Антыфэйк / фактчэк

08 красавіка 2022

Фэйкі тыдня: «з-за антырасейскіх санкцыяў гандлёвыя сеткі сутыкнуліся з недахопам прадуктаў». Тэлеканал «Беларусь-1» распавёў, як усё дрэнна з прадуктамі ў Італіі

Харчовая і сельскагаспадарчая Арганізацыя Аб'яднаных Нацый, аналізуючы сітуацыю, называе шмат прычын, чаму прадукты ў Еўропе будуць даражэць

Аўтары:
Рэдактары:
«У Італіі тарыфы на газ выраслі ў два-тры разы, пішуць «РІА-навіны». Акрамя таго, у краіне павялічыліся цэны на прадукты харчавання. Гэта закранула мінімум некалькі відаў прадуктаў. У некаторых выпадках ужо дэфіцыт пэўных найменняў харчавання ў магазінах. Так, уводзяцца абмежаванні на продаж мукі і сланечнікавага алею да 1 пакавання ў адны рукі. Падобныя меры выкарыстоўваюць супермаркеты Нямеччыны, Бельгіі і Грэцыі. З-за антырасейскіх санкцыяў гандлёвыя сеткі сутыкнуліся з недахопам прадуктаў», – заявілі па БТ.

Тэлеканал «Беларусь-1» усё зводзіць да важнай ролі Расеі: мука і сланечнікавы алей зніклі і падаражэлі выключна з-за таго, што Еўропа ўвяла супраць Расеі санкцыі і не зможа зараз закупляць гэтыя прадукты.

Але гэта не так. Насамрэч на гэты моцны ўплыў аказвае яшчэ і вайна ва Украіне, якую развязала менавіта Расея, таму што Украіна экспартуе 50% усяго сланечнікавага алею ў свеце. Аднак, Украіне прыйшлося рэзка скараціць вытворчасць сланечнікавага алею з-за вайны. Расея таксама экспартуе шмат сланечнікавага алею – 21% ад сусветнага аб'ёму.

Што да дэфіцыту мукі, то па пшаніцы Расея лічыцца найбуйнейшым экспарцёрам у свеце, а Украіна ў гэтым рэйтынгу займае 5-е месца. І гэтыя пастаўкі зараз пад пагрозай.

Харчовая і сельскагаспадарчая Арганізацыя Аб'яднаных Нацый, аналізуючы сітуацыю, называе шмат прычын, чаму прадукты ў Еўропе будуць даражэць. Вайна можа перашкодзіць пасеяць і сабраць ураджай ва Украіне, можа прывесці да пашкоджання партоў, аўтамабільных дарог і чыгунак, па якіх ежа дастаўляецца ў ЕЗ, а таксама вывесці са строю сховішчы, куды складаецца ўраджай.

Падаражэе страхоўка для гандлёвых судоў, якія будуць заходзіць у Чорнае мора па прадукцыю. Украінцы самі сябе не змогуць пракарміць з-за вайны, і шмат ежы спатрэбіцца для гуманітарнай дапамогі жыхарам іх уласнай краіны.

Гаворыцца і аб тым, што санкцыі супраць Расеі таксама акажуць уплыў. Але, як бачым, гэта далёка не першая і, тым больш не адзіная прычына ажыятажнага попыту на муку і сланечнікавы алей у Еўропе.

Беларусь —лідэр экспарту харчавання

На дзяржаўных тэлеканалах загаварылі аб важнасці беларускага экспарту прадуктаў харчавання. Дэпутат Алег Гайдукевіч у «Клубе рэдактараў» нават заявіў, што Беларусь у пяцёрцы найбуйнейшых харчовых экспарцёраў свету.

«Давай скажам праўду: на сёння невялікая Беларусь, мы пра гэта ніводны раз казалі, можна сказаць гэта 20 разоў, уваходзіць у 5-ку краін, якія экспартуюць харчы па ўсім свеце. Гэта заслуга не аднаго года. Гэта заслуга 10-годдзяў». 

