У яго ўваходзяць пілаваны брус і дошкі, фанера і ДСП, драўняныя пялеты і брыкеты. У Еўразвязе асноўнымі пакупнікамі гэтых тавараў беларускай вытворчасці былі Польшча, Літва, Латвія, Германия і Нідэрланды.
У сакавіку 2022 года ЕЗ увёў новы пакет санкцый супраць афіцыйнага Менска за падтрымку расейскага ўварвання ва Украіну. Экспарт у Еўропу прадукцыі пад кодам 44 апынуўся пад поўнай забаронай. Рэгулятары далі пастаўшчыкам адтэрміноўку да 4 чэрвеня, каб яны маглі дапрадаць аб'ёмы, закантрактаваныя да аб'яўлення санкцый.
У выніку з чэрвеня 2022 года пастаўкі драўніны ў ЕЗ з Беларусі абваліліся больш чым у 30 разоў, што вынікае са звестак Еўрастату.
Імпарт ЕЗ тавараў з кодам 44 з Беларусі, даныя Еўрастата
Суаднесці іх з беларускай статыстыкай немагчыма: Белстат засакрэціў свае дадзеныя па экспарту, прычым не толькі ў ЕЗ, але і ў краіны СНД. БРЦ высветліў, навошта гэта магло спатрэбіцца.
Попыт нараджае прапанову
Забарона на імпарт беларускага лесу прывяла да дэфіцыту ў некаторых краінах ЕЗ. Менш чым праз тыдзень пасля пачатку дзеяння санкцый намеснік міністра навакольнага асяроддзя Літвы заявіў аб вострым недахопе драўніны ў краіне. Падобная сітуацыя склалася на імпартных рынках Эстоніі і Польшчы.
Польшча частку драўніны купляла праз фірму «БЛК Трэйдынг», абрэвіятура якой расшыфроўваецца як «Беларуская Лясная Кампанія». Яна зарэгістраваная ў Польшчы як прыватная юрыдычная асоба, але яе ўладальнік – беларускае дзяржаўнае прадпрыемства дрэваапрацоўкі «Мастоўдрэў».
«БЛК» пастаўляла ў Польшчу прадукцыю 9 беларускіх вытворцаў, а сярод яе кліентаў былі пастаўшчыкі IKEA, пра што БРЦ распавёў супрацоўнік трэйдару. Характэрна, што кампанія гандлявала выключна вырабамі пад санкцыйным кодам 44. У 2021 годзе аб'ёмы паставак дасягнулі прыкладна $34 мільёнаў, але сёлета павінны былі істотна знізіцца з-за санкцый. [*]
Каб праверыць гэта, БРЦ атрымаў дакументы ўзаемных разлікаў паміж «БЛК» і «Мастоўдрэў» за 2022 год. На канец верасня трэйдар пералічыў свайму ўладальніку амаль $17 мільёнаў.
Гэта толькі ўдвая менш, чым за цэлы 2021 год. У «Мастоўдрэў» БРЦ патлумачылі, што не атрымліваюць ад «БЛК» грошы за прадукцыю, якая патрапіла пад санкцыі ЕЗ. Аднак на сайце польскага трэйдара пазначана, што яны гандлююць выключна таварамі пад забароненым кодам 44. У «Мастоўдрэў» адмовіліся каментаваць дадатковыя пытанні. Мы даслалі ім запыт і чакаем адказ. У «БЛК» нам паведамілі, што кампанія не правяла ніводнай пастаўкі і ніводнага плацяжу, якія б парушалі законы.
У верасні дырэктар аддзела продажаў «БЛК Трэйдынг» па Еўропе стварыў у Польшчы новую кампанію «3S Trading». Яна аформленая на яго асабіста і яго партнёра, але зарэгістраваная па тым жа адрасе, што і беларускі дзяржтрэйдар «БЛК». Профіль кампаніі – таксама продаж драўніны і вытворчасць вырабаў з дрэва.
Пад выглядам польскага пастаўшчыка журналісты БРЦ патэлефанавалі ў «БЛК Трэйдынг» і паспрабавалі купіць беларускую прадукцыю дрэваапрацоўкі. Менеджарка па продажах пацвердзіла: дрэва з Беларусі ў кампаніі сапраўды ёсць, але хутка скончыцца – распрадаюць рэшткі на складах. Таксама яна ўдакладніла, што зараз фірма працуе з новымі пастаўшчыкамі з Украіны і з Казахстана.
Падобная сітуацыя і ў Літве. Да ўвядзення еўрапейскіх санкцый краіна была буйным пакупніком беларускай драўніны, а зараз актыўна імпартуе яе з Казахстана і Кыргызстана. Тэрыторыя першага ўсяго на 5% пакрыта дрэвамі, другога — амаль на 6%. Для параўнання, лясістасць Беларусі — 40%, па дадзеных Мінлясгаса.
