Матэрыял падрыхтаваны ў партнёрстве з польскім выданнем Gazeta Wyborcza, праектам украінскай рэдакцыі «Радыё Свабода» «Схемы», пры падтрымцы «Кіберпартызанаў».
Расследавальнікі БРЦ выявілі новы спосаб абыходу санкцыяў, якія забараняюць увоз беларускай драўніны ў ЕЗ. Абмежаванні дзейнічаюць з чэрвеня 2022-га. У снежні таго ж года мы ўжо раскрылі схему паставак падакцызнай прадукцыі па фальшывых дакументах. Тады заняцца гэтай тэмай нас прымусіў рост імпарту ў ЕЗ: з Казахстану — у 74 разы, з Кыргызстану — прыкладна ў 18 тыс. разоў. На самай жа справе часткова гэта быў беларускі лес, які вывозілі ў Еўропу, выкарыстоўваючы схемы ўскоснага рээкспарту.
Праз паўтара года нашае новае расследаванне паказала, што мяжа Еўразвязу ўсё яшчэ адчыненая для беларускіх падсанкцыйных тавараў. БРЦ атрымаў доступ да больш чым 40 дамоваў паставак на мільёны еўра. І гэта нягледзячы на тое, што пасля нашага папярэдняга матэрыялу ЕЗ узмацніў мытны кантроль, правёў перамовы з краінамі Цэнтральнай Азіі і часткова зачыніў кантрабандны канал паставак. Імпарт драўніны нібыта з Кыргызстану ў Еўропу ў 2023 годзе абваліўся амаль удвая. Чаго не скажаш пра пастаўкі з Казахстану.
Выбуховы імпарт
Імпарт драўніны з Казахстану ў ЕЗ за 2022 і 2023 гады паказаў выбуховы рост да рэкордных амаль €126 млн. Паводле дакументаў, якія трапілі да нас, краіна пастаўляе драўніну і вырабы з яе, а таксама драўняны вугаль — гэта тавары пад кодам ТН ЗЭД 44. Да ўвядзення санкцыяў супраць беларускага лесу Казахстан амаль не займаўся такімі пастаўкамі, Беларусь жа штогод экспартавала драўніны на суму каля мільярда еўра.
Найбольшая частка паставак ідзе ў ЕЗ праз Польшчу. Імпарт у гэтую краіну летась вырас амаль у пяць разоў у параўнанні з 2022-м: з €14 млн да амаль €68 млн.
Значны рост імпарту драўніны за апошнія два гады з Казахстану адзначылі і ў Польскай гандлёва-прамысловай палаце дрэваапрацоўчай прамысловасці. Гэта можа сведчыць аб абыходзе санкцыяў з боку Расеі і Беларусі, адказаў прадстаўнік ведамства Пётр Гарстка (Piotr Garstka) на запыт нашых калегаў з Gazeta Wyborcza. Ён прывёў у прыклад фанеру, якую Казахстан ніколі не вырабляў, але за два гады стаў буйным яе пастаўшчыком.
«З моманту ўвядзення санкцыяў мы атрымлівалі сігналы ад нашых кампаніяў-чальцоў аб прапановах прадукцыі з драўніны па анамальна нізкіх коштах. Або пароды, якая паказвае на расейскае паходжанне, напрыклад, лістоўніцы сібірскай. І калі мы даведаліся аб паспяховых тэндарах на пастаўку піламатэрыялаў дзяржкампаніям, дзе канчатковыя кошты былі анамальна нізкімі (нават ніжэйшыя за сабекошт сыравіны!), мы звярнуліся ў Міністэрства дзяржаўных актываў для прыняцця адпаведных захадаў па выпраўленні становішча, але пакуль не атрымалі адказу», — сказаў Гарстка.
У Латвію Казахстан за 2023 год імпартаваў драўніны на суму ўтрая больш, чым годам раней: €11 млн супраць €3,5 млн. У Літву за 2022 год — на €10 млн, а за 2023 — на €5,5 млн. У папярэднія гады сумы былі нязначнымі. І гэта пры тым, што Казахстан сам вымушаны імпартаваць лес, больш за ўсё — з Беларусі і Расеі. Лясістасць краіны складае ўсяго 5% ад усёй тэрыторыі. Палова гэтых лясоў прыпадае на саксаул. У 2022 годзе Казахстан нават забараніў экспарт некаторых відаў драўніны. Абмежаванне дзейнічае і цяпер.
