Гаворка пра адукацыю насельніцтва Заходняй Беларусі з 1922 па 1939 гады зайшла 16 верасня 2025 года ў праграме «Азаронак. Наўпрост». Аналітык БІСД Аляксей Аўдонін распавёў, што польскія ўлады знішчылі амаль усе школы на тых тэрыторыях:
«Якія школы? Забудзьцеся школу! Мы ўжо сказалі, што школ ніякіх не было. На тэрыторыі Усходніх Крэсаў (польск. Kresy Wschodnie, ад польскага слова “крэс” — мяжа, канец, край — рэд.) была знішчана ўся інфраструктура школ. Да 1922 года там было 450, па-мойму, школ. Каля 40 засталося. Чаму? Адукаванае насельніцтва рэжыму [першага кіраўніка адроджанай у 1918 годзе Польскай дзяржавы Юзэфа] Пілсудскага не трэба было, і, як вынік, мая бабуля з 7 гадоў пайшла працаваць».
Беларусам на тэрыторыі Заходняй Беларусі ў той час сапраўды было складана атрымаць адукацыю, але тычылася гэта толькі адукацыі на роднай мове. З 37 беларускамоўных школ на пачатку 1920-х да 1939 года захаваліся толькі адзін ліцэй і адна гімназія. Але тое, што беларусы засталіся зусім без адукацыі, — няпраўда. Школ наадварот стала больш. Толькі выкладалі там на польскай мове.
На пачатку 1920-х у Віленскім ваяводстве, куды ўваходзілі, напрыклад, Ашмяны, Вялейка і Маладзечна, было 1172 школы, а да канца 1930-х іх стала яшчэ на 277 больш. За той жа перыяд больш школ запрацавала і ў Наваградскім ваяводстве — было 881, да канца 1930-х стала 1227.