Журналісты БРЦ выявілі як мінімум 20 аб'ектаў у Крыме, якія набылі кампаніі, звязаныя з асяроддзем Віктара Шэймана, аднаго з найбліжэйшых паплечнікаў Аляксандра Лукашэнкі. Сярод іх – памяшканні ў Алушце, Сімферопалі, Севастопалі, абʼекты ў Джанкоі, Керчы і Ялце. У розныя перыяды гэтай нерухомасцю валодалі розныя кампаніі, але да канца 2022 года ўсе абʼекты перайшлі да зарэгістраванага ў Сімферопалі ООО «Первая инвестиционная компания» (далей – ПИК). Як і ў іншых нашых расследаваннях, фігуранты перадавалі актывы ад адной фірмы да іншай, ускладняючы выяўленне канчатковых бенефіцыяраў. Пры гэтым у структурах на розных этапах зʼяўляліся адныя і тыя ж людзі.
«Крым з'яўляецца інвестыцыйна непрывабнай тэрыторыяй пасля 2014 года. Зразумела, што на яго распаўсюджваюцца ўсе віды санкцыяў. ... З іншага боку, гэта вельмі прывабная тэрыторыя для тых, хто хацеў бы адмываць свае брудныя грошы, хаваць актывы, набытыя не зусім законным ці нават адкрыта злачынным спосабам. І такім чынам Крым ператварыўся ў такую шэрую зону, дзе шматлікія фінансавыя маніторынгавыя механізмы недаступныя», – сказала ў каментары БРЦ галоўная рэдактарка крымскага «Цэнтру журналісцкіх расследаванняў» Валянціна Самар.
Цень Шэймана
Перш чым перайсці кампаніі ПИК, два памяшканні – у Алушце (больш за 100 кв. м у цэнтры курорта, у дзесяці хвілінах хады ад набярэжнай) і ў Сімферопалі (нежылая частка дому ў цэнтры крымскай сталіцы) – змянілі двух уладальнікаў. У канцы 2020 года новым уласнікам гэтых аб'ектаў, якія раней належалі ўкраінскім банкам, стала ТзОВ «Шольц-Транс». Кампанія была зарэгістраваная ва Украіне на Марыю Назаркевіч. [*] [*] Яе муж бізнесовец Віталь Бобыр і свякроў Ірына Бобыр фігуравалі ў расследаванні БРЦ пра схему абыходу санкцыяў па продажы люксавых аўтаў. Тады мы знайшлі шэраг ускосных сувязяў паміж імі і Віктарам Шэйманам. [*]