Падробленыя дакументы
Крыніцы на рынку лесапрадукцыі перадалі БРЦ меркавана падробленыя дакументы. Пацверджанне таго, што паперы фальшывыя, азначае, што прынамсі частка паставак з Казахстану ў ЕЗ — гэта кантрабанда беларускай падсанкцыйнай драўніны. У дакументах гаворыцца, што ў лютым 2023 года з Казахстану ў Еўропу паставілі палісад. Гэтая ўгода — частка пастаўкі арыенціровачна на мільён еўра. У дакументах стаяць пячаткі пастаўшчыка — казахстанскай кампаніі Nurr-electro, і атрымальніка — польскай кампаніі PLRBL. Першая на момант падрыхтоўкі матэрыялу падала ў СМІ звесткі аб ліквідацыі.
Пячаткі ў накладной падробленыя, а ўгоды не было, заявіў у каментары БРЦ юрыст Nurr-electro Арман Туліевіч: «Нават фінансавых не было сродкаў па такой угодзе, не тое што тавару. Адпаведна, не было грошай — не было ўгоды». Таксама ён паведаміў, што кампанія не пастаўляла дрэва для польскай PLRBL.
Падробку пацвердзіў і былы выканаўчы дырэктар польскай кампаніі-атрымальніка PLRBL Віталь Лешык. Менавіта ягоны подпіс стаіць у дакументах. У размове з журналістам БРЦ Лешык сказаў, што нічога не падпісваў і плануе звярнуцца ў польскую паліцыю, каб высветліць паходжанне накладных і дамоваў, якія трапілі ў нашае распараджэнне.
Каб пацвердзіць словы прадстаўнікоў абедзвюх фірмаў, пазначаных у дакументах, мы звярнуліся да незалежных экспертаў па графічным дызайне. Па нашай просьбе яны ацанілі сапраўднасць папераў.
«Гэта [пячатка Nurr-electro] адназначная падробка. Адсканавана і выразана з іншага дакументу — гэта бачна па наяўнасці растру (вялікая колькасць маленькіх кропак, з якіх складаецца выява — рэд.), які вакол літараў. Пры нармальным друку гэтага бачна не будзе. Тое ж самае тычыцца подпісу [дырэктара PLRBL Віталя Лешыка] — ён увесь у растры. Гэта дзесьці быў пастаўлены подпіс, потым адсканаваны і ўстаўлены ўжо сюды ў фоташопе», — адказаў нам дызайнер Уладзімір (імя змененае ў мэтах бяспекі эксперта).
Ягоны калега Зміцер (імя змененае ў мэтах бяспекі эксперта) таксама пацвердзіў падробку пячатак і подпісаў:
«Бачым поўнае супадзенне — адно да аднаго. Як бы чалавек ні стараўся, як бы ён ні хацеў зрабіць пячатку роўнай па ўсім дакуменце, ён усё роўна дапусціць памылку: хібнасць у некалькі градусаў, ракурс — усё роўна будзе нейкае адрозненне. Гэта грубая падробка».
Пячатка Камітэту дзяржаўных даходаў Міністэрства фінансаў Казахстану ў накладной — таксама падробка, сышліся ў меркаванні нашыя эксперты па графічным дызайне. «Тут мы бачым пры павелічэнні ў 220%, што пячатка максімальна не чытаецца. Калі б гэта была [сапраўдная] пячатка, яна б хоць трошкі недзе была б павернутая, мела б крыху горшы адбітак. Гэта 100% падробка».
Усё гэта можа сведчыць пра тое, што тавар з Казахстану не вывозілі. Гэтую версію пацвярджае і той факт, што мы не знайшлі такую пастаўку ў базе экспарту.
А ці быў Казахстан?
Перавозчыкам у дакументах, якія мы атрымалі, значыцца беларуская кампанія ТАА «Галарда». Паводле накладных, менавіта яна везла палісад у Еўропу. Каб даведацца дэталі пастаўкі, мы звязаліся з перавозчыкам пад выглядам супрацоўніка польскай фірмы PLRBL.
«Мы з Казахстану і не везлі яе (драўніну — рэд.). Мы з Беларусі везлі, нам загрузілі. Якія дакументы далі, такія далі, мы па іх і везлі. Вось так. Як ёсць, так ёсць. Прычым мы сумленна везлі, мы не ездзілі ні ў які Казахстан, мы гэтыя дакументы не афармлялі», — сказаў нам супрацоўнік ТАА «Галарда».
