Расследаванні

26 сакавіка

Соль у мяшку. Прадукцыю «Беларуськалію» перайменавалі і прадаюць ЕЗ у абыход санкцыяў

Усе ўдзельнікі схемы дастаўкі тавару шчыльна звязаныя паміж сабой.

Аўтары: Марына Волкава, Алена Прыходзька
Рэдактары: Лола Бурыева, Максім Саўчук, Станіслаў Івашкевіч
Юрый Хруль, Аляксандр Багачэнка, Дзмітрый Шаламіцкі
Крыніца: «Кіберпартызаны», «ВКонтакте» / Юрый Хруль, Аляксандр Багачэнка, Дзмітрый Шаламіцкі. Калаж створаны з выкарыстаннем ШІ
Беларускія кампаніі наладзілі вытворчасць і пастаўкі ў ЕЗ новай прадукцыі — антыгалалёднага рэагенту Norta. БРЦ высветліў, што пад гэтай назвай хаваецца тэхнічная соль, якую да ўвядзення абмежаванняў Беларусь у вялікіх аб’ёмах экспартавала ў Еўразвяз. Яе рэальны вытворца — падсанкцыйны «Беларуськалій».

Расследаванне падрыхтаванае сумесна з «Супольнасцю чыгуначнікаў Беларусі» і пры падтрымцы «Кіберпартызанаў».

«Я не вышукнік, як вы, ці яшчэ хтосьці. Я не езджу, не гляджу, хто і што там робіць. Ёсць тавар, ёсць фірма. Фірма не пад санкцыямі, тавар не пад санкцыямі. І я набываю гэты тавар. Усё... Няма такога заканадаўства, што я абавязаны дзесьці ездзіць, шукаць вытворчасць і яшчэ штосьці такое», — так уладальнік польскай кампаніі JP Company Юрый Хруль адказаў на пытанне журналіста БРЦ, ці ведае ён пра паходжанне тавару, які набывае ў Беларусі.

Закону, які абавязвае пакупніка правяраць паходжанне сыравіны і этапы вытворчасці тавару, сапраўды няма. Але мы, як выказаўся фігурант нашага расследавання, «вышукнікі», і з дапамогаю звестак з усяго аднаго дакументу выкрылі схему абыходу еўрапейскіх санкцыяў супраць буйнога беларускага прадпрыемства.

Невыпадковая метамарфоза

У Беларусі ў верасні 2022 года зацвердзілі тэхнічныя ўмовы для новай прадукцыі — антыгалалёднага рэагенту для аўтамабільных дарог і тратуараў Norta (у розных дакументах сустракаецца напісанне NORT_A, NORT A). У іх прапісаныя нормы і правілы вытворчасці канкрэтнага тавару, якія распрацоўвае прадпрыемства, калі плануе яго выпускаць. Першым вытворцам Norta у дзяржаўным каталогу прадукцыі лічыцца ТАА «Еўрапейскае аграрнае агенцтва». Да траўня 2024-га з'явіліся яшчэ два — «Комплексныя ўгнаенні» і «Кампанія тэхнікі і сэрвісу».

Айчынны тавар зацікавіў пакупнікоў з Еўразвязу. Кампанія «Комплексныя ўгнаенні» ў сакавіку 2024 года павінна была паставіць 66 тонаў Norta польскай фірме JP Company. Гэта напісана ў сертыфікаце якасці, які БРЦ атрымаў ад крыніцы ў сферы грузаперавозак. Мы звярнулі ўвагу на код тавару, пазначаны ў дакуменце: хоць прадукт называецца «матэрыял супрацьгалалёдны», ягоная маркіроўка адпавядае хларыду натрыю. Доля ўтрымання гэтага рэчыва ў Norta — 98,2%. Такі ж склад у галіту або тэхнічнай солі, якую Беларусь гадамі экспартавала ў ЕЗ. [*]

Галіт, каменная або тэхнічная соль — гэта

мінеральны канцэнтрат з утрыманнем хларыду натрыю больш 90%. Здабываюць яго ў тым ліку як спадарожны прадукт падчас здабычы калію. У адрозненні ад паваранай, тэхнічная соль не прызначаная для ўжывання ў ежу. Галіт выкарыстоўваецца ў прамысловасці, для ачысткі вады, барацьбы з галалёдам і ў іншых мэтах.

У гэтым жа сертыфікаце якасці мы заўважылі дзве дэталі, якія паказваюць, што тэхнічная соль ператварылася ў супрацьгалалёдны матэрыял Norta не выпадкова.