Гэта не так. Беларусі няма ў пяцёрцы і нават у 10 найбуйнейшых краін-экспарцёраў харчавання. Цяпер у дзясятку па дадзеных Сусветнай гандлёвай арганізацыі ўваходзяць ЗША, Бразілія, Кітай, Канада Інданезія, Мексіка, Аргенціна, Індыя і Тайланд. А на першым месцы - Еўрасаюз.

Няма Беларусі і ў дзясятцы краін экспарцёраў сельскагаспадарчай прадукцыі. Топ-10 закрывае Аргенціна, экспарт якой у 2020 годзе дасягнуў 37 млрд долараў. А ў Беларусі, нагадаем, у 20 годзе экспарт сельгаспрадукцыі быў у 6 разоў меншы.

Больш за тое, Беларусь не ўваходзіць нават у пяцёркі найбуйнейшых краін-экспарцёраў асобных малочных прадуктаў, такіх як сыр ці масла. А менавіта гэты міф транслююць дзяржаўныя СМІ. І магчыма, менавіта гэта і меў на ўвазе Алег Гайдукевіч.

Беларусь трапляе ў топ-4, напрыклад, па сыру, толькі калі еўрапейскія краіны, якія яе апярэджваюць - а гэта Германія, Нідэрланды, Італія, Францыя, Данія і Ірландыя - лічыць як адно цэлае пад назвай Еўрапейскі Саюз. А калі лічыць па краінах, то Беларусь па экспарце сыра ў свеце толькі 9-я. Што таксама ў прынцыпе нядрэнна. Але гэта не пяцёрка найлепшых.

Украіна планавала стварэнне атамнай бомбы

У праграме «Час пакажа», чалавек, які называе сябе былым супрацоўнікам службы бяспекі Украіны, Васіль Прозараў узгадаў Зяленскаму яго заяву аб стварэнні атамнай бомбы.

«Паслухайце, украінская ўлада апошнія некалькі гадоў такія заявы сабе дазваляла ну проста рэальна як вар'яты. Адна заява аб ядзернай зброі, аб бруднай бомбе чаго вартая».

Але праўда ў тым, што Уладзімір Зяленскі ніколі такой заявы не рабіў. На Мюнхенскай канферэнцыі 19 лютага яго гаворка гучала так:

«З 2014 года Украіна тройчы спрабавала склікаць кансультацыі дзяржаў-гарантаў Будапешцкага мемарандума. Тройчы і беспаспяхова. Сёння Украіна зробіць гэта чацвёрты раз. Я ініцыюю правядзенне кансультацый у рамках Будапешцкага мемарандума. Склікаць іх даручана міністру замежных спраў, і, калі яны зноў не адбудуцца або па іх выніках не будзе гарантый бяспекі для нашай дзяржавы, Украіна будзе мець поўнае права лічыць, што Будапешцкі мемарандум не працуе, і ўсе пакетныя рашэнні 1994 года былі падвергнутыя сумневу».

Будапешцкі мемарандум быў падпісаны Украінай, Расіяй, Вялікабрытаніяй і ЗША у 1994 годзе. Згодна з дакументам, Украіна адмовілася ад ядзернай зброі, узамен атрымала гарантыі бяспекі і тэрытарыяльнай цэласнасці. Зяленскі толькі канстатаваў, што зараз у Украіны няма ні ядзернай зброі, ні часткі тэрыторыі, ні бяспекі. Што Расея парушыла дакумент, які падпісала, забраўшы ва Ўкраіны тэрыторыю. А краіны Захаду - не забяспечыўшы бяспеку. Адпаведна, можна лічыць гэты мемарандум непрацоўным.

Аб стварэнні бомбы Зяленскі не сказаў ні слова. Пра гэта якраз заявіла Расея. Пасля гэтага выступу менавіта расейскія СМІ выйшлі з загалоўкамі «Зяленскі вырашыў стварыць ядзерную бомбу». А праз пару дзён ужо - з загалоўкамі «Украіна амаль стварыла брудную ядзерную бомбу».

