Але самым паспяховым годам для «Белзамежбуд» быў 2010 год, калі былі заключаныя новыя кантракты і на жыллё, і на будаўніцтва заводаў па зборцы беларускай тэхнікі. Іх падпісалі падчас чарговага візыту Лукашэнкі ў Каракас. Гэта значыць, высокапастаўленыя чыноўнікі лабіравалі не толькі інтарэсы дзяржавы ў Венесуэле, але і прыватных асоб.
«У момант росквіту ўсіх гэтых будаўнічых праектаў Шаўцоў быў уваходны ў дастаткова сур'ёзныя кабінеты менавіта дзякуючы таму, што карыстаўся пратэкцыяй і дапамогай сябра Уга Чавеса», – распавёў нам Анатоль Котаў.
Віктар Шаўцоў сапраўды даволі часта падарожнічаў у кампаніі беларускіх чыноўнікаў. З дапамогай «КіберПартызанаў» мы знайшлі два ягоныя ваяжы з Віктарам Шэйманам, чатыры – з Уладзімірам Сямашкам, і больш за 20 – з тагачасным намеснікам міністра, а потым і міністрам архітэктуры і будаўніцтва Анатолем Нічкасавым.
Апошняму мы патэлефанавалі і паспрабавалі высветліць у яго, ці лабіравалі беларускія чыноўнікі інтарэсы Віктара Шаўцова ў Венесуэле.
«Навошта вы мяне пра іншага чалавека пытаецеся? Я ведаю, што міністэрства рабіла, што я рабіў. А вы кажаце: падарожнічаў. Ды не падарожнічаў я. Я выконваў заданні ўраду па арганізацыі будаўніцтва ў Венесуэле. Гэта былі нашыя міждзяржаўныя абавязальніцтвы», – адказаў суразмоўца.
Наконт інтарэсаў Шаўцова Нічкасаў сказаў:
«Не, не і яшчэ раз не. І размова наша скончана. Больш не турбуйце».
Дык хто ж гэты бізнесмен Віктар Шаўцоў, якому даверыліся беларускія высокапастаўленыя чыноўнікі? Справа ў тым, што заснаваны ім «Інфабанк» аказваў пэўныя паслугі ўладам. Як пісала выданне «Ежедневник», гэты банк вырас на пасрэдніцкіх аперацыях са спецыфічнымі краінамі, у якіх у сілу астракізму з боку ЗША і Захаду спрабавала шукаць сваю нішу кіраўніцтва Беларусі.
У 2004 годзе «Інфабанк» Шаўцова трапіў пад абмежаванні ЗША па падазрэнні ў адмыванні грошай для рэжыму Садама Хусэйна. Сродкі былі заробленыя на ўгодах у абыход праграмы ААН «Нафта ў абмен на харчаванне».
Паводле інфармацыі выдання «Ежедневник», пад іракскі праект была створаная беларуская кампанія «Белметалэнерга». І адным з яе бенефіцыяраў, як можна здагадацца, быў Віктар Шаўцоў.
Менавіта «Белметалэнерга» забяспечыла 90% паставак беларускай тэхнікі ў Ірак. А Ірак плаціў за гэта нафтай, якая прадавалася на сусветным рынку, пісала выданне «Ежедневник».
У 2014 годзе пасля разбіральніцтва ЗША знялі абмежаванні з банка. Да таго часу яго ўжо перайменавалі ў «Трастбанк», а цяпер ён называецца «Банк Рашэнне». Асноўны бенефіцыяр фінансавай установы – ужо згаданы намі Махамед Аль-Сувайдзі. Шаўцоў – яго мінарытарны акцыянер і ўзначальвае назіральны савет банку.
«Віктар Шаўцоў так ці інакш звязаны са структурамі «Інфабанка»/«Трастбанка» і ўгодамі з нафтай у Іраку. У якасці такога пасярэдніка ён зарабіў сабе капітал. І натуральна, калі ва ўсім гэтым удзельнічаў беларускі бок, то гэта азначала пэўную ступень набліжанасці да Лукашэнкі. Адпаведна, яго з'яўленне ў Венесуэле ў якасці асноўнага аператара будоўлі – гэта не з'яўляецца абсалютна выпадковасцю, гэта хутчэй заканамернасць», – пракаментаваў нам Анатоль Котаў.
Сувязі з Персідскімі краінамі былі дарэчы і падчас венесуэльскіх праектаў. Як мы даведаліся, Віктар Шаўцоў браў крэдыты на будаўніцтва ў Каракасе ў сваіх арабскіх партнёраў.