Санкцыйны каталізатар

У дакуменце прапісаны адрас рэгістрацыі беларускай кампаніі-пастаўшчыка «Комплексныя ўгнаенні»: аграгарадок Рачэнь Менскай вобласці, вуліца Садовая, 54. У гэтым жа будынку зарэгістраванае ААТ «Рачэнь». Яно ўваходзіць у склад холдынгу «Беларускалій-Агра», якім кіруе «Беларускалій-Агра» — кіруючая кампанія холдынгу «Беларускалій-Агра». Бенефіцыяр апошняга — дзяржаўнае прадпрыемства «Беларуськалій». [*] [*] [*] [*]

Крыніца: kaliagro.by, крыніца ў сферы перавозак. Калаж створаны з выкарыстаннем ШІ

ААТ «Беларуськалій» — найбуйнейшы ў краіне вытворца і экспарцёр тэхнічнай солі ў ЕЗ, больш за ўсё гэтага тавару набывае Польшча. Беларусь у 2021 годзе паставіла ў Еўразвяз харчовых і нехарчовых соляў больш чым на €21 млн. Каля €18 млн з іх прынёс галіт. У чэрвені 2022-га «Беларуськалій» трапіў пад санкцыі ЕЗ і экспарт абрынуўся. За год Беларусь прадала тэхнічнай солі крыху больш чым на €9,5 млн. А ў 2024-м сума ад продажу аказалася яшчэ больш сціплай — каля €6 млн, €5 млн з якіх прыйшлося на галіт. [*] [*]

Санкцыі Еўразвязу павінныя былі спыніць экспарт прадукцыі «Беларуськалію» на ягоную тэрыторыю. Але нумар вагону, у якім перавозілі тавар кампаніі «Комплексныя ўгнаенні» для польскай фірмы JP Company, паказаў на непасрэднае дачыненне падсанкцыйнага прадпрыемства да вытворчасці і пастаўкі Norta. З дапамогай гэтай унікальнай паслядоўнасці з васьмі лічбаў у спецыяльнай базе можна даведацца, каму ён належыць. Паводле інфармацыі «Супольнасці чыгуначнікаў Беларусі», вагонам валодае «Беларуськалій». І перавозілі ў ім, хутчэй за ўсё, прадукцыю беларускага калійнага прадпрыемства пад выглядам супрацьгалалёднага матэрыялу «Комплексных угнаенняў». [*]

Дзмітрый Шаламіцкі
Крыніца: «Кіберпартызаны», «Одноклассники» / Дзмітрый Шаламіцкі. Калаж створаны з выкарыстаннем ШІ

«З верагоднасцю, якая імкнецца да 100%, гэта адзін і той жа мінерал. Ці дакладней, напэўна, будзе казаць, мінералагічная сыравіна. Аднолькавы ён, як з пункту гледжання пераліку магчымых дамешкаў, так і з пункту гледжання паказнікаў утрымання канцэнтрацыі тых самых дамешкаў. Ніякіх утылітарных маркёрных злучэнняў акрамя звычайнай солі, хларыду натрыю, тут у прынцыпе няма», — патлумачыў БРЦ хімік Сяргей Бесараб, якога мы папрасілі параўнаць хімічныя склады Norta і галіту «Беларуськалію».

Здавалася б, мы цалкам разблыталі гэтую схему абыходу санкцыяў. Але падчас тэлефоннай размовы з уласнікам прадпрыемства-пастаўшчыка Norta, раскрыліся новыя факты.

Звязаныя адной соллю

Кампаніяй «Комплексныя ўгнаенні» валодае Дзмітрый Шаламіцкі — экс-намеснік старшыні Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці (яе лідар Аляксандр Хіжняк быў адным з кандыдатаў на прэзідэнцкіх выбарах-2025). Журналіст БРЦ пад выглядам патэнцыйнага пакупніка Norta звязаўся з ім праз тэлефон, каб распытаць, дзе фірма бярэ галіт. Шаламіцкі адказаў, што «Комплексныя ўгнаенні» займаюцца выключна ўгнаеннямі:

«Мы гэтым (вытворчасцю антыгалалёднага матэрыялу Norta — рэд.) не займаемся. Значыць, мы перадалі правы іншай кампаніі». [*]

Якой менавіта, суразмоўца не распавёў. Аднак мы знайшлі шчыльныя сувязі паміж «Комплекснымі ўгнаеннямі» і яшчэ дзвюма фірмамі, пра якія згадвалі ў пачатку расследавання. Кампанія Дзмітрыя Шаламіцкага да лютага 2024 года была адным з заснавальнікаў ТАА «Еўрапейскае аграрнае агенцтва». Прадстаўнік «Беларуськалію» пацвердзіў журналісту БРЦ, што апошняя набывае ў іх падсанкцыйную тэхнічную соль:

«Так. Яно («Еўрапейскае аграрнае агенцтва» — рэд.) з нашага галіту вырабляе “Норту” і самастойна яе рэалізуе». [*] [*]

Ані кампанію «Еўрапейскае аграрнае агенцтва», ані «Комплексныя ўгнаенні» нельга лічыць вытворцам супрацьгалалёднага рэагенту Norta.

Паводле беларускага заканадаўства, «вытворцам прадукцыі прызнаецца юрыдычная асоба альбо ІП», якія ў працэсе вытворчасці здзяйсняюць «вытворчыя і тэхналагічныя аперацыі» па перапрацоўванні або апрацоўванні матэрыялаў. Да прадукцыі ўласнай вытворчасці адносіцца прадукт, цалкам атрыманы вытворцам або падвергнуты ім дастатковай перапрацоўцы.