Ствол у Кыргызстане, корань у Беларусі
БРЦ разглядзеў дадзеныя Еўрастату па імпарце прадукцыі з кодам 44. Як толькі санкцыі на беларускае дрэва ўступілі ў сілу, экспарт з Казахстана ў ЕЗ вырас у 74 разы, а з Кыргызстана – амаль у 18 тысяч разоў у параўнанні з аналагічным перыядам 2021 года.
У грошах гэта больш за 30 мільёнаў еўра на абедзве краіны.
Пры гэтым урад Казахстана забараніў вываз некаторых вырабаў з драўніны яшчэ ў снежні мінулага года, каб развіваць мясцовую дрэваапрацоўку. Гэтая забарона была працягнутая яшчэ двойчы: летам і зімой. Аналагічныя меры ўвялі і ўлады Кыргызстана.
Версія таго, якім чынам гэтыя краіны пастаўляюць лес у Еўропу, з'явілася ў БРЦ дзякуючы рассылцы, якая трапіла ў рэдакцыю. З яе вынікала, што прыватны беларускі цэнтр экспертыз «Стандарт якасці» прапануе паслугі па ўскосным рээкспарце тавараў з ЕЗ у Беларусь праз Кыргызстан.
Пад выглядам патэнцыйных кліентаў журналісты БРЦ даведаліся ў менеджара кампаніі, ці можна пайсці зваротным шляхам і перааформіць беларускі лес у кыргызстанскі для паставак у Еўропу.
Праз некалькі дзён «Стандарт якасці» прапанаваў супрацоўніцтва з фірмай «Сертыфікат КейДжы».
Гэтая кампанія дапамагае беларускім вытворцам піламатэрыялаў атрымліваць кыргызстанскія дакументы для сваёй прадукцыі і такім чынам праходзіць мытню ЕЗ.
БРЦ высветліў, што адзін з сузаснавальнікаў «Сертыфікат КейДжы» – Алег Нарчук, былы супрацоўнік Дзяржстандарту.
Ён жа раней уваходзіў у лік саўладальнікаў фірмы «Стандарт якасці», якая і прапанавала паслугі па абыходзе санкцый.
Увосень гэтага года Алег Нарчук выступаў на вебінары Нацыянальнага цэнтру маркетынгу і кан'юнктуры коштаў, асвятляючы тэму «Імпарт тавараў у Рэспубліку Беларусь ва ўмовах санкцый».
Акрамя «Сертыфікат КейДжы», Алег Нарчук быў звязаны яшчэ з некалькімі кампаніямі ў Кыргызстане: «КСК Альянс», «Выпрабавальны цэнтр КСК Альянс» і «КСК Торг». Нарчук адмаўляе, што гэтыя фірмы дапамагаюць абыходзіць санкцыі.
Вагон санкцыёнкі
Алег Нарчук апынуўся не адзіным прадпрымальнікам, які пачаў выбудоўваць бізнес-адносіны паміж Беларуссю і Кыргызстанам.
БРЦ знайшоў яшчэ тры фірмы, якія па фальшывых дакументах пастаўляюць беларускую прадукцыю ў Еўропу, – «Агра Кейджы», «СК Гранд» і «Адміт». Пад выглядам кліента журналіст БРЦ звязаўся з прадстаўніком першай кампаніі. У размове той прызнаўся, што раней «Агра Кейджы» вазіла пялеты ў Еўропу «фурамі», а цяпер будзе вазіць «вагонамі».
2 жніўня 2022 года ў Бішкеку з'явілася кампанія «Адміт» – праз 5 месяцаў пасля ўвядзення ЕЗ забароны на імпарт беларускага лесу.
Сваім патэнцыйным кліентам фірма прадстаўляе іншыя дадзеныя: на яе сайце пазначана, што «Адміт», зарэгістраваная 5 месяцаў таму, «кожны год» атрымлівае больш за 40 тысяч тон драўняных адходаў.
Фірма займаецца перапрацоўкай драўняных адходаў і вырабляе пялеты, брыкеты і іншае драўнянае паліва. Пад выглядам кліентаў журналісты БРЦ патэлефанавалі ў «Адміт» і папрасілі дапамагчы з пастаўкамі беларускіх пялетаў у Еўропу. У кампаніі пацвердзілі, што могуць гэта зрабіць: у Кыргызстане ў іх ёсць вытворчасць, і разам са сваёй прадукцыяй яны адпраўляюць у Еўропу беларускую, робячы на яе кыргызстанскія сертыфікаты.