Гэты матэрыял падрыхтаваны сумесна з выданнямі Süddeutsche Zeitung, L’Espresso і Profile у межах міжнароднага праекту Shadow Diplomats.
- Міжнародны кансорцыум журналістаў-расследавальнікаў ICIJ прадставіў праект Shadow Diplomats, або «Ценявыя дыпламаты». Ён пралівае святло на групу найменш вывучаных фігураў у міжнароднай дыпламатыі – ганаровых консулаў. Расследаванні аб крымінальных справах і скандалах, у якіх замешаныя гэтыя дыпламаты-добраахвотнікі, журналісты аб'ядналі ў адзіную базу дадзеных. Над ёй ICIJ працавалі разам з незалежнай некамерцыйнай службай навінаў ProPublica і яшчэ 59 медыя-партнёрамі, сярод якіх і БРЦ.
- У выніковы спіс уключылі 551 «ценявых дыпламатаў», і 11 з іх – дзеючыя і былыя ганаровыя консулы ў Беларусі. Усе яны – бізнесмены, і многія – героі нашых папярэдніх расследаванняў. Яны замешаныя ў рээкспарце санкцыйных тавараў, кантрабандзе, незаконным будаўніцтве, гандлі зброяй і продажы лекаў па завышаных коштах. Мы падрабязна распавялі пра іх у першай частцы гэтага расследавання.
- З афіцыйным Менскам звязаная яшчэ адна група «ценявых дыпламатаў» – гэта замежнікі, якія прадстаўляюць інтарэсы Беларусі ў іншых краінах. Сярод іх – бізнесмен Раберта Гоці, ганаровы консул Беларусі ў Італіі. Нашае сумеснае расследаванне з нямецкімі, італьянскімі і аўстрыйскімі партнёрамі паказала, што пасля жніўня 2020 года Гоці працягваў прасоўваць прадукцыю беларускага дзяржпрадпрыемства ў ЕЗ і гэта дазволіла яму выкарыстоўваць уплыў беларускіх дыпламатаў у асабістых мэтах.