Ракеты з Беларусі, станкі з Кітаю
БРЦ высветліў, што менскае ЗАТ «КББВ» заключыла дамову на вытворчасць і пастаўку сваіх распрацовак з ТАА «НПА “ИЖБС”». Гэта прадпрыемства ўваходзіць у АТ «Концерн “Калашников”» і знаходзіцца пад санкцыямі Еўразвязу, ЗША і іншых краінаў. Гаворка ідзе пра малагабарытныя крылатыя ракеты «Аскалон» і ўдарны беспілотнік «Міратворац». Пра дамову БРЦ даведаўся з даведкі міністэрства прамысловасці і гандлю рэспублікі Дагестан. У ёй КББВ называюць пастаўшчыком сілавых структур Беларусі і Расеі.
Акрамя факту заключэння дамовы мы выявілі адну пастаўку ад КББВ на адрас «НПА “ИЖБС”». Паводле мытных дадзеных, у сакавіку 2024 года кампанія адправіла ў Расею «маторны транспартны сродак для перавозкі грузаў» за $67 тыс. і двухтонны кантэйнер за $153 тыс.
Пастаўкі ідуць і ў другі бок. З пачатку 2022 года па травень 2025-га кампанія закупіла ў Расеі розных тавараў і кампанентаў замежнага паходжання на $221 тыс. Сярод іх былі і санкцыйныя. Краінай паходжання большасці гэтых тавараў у суправаджальных дакументах пазначаны Кітай (іх кошт — каля $200 тыс.). Найчасцей гэта былі электрапрывады сістэм аўтаматызацыі для дакладнага пазіцыянавання, а таксама станкі — металарэжучыя такарныя і фрэзерныя.
Заходняя «санкцыёнка» кітайскага паходжання
У ліпені 2024 года Еўразвяз увёў абмежаванні на продаж у Беларусь некалькіх групаў тавараў, «якія маглі б спрыяць развіццю беларускага прамысловага патэнцыялу». Забарона датычыць прадукцыі, вырабленай як на тэрыторыі ЕЗ, так і па-за яго межамі. Адна з такіх груп — металарэжучае абсталяванне. У ліпені 2024-га КББВ, ужо пасля ўвядзення санкцыяў, закупіла фрэзерныя станкі Optimill MH25SV і Optimill MB4PV нямецкага брэнду Optimum. Таварны знак належыць кампаніі Stürmer Maschinen GmbH. Але канкрэтна гэтыя станкі, як указана ў суправаджальных дакументах, вырабленыя ў Кітаі.
Беларускай фірме станкі нямецкага брэнду паставіла расейскае ТАА «ПГ Векпром», якое звязана з ваеннай прамысловасцю і знаходзіцца пад санкцыямі ЗША. У Расею яны трапілі наўпрост ад вытворцы. «ПГ Векпром» набыла іх у студзені, чэрвені і лістападзе 2023 года ў кітайскай Yangzhou Developping IMP. & EXP. CO., LTD. Гэтая кампанія ўваходзіць у групу Yangzhou Euro Group, часткай якой таксама з’яўляецца OPTIMUM (Yangzhou) Machinery Co., Ltd. — вытворца тавараў нямецкага брэнда Optimum у Кітаі.
У чэрвені 2023 года ЕЗ увёў экспартны кантроль на продаж гэтай катэгорыі прадукцыі ў Расею. Гэта значыць, што кітайская кампанія парушыла забарону Еўразвяза. Свядома ці не — пра гэта мы спыталі ў запыце, які накіравалі Yangzhou Developping IMP. & EXP. CO., LTD і Stürmer Maschinen GmbH.
Прадстаўнік кітайскай кампаніі адказаў БРЦ, што не вядзе бізнес з «ПГ Векпром» ужо каля двух гадоў, а ў Расею і Беларусь Yangzhou Developping прадае «толькі невялікія станкі (D.I.Y. прадукцыю), экспарт якіх дазволены ўрадам Кітая».
КББВ трапіла ў поле зроку журналістаў БРЦ не ўпершыню. У адным з папярэдніх расследаванняў мы высветлілі, што ў снежні 2022-га, а таксама ў студзені і сакавіку 2023-га кампанія прадала расейскім прадпрыемствам, звязаным з ваеннай прамысловасцю, 28 беспілотнікаў верталётнага тыпу амаль на $12 млн. Як і ў мінулы раз, наш ліст з пытаннямі кампанія праігнаравала. На момант публікацыі не атрымалі мы каментар і ад «ПГ Векпром».