Брытанская разведка паведаміла аб 200 тысячах загінуўшых байцоў ВСУ
Брытанская разведка афіцыйна паведаміла, што ВСУ страцілі 200 тысяч забітымі. Пра гэта паведаміла вядучая АТН Ксенія Лебедзева ў перадачы «Гэта іншае», калі яна расказвала аб абмене палоннымі паміж Украінай і Расіяй.
«На фоне амаль 200 тысяч “двухсотых”, гэта значыць забітых, а гэта афіцыйныя дадзеныя, прадстаўленыя брытанскай разведкай, для чыноўнікаў украіны падзеі выглядаюць, напэўна, вельмі аптымістычна. Але тут трэба адзначыць, што для Зялёнскага інваліды азаўцы значна каштоўнейшыя за звычайныя ВСУшнікі».
Мінабароны Вялікабрытаніі сапраўды публікуе рэгулярныя зводкі па Украіне, абапіраючыся, у тым ліку, на свае разведдадзеныя. У прыватнасці, у гэтых зводках сцвярджалася, што ў Расіі яшчэ ў маі выбыла са строю трэць сіл, з тых, што ўварваліся ва Украіну, а ў чэрвені ўзровень страт войскаў ДНР ацэньваўся ў 55% ад сваёй першапачатковай колькасці. А вось пра ўкраінскія страты брытанскае Мінабароны нічога не піша.
«Нью-Ёрк Таймс» яшчэ ў пачатку лета адзначыў, што і Кіеў, і Захад устрымліваюцца ад публікацыі ўкраінскіх страт.
«На працягу ўсёй вайны стан украінскіх узброеных сілаў было цяжэй ацаніць па агульнадаступных крыніцах, чым стан расейскіх сілаў уварвання. У пачатку вайны ў Данбасе было дыслакавана каля 30 тысяч украінскіх вайскоўцаў. Украінскі ўрад у значнай ступені ўтаіў дадзеныя аб стратах, а ўрады заходніх краін не прадставілі адзнак, як у выпадку з расейскімі войскамі».
Самі брытанскія СМІ, калі пішуць аб стратах ВСУ, спасылаюцца альбо на нячастыя выказванні ўкраінскіх чыноўнікаў у прэсе, ці ж на неназваныя справаздачы, цытуюць - украінскіх і заходніх прадстаўнікоў разведкі.
«У справаздачы, з якой азнаёмілася The Independent, гаворыцца, што пагаршэнне сітуацыі на Данбасе, калі штодня гіне да сотні салдат, аказвае сур'ёзны дэмаралізуючы эфект на ўкраінскія сілы».
Брытанскі Фаненшэнал таймс прыводзіць падобныя дадзеныя.
«Кіеў губляў ад 100 да 200 салдат у дзень, у тым ліку некаторых са сваіх самых баяздольных салдат, і яго некалі браніраваны баявы дух пахіснуўся».
Гэта значыць, калі пералічыць гэтыя страты на 150 дзён вайны, то за гэтымі лічбамі стаіць 15-30 тысяч загінуўшых украінскіх вайскоўцаў.
Пра 200 тысяч загінулых пісалі толькі расейскія СМІ са спасылкай на амерыканскага генерал-лейтэнанта Стывена Твіці.
«Баявыя страты Узброеных сіл Украіны (ВСУ) могуць дасягаць адзнакі ў 200 000 чалавек. Такі пункт гледжання выказаў амерыканскі генерал-лейтэнант Стывен Твіці, які раней займаў пасаду намесніка кіраўніка Еўрапейскага камандавання Злучаных Штатаў (EUCOM), піша нямецкае выданне Linke Zeitung (Лінцы Цайтунг)».
У перакладзе на рускую Лінку Цайтунг - гэта Левая Газета. Але публікацыя пра 200 тысячаў загінулых украінскіх жаўнераў, гэта нават не ўласны матэрыял гэтай нямецкай газэты, а перадрук з пракрамлёўскага парталу з падманлівай назвай «Свабодная прэса».
Што тычыцца выказвання генерал-лейтэнанта Стывена Твіці пра 200 тысяч ўкраінскіх вайскоўцаў, то мы знайшлі яго выказванне на амерыканскім партале «Рада па міжнародных адносінах». І вось у інтэрвію, разьмешчаным на гэтым партале, генэрал Твіці кажа наступнае:
«І я таксама хачу нагадаць вам, што мы шмат чуем пра рускія ахвяры і рускія страты. Мы вельмі мала чуем аб украінскіх стратах, і майце на ўвазе, што яны таксама губляюць салдат на працягу ўсёй гэтай вайны. Яны стартавалі прыкладна з двухсот тысяч. Хто ведае, дзе яны сёньня? І таму цяжка набіраць і падтрымліваць такі ўзровень прафесіяналізму ў гэтым войску».
Такім чынам, генерал-лейтэнант Твіці сказаў, што Украіна стартавала вайну з двухсоттысячнай арміяй, якая нясе страты. Расейскі пракрамлёўскі партал «Свабодная Прэса» піша што, па словах Твіці, 200 тысяч - гэта страты ўкраінскага войска. Гэты матэрыял перадрукоўвае нямецкае выданне. Далей Маскоўскі камсамолец піша аб двухстах тысячах украінскіх страт, спасылаючыся ўжо на нямецкую прэсу. Ну і нарэшце супрацоўніца беларускага дзяржтэлебачання, замінаючы ўсё ў кучу, называе гэтую лічбу афіцыйнымі дадзенымі брытанскай разведкі.