армію прагучала 29 студзеня ў праграме «Экспертны клуб. Палітычнае радыё-шоу» ў эфіры Першага нацыянальнага каналу Беларускага радыё.
«Як пішуць польскія медыі, зараз павесткі будуць атрымліваць не толькі мужчыны, але і дзяўчаты. Гаворка пакуль ідзе пра так званую вайсковую кваліфікацыю — гэта медагляд і праверка дакументаў для пастаноўкі на вайсковы ўлік. Фармальна яшчэ не прызыў, але фактычна — першы крок да яго. Улады Польшчы мараць стварыць самую вялікую армію ў Еўразвязе: спачатку 300 тысяч чалавек, потам паўмільёна. Але ахвотных служыць сярод палякаў амаль няма. Таму зараз у армію прымусова спрабуюць уцягнуць і жанчын», — паведаміў вядоўца Рыгор Міцюшнікаў.
Насамрэч вядоўца зачытаў навіну, апублікаваную News.by. У польскіх медыях з нагоды прызыву іншая інфармацыя. У краіне ў 2026 годзе сапраўды пройдзе вайсковая кваліфікацыя — вызначэнне прыдатнасці да службы і пастаноўка на ўлік. Яна будзе рэкорднага маштабу: павесткі атрымаюць не толькі мужчыны, але і жанчыны. Яўка абавязковая, інакш пагражае штраф. Аднак закране гэта не ўсіх жанчын.
Гаворка ідзе пра групу 1999—2007 гадоў нараджэння, якія атрымалі ці цяпер атрымліваюць карысную для арміі прафесію: медык, ветэрынар, псіхолаг, перакладчыца, IT-спецыялістка, прафесіі марскіх і авіяцыйных кірункаў.
Пастаноўка на вайсковы ўлік жанчын — гэта не польскае вынаходства. У Беларусі такое таксама практыкуюць у дачыненні да прадстаўніц пэўных прафесіяў. Але калі ў Польшчы кваліфікацыя праходзіць раз на год і ахоплівае жанчын невялікага ўзроставага дыяпазону, то ў Беларусі ўлік ідзе ўвесь час — пасля атрымання адпаведнай спецыяльнасці жанчыны (галоўным чынам гэта медыкі) з 19 гадоў аўтаматычна становяцца на сталы вайсковы ўлік.