Апроч таго ён згадаў беларускую кампанію ТАА «СО РБЛ». У нас ёсць падставы лічыць, што адгрузка драўніны адбывалася акурат са склада гэтага беларускага прадпрыемства. Яно спецыялізуецца на распілоўцы, габлёўцы і насычэнні драўніны. Адзіны ўласнік кампаніі — Алег Яновіч. Ён жа — старшыня праўлення польскай PLRBL, якая павінна была атрымаць нібыта казахстанскі палісад. [*] [*] [*]
БРЦ звязаўся з Яновічам. Той сказаў, што ў нас пра яго «памылковыя звесткі» і ў Польшчы ён не працуе. Адказваць на пытанні прадпрымальнік адмовіўся:
«Вы разумееце наогул, пра што вы мяне пытаецеся, ці не? Я не разумею. Мы з вамі сябры нейкія? Ці вы, можа, мая палюбоўніца, ці, можа, вы мая сваячка. Вы разумееце, якога фармату вы задаяце мне пытанні?»
І зноў Кыргызстан
Тая ж польская кампанія PLRBL у 2023 годзе заключала дамовы на пастаўку ў ЕЗ беларускай драўніны пад выглядам тавараў кыргызскага паходжання. У нашым распараджэнні ёсць дакументы за мінулы год, але ў іх не пазначана, што канкрэтна з'яўляецца прадметам угоды. Затое ў падобных дамовах і інвойсах да іх за 2022 год, якія мы таксама атрымалі ад крыніцаў на рынку лесапрадукцыі, значыцца драўніна. Атрымальнікам у іх пазначана PLRBL, краінай паходжання тавару — Кыргызстан. Прыкладная сума ўгодаў — каля €15 млн.
Геаграфія паставак па гэтых дамовах за 2022-2023 гады шырокая: Польшча, Літва, Латвія, Славенія, Вугоршчына, Францыя, Нямеччына, Бельгія, Чэхія, Эстонія. Літва амаль цалкам перакрыла імпарт беларускага дрэва з Кыргызстану. Імпарт жа ў Латвію ўпаў амаль у 7,5 разу — з €2 млн у 2022-м да €273 тыс. у 2023 годзе. А вось у Польшчу два гады запар пастаўкі дрэва з Кыргызстану складаюць каля €1,2 млн штогод, хоць у 2021-м іх не было зусім.
Ва ўгодах, якія выглядаюць як схемы абыходу санкцыяў для пастаўкі беларускай драўніны, маглі быць задзейнічаныя фірмы-пасярэдніцы. Напрыклад, у снежні 2022-га PLRBL заключыла дамову з Кыргызскай ТАА «Дэзіс», а ўжо праз месяц, у студзені 2023-га, прадала тавар літоўскай JSC Etoris. [*] [*]
У лютым і сакавіку 2023-га PLRBL набывала тавар у польскай фірмы Pelina Pavel Bisliuk, якая рабіла закупы ў той жа Кыргызскай «Дэзіс». У літоўскай JSC Etoris і польскай Pelina Pavel Bisliuk адзін і той жа дырэктар — Павел Біслюк. Амаль ва ўсіх інвойсах паставак дрэва, якія рабіла польская PLRBL іншым еўрапейскім кампаніям, паходжанне дрэва пазначалася як кыргызскае. [*] [*] [*] [*]
Сярод дакументаў па ўгодах, згаданых вышэй, БРЦ таксама знайшоў падробку. Нашыя эксперты па графічным дызайне прааналізавалі кантракт з літоўскай JSC Etoris — подпіс былога выканаўчага дырэктара PLRBL Віталя Лешыка там таксама апынуўся падробленым. Сам Віталь Лешык настойвае, што ён не падпісваў ніводную з гэтых дамоваў.