У сакавіку Зяленскі яшчэ раз у сваім выступленні згадаў мемарандум. На 9 дзень вайны, калі крытыкаваў бяздзейнасць НАТА ў дачыненні да дапамогі Украіне:

«Усё, на што здольны быў Альянс сёння, - гэта правесці праз сістэму сваіх закупак 50 тон дызельнага паліва для Украіны. Напэўна, для таго каб мы маглі спаліць Будапешцкі мемарандум, каб ён лепш гарэў».

Расейскія медыі тут жа тлумачылі гэтыя словы як «Украіна створыць ядзерную зброю з-за НАТА».

Гэта значыць, спачатку ўсё прывыклі да сцвярджэння, што Украіна мае намер стварыць бомбу. А зараз госць «1-га канала» зусім пайшоў далей і канкрэтызаваў выдумку расійскіх СМІ - удакладніўшы, што гаворка ідзе аб так-званай бруднай бомбе.

У Францыі — шалёны рост коштаў

Беларускія і расійскія СМІ зараз актыўна распавядаюць, як дрэнна жывецца ў Еўропе. Нядаўна яны сталі цытаваць размову прэзідэнта Францыі Эмануэля Макрона з суайчыннікам, які вельмі эмацыйна паскардзіўся Макрону на рост коштаў у Францыі. Вось як гэта зрабіў беларускі дзяржаўны тэлеканал АНТ. 

«Я разумею, што вы хочаце мне расказаць пра Украіну і пра Пуціна.. Лёгка сказаць знізіце дома тэмпературу на 2-3 градусы, не трэба мне гэта казаць. Я гэта ўжо зрабіў. Гэта жудасна месье прэзідэнт, хадзіць у краму, жудасна запраўляцца. Скажу вам сапраўды, у мяне была зарплата, якая дазваляла мне жыць годна. Я мог адкладаць з заробку грошы, мог паехаць у водпуск. Сёння я стаў жабраком. Стаў жабраком служачым. Становішча катастрафічнае. Як можна заправіць палівам бак, калі гэта каштуе 140 еўра? Кошт паліва ўзняўся за 48 гадзін. Як гэта магчыма?», - прыводзіць кіроўны словы француза. І ад сябе каментуе:

“Ну вы бачыце. Разбіваецца міф аб Еўропе, які існуе ў галовах некаторых нашых суграмадзян, якія абвыклі блытаць турызм з іміграцыяй. Там далёка не ўсе мулаты ходзяць у белых штанах».

Тэлеканал «Мір» гэтую навіну падаў так:

«Я стаў жабраком: француз накрычаў на Макрона з-за высокіх коштаў на бензін». 

Праўда, ні «Мір», ні тэлеканал ОНТ не сказаў, колькі ж зарабляе гэты жабрак француз. Хоць у гутарцы з Макронам ён пра гэта казаў:

«Я і мая жонка, мы зарабляем 4000 эўра ў месяц. 5-га чысла месяца, калі ўсе мае рахункі аплачаны, у мяне застаецца 0! 0, гэта значыць у мяне нічога не застаецца!» 

Гэта значыць, француз аказваецца не зусім і жабрак, а штомесячны даход ягонай сям'і складае 4 тысячы еўра. А абураны ён тым, што яго выдаткі зараз складаюць тыя ж 4 тысячы, і ён нічога не адкладае.

І, дарэчы, яго прызнанне здзівіла нават саміх французаў. Французскія СМІ і карыстальнікі ў сацсетках прыняліся абмяркоўваць, чаму за 4 тысячы еўра гэтая сям'я не можа звесці канцы з канцамі. Сярэдні заробак там - 2340 еўра чыстымі, у той час як у Беларусі - крыху больш за 500 еўра бруднымі.

І дарэчы. З сямейным прыбыткам у 4 тысячы эўра ў месяц гэты француз можа дазволіць сабе 2000 літраў бензіну. Гэта пры тым, што літр бензіну ў Францыі каштуе 2 еўра. У Беларусі ён каштуе 2 рублі 20 капеек. У тры разы менш, але каб сям'я з 2 чалавек у Беларусі магла купіць столькі ж бензіну, колькі гэты француз яны павінны зарабляць на дваіх 4400 беларускіх рублёў або па цяперашнім курсе - каля 1350 еўра.