Расследаванне падрыхтавана сумесна з літоўскім расследвальніцкім цэнтрам Siena і расейскім выданнем «Хроники.Медиа», пры падтрыманні «Кіберпартызан».
Вы калі-небудзь бачылі новую арыгінальную куртку Balenciaga за $4? А камізэльку Dolce & Gabbana за $6,5? Менавіта такія цэны на гэтыя тавары паказаны ў мытных дакументах беларускай кампаніі, якая дастаўляе брэндавае адзенне з Еўропы ў Расею.
Амаль адразу пасля пачатку поўнамаштабнай расейскай вайны супраць Украіны кампаніі-уласніцы люксавых марак Christian Dior, Fendi, Louis Vuitton, Gucci, Saint Laurent ды іншых прыпынілі дзейнасць у Расеі. У сярэдзіне сакавіка 2022-га да прыватных рашэнняў лідараў моднай індустрыі дадаліся санкцыі ЗША і Еўразвязу — у РФ забаранілі ўвозіць прадметы раскошы.
Міністэрства гандлю ЗША з 11 сакавіка 2022 года забараніла экспартаваць у Расею і Беларусь
адзенне, абутак, торбы, парфумерыю і іншыя тавары, кошт якіх перавышае $1000 за адзінку. Праз некалькі дзён падобны санкцыйны пакет прыняў і Еўразвяз, але з больш строгімі правіламі — абмежаваў увоз у Расею тавараў даражэй за €300 за адзінку. Гэтыя забароны шырацца і на асабістыя набыткі расейцаў за мяжой. А ў чэрвені 2024 года ЕЗ увёў абмежаванні на экспарт прадметаў раскошы і ў Беларусь.
Аднак у Расею працягваюць дастаўляць модныя заходнія аксесуары і адзенне. Як часта бывае ў нашых расследаваннях, калі для адных магчымасці зачыняюцца, іншыя знаходзяць, як на гэтым зарабіць. БРЦ высветліў, якім чынам люкс абыходзіць абмежаванні на шляху ў РФ і як ад гэтага цярпяць простыя беларусы.
Немагчымае магчыма
Расейскія гандляры люксавым адзеннем дэманструюць у сацсетках брэндавыя тавары. На адным відэа дзяўчына круціць у руках бэжава-карычневы галаўны ўбор ад Gucci. «Капялюш як у Мадонны для кліенткі», — сказана ў допісе да яго. На іншым — мужчына паказвае, як на ім сядзіць, як ён кажа, «найдаражэйшы бомбер у свеце» ад Louis Vuitton. Паказана і цана — €120 тыс.
Рэклама ў фэйсбуку кажа, што, нягледзячы на санкцыі, люксавыя абноўкі расейскім моднікам і модніцам усё яшчэ даступныя. Фірма, якая называе сябе «Белкарго», абяцае даставу з Еўропы ў Расею «без абмежаванняў па кошце». [*]
Вывучаючы яе старонку, мы натрапілі на пост ад 12 верасня 2024 года:
«Перамога ў цане: замаўляючы даставу тавараў праз нас, атрымальнікі грузу пазбягаюць патрэбы самастойна сплачваць мыты на тавары даражэй за 1000 еўра. Гэта асабліва актуальнае для люкс-брэндаў, кошт якіх значна перавышае гэту суму».
Гэта абвестка прыцягнула нашу ўвагу, таму што прадавец адкрыта прапануе свае паслугі па абыходзе санкцый. Мы адшукалі кантакты, звязаліся з фірмай у WhatsApp і аформілі пробны заказ.
Аператар кампаніі падчас ліставання прапанавала нам такую схему даставы: мы самі замаўляем упадабанае адзенне, прыкладам, у італьянскай інтэрнэт-краме і аплачваем закуп, а далей або прадавец адпраўляе пасылку на склад пад Вільняй, або сама «Белкарго» забірае заказ у Італіі і дастаўляе яго ў Літву, там на тавар афармляюць дакументы, і ён едзе ў Расею.
Журналісту БРЦ выслалі табліцу, у якой для арганізацыі даставы трэба было прапісаць брэнд тавару, артыкул, вагу, колер, краіну вытворчасці. Графы «цана» ў ёй мы не знайшлі. У адказ на ўдакладняючае пытанне, як будуць разлічвацца пошліны без кошту, нам даслалі новую табліцу — ужо з патрэбнай графой. [*] [*]
«Цяпер абавязкова ўдакладняецца кошт тавару», — адзначыў супрацоўнік «Белкарго» ў суправаджальным паведамленні. Аднак далейшая камунікацыя з кампаніяй паказала, што рэальная цана закупу значэння не мае. [*]
У табліцу мы ўпісалі 10 мужчынскіх куртак люксавых брэндаў — Brunello Cucinelli, Cortigiani, Herno, Fradi і іншых — з артыкуламі, па якіх можна лёгка знайсці ў інтэрнэце, колькі яны каштуюць. Але ў графу «кошт» напісалі іншыя цэны, істотна ніжэй. У суме атрымалася €1730 замест €6450. Ніякіх пытанняў з гэтай нагоды ў кампаніі не паўстала. [*]
Пазней мы скарэктавалі спіс: замянілі некалькі мадэляў тавару, праз што агульная вага заказу зменшылася з 16 да 15 кг. Але сумарны кошт з выдуманымі цэнамі застаўся ранейшым. [*]
«Белкарго» выставіла рахунак за даставу з Мілана ў Вільню — $130, а з Вільні ў Маскву — $255. Мяркуючы па ліставанні, выніковую суму пасярэднік разлічыў, грунтуючыся на вазе грузу, без уліку кошту змесціва. У выніку санкцыйныя абмежаванні на ўвоз тавараў даражэй €300 перастаюць працаваць. [*]
Незаконная эканомія
Заніжэнне цэн пры імпарце адзення адбіваецца на прыбытках Беларусі ад падатку на дададзеную вартасць (ПДВ) і ўвазных мыт (краіны ЕАЭС дзеляць паміж сабой увазныя мыты, якія паступаюць кожнай з іх, ва ўзгодненых прапорцыях). Калі імпарцёры дэкларуюць заніжаныя цэны, то і падатак, і мыты на ўвоз імпартнага адзення плацяць, адпаведна, менш.