Мы таксама высветлілі, што польская Pelina Pavel Bisliuk ужо парушала санкцыйнае заканадаўства. У 2023 годзе кампанія пастаўляла фанеру з Расеі па даручэнні казахстанскай кампаніі Kazfanera у Польшчу. Хоць расейская фанера забароненая да ўвозу ў Еўразвяз. Кіраўнік ТАА Kazfanera і Nurr-electro (пра якую гаворка ішла вышэй) адзін і той жа чалавек — Есет Айтжанаў. Акрамя таго, Pelina Pavel Bisliuk пастаўляла вырабы з фанеры ў Бельгію. Звесткі аб пастаўках мы знайшлі ў базе сусветнага экспарту. [*] [*] [*] [*] [*] [*]
Сярод іншых партнёраў па ўгодах PLRBL значыцца кампанія, якая ўжо трапляла ў поле зроку БРЦ як магчымы пастаўшчык падсанкцыйнай драўніны ў ЕЗ, — ТАА «ЧРК-Бішкек». У дамове пастаўкі за 2022 год гэтая кыргызская кампанія значыцца пастаўшчыком. Сума ўгоды — €500 тыс. [*] [*] [*]
Валодае «ЧРК-Бішкек» Усевалад Лябецкі — былы беларускі вайсковец. У Беларусі ў яго таксама ёсць бізнес — ТАА «ЧРК-Груп». Гэтая кампанія гандлюе запчасткамі для авіяцыі, аварыйна-выратавальным і іншым абсталяваннем, у тым ліку для баявых машынаў МТ-ЛБ і гусенічных цягачоў ГТ-Т і ГТ-С, а таксама з'яўляецца гандлёвым прадстаўніком Limbach, вытворцы рухавікоў для авіяцыі і БПЛА. [*] [*] [*] [*] [*] [*]
Мытня не можа кантраляваць усё
У рамках расследавання мы высветлілі, што пастаўляе, верагодна, беларускую драўніну пад выглядам Казахстанскай і Кыргызскай польская кампанія PLRBL. Прынамсі па адной з угодаў першай краінай Еўразвязу, у якую гэты тавар выгружаецца, з'яўляецца Польшча. Па падробленых дакументах драўніна змагла перасекчы мяжу ЕЗ. З улікам гэтага, мы накіравалі запыты аб правядзенні правярання ў дачыненні да польскай кампаніі PLRBL і яе ўласнікаў у МУС, МЗС, Памежны камітэт і Мытную службу (уваходзіць у Міністэрства фінансаў) Польшчы. Акрамя таго, мы спыталі, як праходзіць правяранне накладных на прадмет падробкі на мяжы і ці будзе створаны механізм, які спросціць дадаванне новых кампаніяў і фізічных асобаў у санкцыйныя спісы.
МЗС і памежнікі адказалі, што пытанне абыходу санкцыяў знаходзіцца не ў іх кампетэнцыі. Мытная служба дала разгорнуты адказ, які зводзіцца да некалькіх тэзісаў:
- інфармацыя аб правяраннях падпадае пад падатковую таямніцу;
- мытныя органы Польшчы не маюць фізічнай магчымасці кантраляваць усе мытныя дэкларацыі і ўсе рахункі-фактуры, і ў цэлым у ЕЗ імкнуцца да электроннага, а не папяровага дакументазвароту;
- санкцыйныя спісы фармуе МУС Польшчы, спрасціць гэтую працэдуру можна толькі пасля змены законаў, але Мытная служба не можа на гэта паўплываць.
МУС Польшчы пачало праверку, але ад каментароў пакуль устрымалася.
Нашыя калегі з Gazeta Wyborcza атрымалі каментар ад намесніцы старшыні Камітэту па ахове навакольнага асяроддзя, прыродных рэсурсаў і лясной гаспадаркі Польшчы Дар'і Госэк-Папёлэк (Daria Gosek-Popiolek):
«Выпадак, выкрыты журналістамі, паказвае, як лёгка абысці санкцыі. Хоць гэта павінна быць задачай не журналістаў, а адпаведных службаў. Разам з дэпутатам Сейма Мацеем Канечным (Maciej Konieczny) мы звернемся ў МУС і Адміністрацыю для праверкі працэдураў, звязаных з санкцыямі. Мы павінны быць упэўненыя, што правілы строга выконваюцца, а мяжа ў пытанні перавозкі тавараў, якія падпадаюць пад санкцыі, — на замку».
БРЦ таксама накіраваў запыты ў МУС і Мытны дэпартамент пры Міністэрстве фінансаў Літвы — яны паведамілі, што пачалі праверку. Адказу на запыт у Камітэт дзяржаўных даходаў Міністэрства фінансаў Казахстану на момант выхаду матэрыялу мы не атрымалі.