Расследаванні

Учора

Катаванні над Прыпяццю. БРЦ знайшоў фільтрацыйны лагер расейскіх вайскоўцаў у Беларусі

Са словаў відавочцы, найбольшы здзек у лагеры зазналі вывезеныя з Украіны цывільныя.

Аўтары: Марына Волкава, Кірыл Аўсяны («Схемы»), Андрэй Шаўлюга («Радыё Свабода»)
Рэдактары: Максім Саўчук, Лола Бурыева, Станіслаў Івашкевіч
Уладзімір Антоненка, Зінаіда Міруценка, Багдан Лысенка
Крыніца: Калаж БРЦ: Уладзімір Антоненка, Зінаіда Міруценка, Багдан Лысенка. Крыніцы: mazyr.by, gp.by. Калаж створаны з выкарыстаннем ШІ
Напачатку поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну расейскія вайскоўцы стварылі на тэрыторыі Беларусі фільтрацыйны лагер. Умовы ўтрымання і стаўленне да палонных у ім праваабаронцы назвалі аднымі з найбольш жорсткіх. Праз недастатковую колькасць дадзеных аб гэтым месцы вызначыць дакладнае месцазнаходжанне лагера здавалася немагчымым. Але журналістам БРЦ гэта ўдалося зрабіць. Дапамаглі ў гэтым спадарожнікавыя здымкі і відэа расейскага тэлеканалу.

Матэрыял падрыхтаваны ў супрацы з праектам украінскай службы «Радыё Свабода» «Схемы», беларускай рэдакцыяй «Радыё Свабода», пры падтрымцы «Кіберпартызанаў» і The Reckoning Project, арганізацыі, якая фіксуе парушэнні правоў чалавека.

Сыны ў палоне

Ад украінскай вёскі Аранае да мяжы з Беларуссю — крыху больш за 45 кіламетраў. У 2022 годзе Аранае, як і іншыя населеныя пункты паўночнай часткі Кіеўскай вобласці, апынулася пад расейскай акупацыяй.

Двух сыноў мясцовай жыхаркі Ларысы Ягадзінскай у канцы сакавіка 2022 года схапілі і вывезлі ў Беларусь расейскія вайскоўцы. І калі малодшага, Уладзіслава, на той час непаўналетняга, атрымалася вярнуць дадому з мазырскага дзіцячага дому, то старэйшага павезлі далей — на тэрыторыю Расейскай Федэрацыі. [*] [*] [*] [*]

«Сказалі, што [сыны] дыверсанты, і забралі іх, вывезлі ў Чарнобыль. Там аказалася, што яны іх білі, і ўжо, як потым [малодшы сын] Слава распавёў, [што старэйшаму], хутчэй за ўсё, яны паламалі нават рэбры, яны бітай моцна яго білі. Ён старэйшы. Славу таксама моцна білі», — распавяла жанчына ўкраінскім журналістам з праекту «Слидство.Инфо».

У нас атрымалася паразмаўляць з яе сынам Уладзіславам Ягадзінскім. Ён распавёў, што расейскія вайскоўцы вывезлі яго з братам у аўтазаку на тэрыторыю Беларусі:

«Я ўжо зразумеў, калі мяне перавялі на памежную службу. Там былі памежнікі, і я іх запытаў [дзе мы знаходзімся]. І яны сказалі: "Беларусь, Нароўля”».

Крыніца: Калаж БРЦ створаны з выкарыстаннем ШІ

Са словаў Уладзіслава Ягадзінскага, палонных утрымлівалі на тэрыторыі, якая нагадвае закінуты калгас. Падобна апісаў журналістам БРЦ месца, дзе яго ўтрымлівалі, і ўкраінскі вайсковец Віктар (мы змянілі імя па ягонай просьбе). Ён трапіў у палон да расейцаў прыкладна ў той жа час, што і браты Ягадзінскія. Віктара абмянялі ў 2024 годзе.

«У нас былі завязаныя вочы. У аўтазаках нас везлі. І вось таксама таварыш, [з якім] мы разам былі, кажа, што быццам “Нароўля” чуў», — распавёў ён. 