У працэсе атрымання супрацьгалалёднага матэрыялу з тэхнічнай солі «Беларуськалію», са словаў хіміка Сяргея Бесараба, ніякіх хімічных зменаў не адбываецца.

«У тэхнічных умовах звычайна пазначаюцца функцыянальныя дадаткі (напрыклад, супрацьзлёжвальны агент — рэд.). Іх тут (у тэхнічных умовах на вытворчасць Norta — рэд.) няма. Гэта ўсё тая ж звычайная тэхнічная соль. Таксама, калі ствараецца нейкая кампазіцыя рэчываў, то часцей за ўсё пад гэта пішацца асобная рэцэптура. І на яе ўжо робіцца спасылка ў тэхнічных умовах. У нашым выпадку пра рэцэптуру гаворка таксама не ідзе. А значыць няма значных зменаў складу той самай солі. <...> Гэта ўсё папяровая праца (маецца на ўвазе, што Norta — новы тавар толькі паводле дакументаў — рэд). Нейкія папяровыя махінацыі. Я не бачу ніякіх хімічных зменаў у прынцыпе». 

На момант выхаду матэрыялу «Еўрапейскім аграрным агенцтвам» валодаюць «Беларускалій-Агра» — кіруючая кампанія холдынгу «Беларускалій-Агра» і эстонская фірма European Agricultural Agency. У эстонскай кампаніі ёсць доля беларускага бізнесоўцы Аляксандра Багачэнкі. [*]

Бізнес-партнёр Багачэнкі Юрый Хруль — сузаснавальнік польскай фірмы JP Company, той самай, якая ў атрыманым намі сертыфікаце якасці значыцца грузаатрымальнікам Norta. Аб тым, што Norta — гэта забаронены да ўвозу ў ЕЗ прадукт «Беларуськалію», уладальнік JP Company не ведаў. Прынамсі так ён сказаў у тэлефоннай размове з журналісткай БРЦ: «Ніякі галіт я не набываю. Я набываў супрацьгалалёдны матэрыял Norta». [*]

Аляксандр Багачэнка, Юрый Хруль
Крыніца: «Кіберпартызаны» / Аляксандр Багачэнка, Юрый Хруль. Калаж створаны з выкарыстаннем ШІ

А так выглядаў дыялог паміж Юрыем Хрулём і журналісткай пасля ейнай заўвагі аб тым, што склады падсанкцыйнай тэхнічнай солі і супрацьгалалёднага матэрыялу не адрозніваюцца:

— Няпраўда, няпраўда, няпраўда. Вы вазьміце дадзеныя галіту і вазьміце дадзеныя Norta. Яны адрозніваюцца.

— Мы так і зрабілі.

— Яны адрозніваюцца.

— Не.

— Яны адрозніваюцца…

Хруль дадаў, што каб атрымаць Norta з галіту, яго апрацоўваюць, але не ўдакладніў, якім чынам. Скончылася гэтая размова абяцаннем адказаць на пытанні, якія мы даслалі ў афіцыйным запыце JP Company. На момант выхаду расследавання адказ не прыйшоў.

Трэці — не лішні

Галіт «Беларуськалію» ў Польшчу пастаўляе яшчэ адна кампанія — трэцяя з тых, што зацвердзілі тэхнічныя ўмовы для выпуску Norta, — «Кампанія тэхнікі і сэрвісу». Толькі яна ў 2024-м вазіла мінеральны канцэнтрат для польскай JP Company. Паводле звестак «Супольнасці чыгуначнікаў Беларусі», за год беларускі пастаўшчык адправіў 716 вагонаў тэхнічнай солі. Гэта каля 50 тыс. тонаў. Нягледзячы на тое, што ў транспартных дакументах тавар называецца тэхнічнай соллю, у кампаніі-пастаўшчыку яе называюць па-іншаму. [*]

«У нас галіту няма. У нас ёсць супрацьгалалёдны матэрыял Norta», — удакладніў прадстаўнік фірмы ў тэлефоннай размове з журналістам, які прадставіўся пакупніком з Польшчы.

Сузаснавальнік ТАА «Кампанія тэхнікі і сэрвісу» — Павел Багачэнка, брат жонкі Аляксандра Багачэнкі (ён узяў прозвішча жонкі, уласная — Баран). У Паўла ёсць сумесны бізнес у Польшчы з сузаснавальнікам JP Company Юрыем Хрулём — кампанія JP PLUS. [*] [*] [*]

Мы паспрабавалі звязацца з Аляксандрам Багачэнкам, каб распытаць пра пастаўкі тэхнічнай солі «Беларуськалію» ў Польшчу, аднак ён не ўзяў слухаўку. На нашыя запыты «Беларуськалій», «Еўрапейскае аграрнае агенцтва», «Комплексныя ўгнаенні» і «Кампанія тэхнікі і сэрвісу» не адказалі.