Першыя пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне перамовы прадстаўнікоў Расеі і ЗША прайшлі ў Саудаўскай Аравіі 18 лютага 2025 года. Абмяркоўваючы гэтую сустрэчу, Алена Панамарова ў праекце «У тэме» на ютуб-канале БелТА праз два дні заявіла, што Уладзімір Зяленскі да апошняга чакаў запрашэння на яе:
«Паводле звестак інсайдаў, ён (Уладзімір Зяленскі — рэд.) дзесьці цёрся побач. І спачатку прыехаў у Абу-Дабі, там пажыў у нейкім дарагім гатэлі. Потым падаўся ў Эр-Рыяд, каб на падхваце быць, калі што, можа быць, нават дзяжурыць каля ўваходу ў каралеўскі палац, каб яго заўважылі».
Напярэдадні перамоваў Расеі і ЗША — 16 і 17 лютага — Уладзімір Зяленскі сапраўды быў у Абу-Дабі. Там ён сустрэўся з лідарам Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў. Бакі падпісалі пагадненне, якое спрашчае продаж украінскіх тавараў у ААЭ.
Але ў Саудаўскую Аравію Зяленскі не паехаў і ў дзень перамоваў не мог быць каля каралеўскага палацу. Прэзідэнт Украіны 18 лютага быў у Анкары, дзе сустрэўся з прэзідэнтам Турцыі Рэджэпам Эрдаганам. Яны абмеркавалі «глабальныя працэсы, якія могуць спрыяць спыненню вайны» і ўмацаванне партнёрства паміж краінамі. Акрамя таго, Зяленскі заявіў, што не ведаў пра перамовы Расеі і ЗША ў Эр-Рыядзе. Для яго гэта стала нечаканасцю, праз якую ён перанёс даўно запланаванае наведванне Саудаўскай Аравіі з 19 лютага на сакавік.