Са словаў Віктара, там, у Нароўлі, іх размясцілі ў «нейкім буйным калгасе»:

«Тэрыторыя была вялікая. Стаяла вельмі шмат тэхнікі, то бок танкі там стаялі, саўкі ЗУшкі [савецкія зенітныя ўстаноўкі], вось, менавіта побач... То бок праязджалі: рамонтная база ў іх там ці перавалачная база была, таму што тэхнікі было шмат».

Катаванні ў Нароўлі

Нароўля — горад раённага падпарадкавання ў Гомельскай вобласці Беларусі, на беразе Прыпяці. Да 2022 года ён быў вядомы ў першую чаргу дзякуючы мясцовай славутасці — сядзібе Горватаў.

Пасля поўнамаштабнага ўварвання ўкраінскія праваабаронцы і журналісты пачалі атрымліваць звесткі аб тым, што на тэрыторыі гораду расейскія вайскоўцы арганізавалі фільтрацыйны лагер, куды звозяць палонных украінцаў — як вайскоўцаў, так і цывільных. Аб тым, што іх там катуюць, нам распавяла юрыстка і дакументатарка ваенных злачынстваў праваабарончай групы «СІЧ» Юлія Палехіна:

«У мяне ёсць кліентка — гэта мама маладога хлопца, 24 гады яму, які быў затрыманы ў сакавіку 2022 года вайскоўцамі Расейскай Федэрацыі. Яго затрымалі разам з бацькам у горадзе Гастомель, гэта Кіеўская вобласць, і ён быў сілай дэпартаваны ў горад Нароўля, Беларусь, дзе іх абодвух утрымлівалі ў фільтрацыйным лагеры. Бацька сведчыць аб тым, што іх там катавалі».

Журналіст украінскай рэдакцыі «Радыё Свабода» Дзмітрый Джулай, які спецыялізуецца на расследаванні ваенных злачынстваў, кажа, што палонныя, якіх вывозілі з Кіеўшчыны ў 2022-м, у большасці выпадкаў спачатку траплялі на тэрыторыю Беларусі. Пра гэта ж у ліпені 2022 года распавяла экспертка каардынацыйнай групы па вызваленні палонных Генеральнага штабу Узброеных сілаў Украіны Ірына Баданава ў інтэрв'ю тэлерадыёкампаніі «Суспільне Дніпро»:

«Нароўля ў Беларусі — там знаходзіўся і, магчыма, знаходзіцца фільтрацыйны лагер, дзе найбольшы здзек чыніцца над цывільнымі закладнікамі. І я ўпэўненая, што Беларусь таксама будзе прыцягнутая да адказнасці».

Хаб для расейскіх вайскоўцаў

Маючы дзве падказкі — горад Нароўля і апісанне мясцовасці «буйны калгас», мы пачалі пошук дакладнай лакалізацыі лагера з аналізу спадарожнікавых здымкаў Planet Labs, датаваных пачаткам 2022 года. Іх нам даў праект «Радыё Свабода» «Схемы».

Вялікая колькасць вайсковай тэхнікі была раскіданая па ўсім горадзе. Гэта ўскладняла пошук лагера. Але журналісты БРЦ знайшлі зачэпку: амаль усе ўчасткі, на якіх стаялі машыны, паводле дадзеных кадастравага рэестру, належалі кампаніям, якія былі заснаваныя дзяржаўнымі прадпрыемствамі. [*] [*]

Крыніца: Калаж БРЦ створаны з выкарыстаннем ШІ

У паўднёва-ўсходняй частцы горада, на тэрыторыі паркоўкі «Нараўлянскага дзяржаўнага каледжу», прыкладна 22 лютага разгарнулі палявы шпіталь. Праз дарогу ад яго, на тэрыторыі філіялу аўтобуснага парку № 2 дзяржпрадпрыемства Гомельаблаўтатранс, паводле сведчанняў мясцовых жыхароў, стаяла расейская вайсковая тэхніка. [*]

Вайсковую тэхніку і палявы лагер бачна і на спадарожнікавых здымках Planet Labs за красавік 2022 года ва ўсходняй частцы Нароўлі на тэрыторыі дзяржаўнага прадпрыемства «Нараўлянская перасоўная механізаваная калона № 107». [*]

