Раней судзімы за г͑валт у дачыненні інспектара ДПС.
Мы звязаліся з Ланавенка праз тэлефон. Ён распавёў нам, што застаецца на Данбасе з канца лютага. Спачатку дапамагаў уцекачам з Марыупалю, а потым узяў у рукі зброю. Ваюе ў складзе так званай Народнай міліцыі ДНР у зоне Аўдзееўкі, але не толькі там.
Ланавенка кажа, што на ягоных руках няма крыві нявінных людзей, ён ваюе з ідэйных меркаванняў. Ягоны заробак у разы меншы, чым у расейскай арміі, дзе атрымліваюць 200 тысяч рублёў на месяц. Маўляў, калі б не валанцёры і трафеі, было б цяжка.
У ліпені ў Ланавенкі быў адпачынак. Ён быў на малой радзіме ў Асіповічах. Кажа, што ні на мяжы, ні ў родным горадзе да яго не было пытанняў з боку сілавікоў. Ланавенка разумее, што парушае беларускі закон і гатовы за гэта адказаць.
«Калі я яшчэ раз надумаю прыехаць, пытанні ў любым выпадку будуць задаваць. Гэта іхная праца. Я толькі за. Тым больш, у мяне такая падрыхтаванасць. У полі зроку спецслужбы мяне абавязаныя трымаць. Я ведаю, што маё сумленне чыстае, я дзейнічаю на покліч сумлення», – сказаў ён.
Мы патэлефанавалі ў МУС, каб даведацца, якія там прымаюць захады супраць беларусаў, якія ваююць ва Украіне на баку Расеі. Намеснікі міністра ўнутраных справаў Мікалай Карпянкоў і Генадзь Казакевіч адмовіліся каментаваць праз тэлефон. У прэс-службе не адказалі на нашыя званкі і запыты. Эксперты мяркуюць, што ўлады Беларусі цяпер не будуць саджаць наймітаў, якія ваююць на баку Расеі.
«У любых постсавецкіх карумпаваных дыктатурах правапрымяненне вызначаецца найперш палітычнай мэтазгоднасцю. Гэта значыць, цяпер у сітуацыі, калі адбываецца ціск на Менск дзеля адкрытага ўступлення ў вайну, у гэтай сітуацыі лішні раз раздражняць Крэмль, узмацняць напружанасць у дачыненнях з Масквой, я думаю, не ў інтарэсах кіроўнага рэжыму ў Беларусі», – рэзюмаваў даследчык Conflict Intelligence Team Кірыл Міхайлаў.
Аўтар Алесь Ярашэвіч, рэдактары Вольга Ратмірава, Станіслаў Івашкевіч