Антыфэйк / фактчэк

27 чэрвеня

У доларах беларусы зарабляюць менш за ўсіх у СНД? Праверылі словы эксперткі «Еўрарадыё»

Больш зарабляюць расейцы, казахі, малдаване і армяне.

Аўтары:
Рэдактары:
Дата з'яўлення фэйка: 14.06.2024
Беларусы летась зарабілі на 21% больш, чым у 2022-м. Калі лічыць у рублях. У доларах жа іх заробкі — самыя нізкія сярод краін СНД, распавяла экспертка ў эфіры «Еўрарадыё». Каманда Weekly Top Fake праверыла гэтую інфармацыю.

Пра беларускія заробкі гаворка зайшла 14 чэрвеня 2024 года ў эфіры «Еўрарадыё». Аліса Рыжычэнка, экспертка ў сферы дзяржаўнага кіравання і міжнароднага развіцця, распавяла, колькі зарабляюць беларусы ў параўнанні з жыхарамі іншых краін СНД.

«У нас на сённяшні дзень толькі за мінулы год павелічэнне намінальнага заробку ў 20%, рэальнага — у 13% за год. Гэта самы высокі паказнік па краінах СНД. Пры гэтым у доларах усё роўна мы атрымліваем практычна ніжэй, чым усе астатнія краіны СНД», — заключыла экспертка. 

Сярод усіх краін СНД у Беларусі заробкі сапраўды раслі хутчэй за ўсіх. За год яны павялічыліся ў рублях на 21%. 

Памылілася Аліса Рыжычэнка ў ацэнцы заробкаў у доларах. Паводле апошняй на момант публікацыі статыстыкі па краінах СНД, Беларусь па ўзроўні заробкаў знаходзіцца пасярэдзіне. Больш зарабляюць расейцы, казахі, малдаване і армяне. А менш — жыхары Азербайджану, Узбекістану, Кыргызстану і Таджыкістану.