Яшчэ адна кропка, бліжэй да Прыпяці, на вуліцы Камсамольскай. Гэта тэрыторыя прадпрыемства «Прыпяцкі альянс», якое ўваходзіць у структуру Белкаапсаюзу Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь. [*] [*] [*] [*]

Спадарожнікавы здымак Google Maps
Крыніца: Калаж БРЦ. Спадарожнікавы здымак Google Maps, дзе пазначаныя лакацыі, якія займалі расейскія вайскоўцы ў пачатку 2022 года: 1) тэрыторыя прадпрыемства «Прыпяцкі альянс» (належала арганізацыі да 16.06.2022); 2) тэрыторыя ДП «Жылкамбуд» (да студзеня 2022 — «Нараўлянская перасоўная механізаваная калона № 107»); 3) тэрыторыя «Нараўлянскага дзяржаўнага каледжу»; 4) тэрыторыя філіялу аўтобуснага парку № 2 ДП «Гомельаблаўтатранс»

Фільтрацыйны лагер у Нароўлі маглі арганізаваць у любой з гэтых лакацыяў. Усе яны так ці інакш падыходзяць пад апісанні Уладзіслава Ягадзінскага і вайскоўца Віктара. Вызначыць дакладнае месцазнаходжанне нам дапамагло расейскае медыя.

Знаходка на тэрыторыі дзяржпрадпрыемства

Напрыканцы кастрычніка 2024 года мы сустрэліся з Багданам Лысенкам, служачым УСУ, які трапіў у палон да расейскіх вайскоўцаў у канцы сакавіка 2022 года. Ён распавёў, што яго разам з групай саслужыўцаў-сувязістаў схапілі пасля штурму вайсковай часткі, а потым вывезлі ў Нароўлю:

«Нароўля — гэта была такая прапагандысцкая карцінка, што мы [расейскія вайскоўцы] такія, тыпу, чалавечныя... Але ніхто ж не паказвае з іхніх, як там дапытвалі цывільных. А цывільных там збівалі, дай божа... То бок, там заўсёды было чуваць крыкі». 

Багдан Лысенка
Крыніца: Калаж БРЦ / Багдан Лысенка. Калаж створаны з выкарыстаннем ШІ

Наш суразмоўца апісаў месца ўтрымання ў Нароўлі гэтак жа, як Уладзіслаў Ягадзінскі і вайсковец Віктар: «Сельскагаспадарчая мясцовасць. Можа, былы калгас нейкі ці трактарная база, яшчэ нешта».

Мы знайшлі Багдана Лысенку на відэа расейскага тэлеканалу НТВ: яго, параненага падчас штурму, расейскія вайскоўцы транспартуюць на насілках, а потым на камеру аказваюць медычную дапамогу. Гэта адбывалася ў тым жа месцы, якое Багдан апісвае як «калгас». У тэлесюжэце паказалі і іншых, ужо вызваленых вайскоўцаў: Анастасію Матрушчанку, Мар'яну Фёдараву і Аляксандру Цыпук. Цыпук і Матрушчанка распавялі, што іх таксама ўтрымлівалі ў Беларусі.

Мы даслалі спасылкі на відэа НТВ Уладзіславу Ягадзінскаму і былому ваеннапалоннаму Віктару. Абодва пацвердзілі, што гэта той самы «калгас».

Каб знайсці фільтрацыйны лагер, мы супаставілі кадры сюжэту НТВ з кожным участкам у Нароўлі, дзе выявілі на спадарожнікавых здымках вялікую колькасць вайсковай тэхнікі. Дзякуючы характэрнаму будынку з разбураным дахам, размяшчэнню намётаў і КамАЗаў мы знайшлі яго. Ён знаходзіўся на тэрыторыі, якой валодае ТАА «Прыпяцкі альянс», на вуліцы Камсамольскай.

Спадарожнікавы здымак 2024 Planet Labs PBC
Крыніца: Калаж БРЦ. Спадарожнікавы здымак 2024 Planet Labs PBC (па стане на красавік 2022 года): 1) будынак з характэрна разбураным дахам і палявы намёт справа ўнізе ад яго; 2) палявы намёт з відэа медыя «РИА Новости»

Мяркуючы па спадарожнікавых здымках, расейскія вайскоўцы былі тут як мінімум да пачатку траўня 2022 года. Калі УСУ дэакупавалі Кіеўскую вобласць, верагодна, маршруты транспарціроўкі палонных змяніліся.

Мы патэлефанавалі ў «Прыпяцкі альянс», кампанію, якой валодае Гомельскае абласное спажывецкае таварыства. Дырэктарка прадпрыемства Зінаіда Міруценка параіла звярнуцца з пытаннямі ў выканкам. Кіраўнік Нараўлянскага выканкаму Уладзімір Антоненка — былы вайсковец са службы бяспекі Аляксандра Лукашэнкі. Чалавек, які адказаў на званок на ягоны нумар, сказаў, што мы не туды трапілі.

Зінаіда Міруценка, Уладзімір Антоненка, Аляксандр Лукашэнка
Крыніца: Калаж БРЦ: Зінаіда Міруценка, Уладзімір Антоненка, Аляксандр Лукашэнка. Крыніцы: mazyr.by, gp.by. Калаж створаны з выкарыстаннем ШІ

Адказнасць Лукашэнкі

Паводле ацэнкі юрыстаў украінска-амерыканскай арганізацыі The Reckoning Project, дзеянні расейскіх вайскоўцаў, якія вывозілі ў Нароўлю цывільнае насельніцтва, у тым ліку непаўналетніх, могуць сведчыць аб парушэнні палажэнняў Жэнеўскай канвенцыі.

«Забарона прымусовага перасоўвання ёсць у артыкуле 49 IV Жэнеўскай канвенцыі. IV Жэнеўская канвенцыя — гэта канвенцыя, якая распаўсюджваецца на цывільных асобаў. Незаконная дэпартацыя або прымусовае перасоўванне з'яўляецца міжнародным злачынствам», — сказаў у каментары БРЦ эксперт The Reckoning Project.

«Цывільныя асобы і ваеннапалонныя ніколі не могуць быць у адным лагеры. Гэта дадатковае, асобнае ваеннае злачынства, калі вы ўтрымліваеце цывільных і ваеннапалонных у адным месцы. І ў адрозненні ад ваеннапалонных, якіх можна перамяшчаць на тэрыторыі іншай дзяржавы, цывільных грамадзян, цывільных асобаў нельга перамяшчаць з акупаваных тэрыторый. Там есць толькі выключэнні, калі [можна вывозіць] для забеспячэння іх бяспекі, калі нейкія стыхійныя бедствы ці нешта такое. <...> Сам факт таго, што цывільныя людзі вывозіліся з акупаваных тэррыторый — гэта таксама асобнае ваеннае злачынства. Тым больш, калі там былі дзеці. <...> Іх толькі можна вывозіць ў выпадках, калі ім неабходна медычная дапамога і са згоды іх законных прадстаўнікоў ці бацькоў. <...> Самі факты вывазу [дзяцей] — гэта будуць ваенныя злачынствы», — сказала экспертка ў галіне міжнароднага права, кандыдатка юрыдычных навук Кацярына Дэйкала.

Паводле юрысткі Юліі Палехінай, адказнасць за арганізацыю фільтрацыйнага лагеру на тэрыторыі Беларусі мусіць панесці Аляксандр Лукашэнка: «Гэтыя фільтрацыйныя лагеры не могуць стварацца без упаўнаважаных дзяржаўных асобаў, якія мусяць даць на гэта згоду. І калі людзей б'юць, катуюць, не аказваюць меддапамогі — гэта ваеннае злачынства. І гэта не можа адбывацца без згоды ўладаў». 

Мы звярнуліся з запытам да прэс-сакратаркі Аляксандра Лукашэнкі Наталлі Эйсмант. Яна на момант публікацыі не адказала.

Ларыса Ягадзінская кажа, што ейны старэйшы сын, які прайшоў фільтрацыйны лагер у Нароўлі, утрымліваецца ў адной з расейскіх калоніяў: «Ён у іх знаходзіцца не як асуджаны, распавёў чалавек, які сядзеў разам з ім больш за год. Ён сказаў, што ён [сын] праходзіць у іх у якасці сведкі».

Больш у жанчыны няма ніякай інфармацыі пра сына, як і пра магчымы тэрмін ягонага вяртання. З моманту затрымання прайшло ўжо больш за два гады.