У выпадку нашага эксперыментальнага заказу адзення рэальным коштам €6450, мы павінны былі б заплаціць за яго ўвоз 10% мыты і 20% ад кошту тавару і мыты ўвазнога ПДВ. Атрымліваецца больш €2000. Калі б паказалі мытную цану кожнай замоўленай курткі па €300 — максімальны кошт адзення, якое можна вывозіць з ЕЗ, то памер нашых плат у бюджэт быў бы ўдвая менш. Але «Белкарго» збіралася ўзяць з нас толькі траціну нават ад гэтай меншай сумы. Прычым гэта цана за ўсё: з улікам і выплат усіх мыт, і лагістычных выдаткаў, і прыбытку кампаніі.
Здаецца, што «Белкарго» практычна не плаціць імпартных мыт ці не плаціць зусім. У транспартавых накладных за 2023–2024 гады, якія мы атрымалі ад крыніцы ў лагістычнай галіне, пры даставе ў Расею з Беларусі куртку Balenciaga, якая каштуе больш за €3000, ацанілі ў $4. Калі ў Беларусь тавар увозілі па такой жа цане, то на кожнай тысячы ўвезеных такім чынам куртак бюджэт губляе амаль €700 тыс. Расейскі бюджэт таксама нясе страты праз заніжэнне цэн у дакументах. Пры ўвозе тавараў з Беларусі імпарцёр павінен выплаціць ПДВ, у дадзеным выпадку 20%. Сума наўпрост залежыць ад кошту тавару. То бок у выпадку з рэальнымі цэнамі расейскі бюджэт атрымаў бы каля €600 тыс. з тысячы куртак, а ў сітуацыі з заніжэннем да $4 — усяго €724.
Хто пад маскай
У адным з пастоў на старонцы кампаніі «Белкарго» ў фэйсбуку мы знайшлі спасылку на сайт cargo-buyer.ru і два кантактавыя нумары, па адным з якіх і звязаліся з кампаніяй у WhatsApp. Другі паказаны і на cargo-buyer.ru, на якім таксама прапануюць даставу адзення з Еўропы ў Расею праз Вільню. На сайце прапісаная юрасоба, якой ён належыць, — расейскае ТАА «Паскальтрейд».
Аднак у мытных дэкларацыях за 2023-2024 гады, якія ёсць у распараджэнні БРЦ, «Паскальтрейд» значыцца толькі атрымальнікам адзення з Беларусі. Адпраўніком ва ўсіх выпадках выступае ўжо знаёмае нам па папярэдніх расследаваннях ТАА «Гандлёвы дом Экспартгандаль». Гэта кампанія звязаная з былым памагатым Віктара Лукашэнкі, бізнесоўцам Аляксандрам Зайцавым. З канца 2020 па сярэдзіну 2021 года ён лічыўся ўласнікам «Гандлёвага дому Экспартгандаль».
Пасля Аляксандра Зайцава ўласнікам кампаніі стаў Яўген Крахоцін.
Ён у 2013–2017 гадах працаваў у ТАА «Сцісхо», якое належала Зайцаву больш за сем гадоў. А са жніўня 2023 года «Гандлёвы дом Экспартгандаль» належыць Ганне Елпаевай, якая з 2019 года таксама працавала ў фірме, звязанай з бізнесоўцам, — ТАА «ВЛАТЭ Лагістык». Ёю да 2020 года валодала ТАА «Брэміна Груп», якое належыць Зайцаву і яшчэ двум набліжаным да Аляксандра Лукашэнкі бізнесоўцам, Аляксею Алексіну і Мікалаю Вераб'ю. «Брэміна Груп» — кампанія, якая пабудавала некалькі мытна-лагістычных цэнтраў побач з галоўнымі грузавымі памежпераходамі Беларусі і Польшчы — Бераставіцай і Брузгамі. То бок «Гандлёвы дом Экспартгандаль» звязаны з буйнымі кампаніямі, якія займаюцца абслугоўваннем у мытнай і складавай лагістыцы. [*]
Пацвярджаюць удзел «Гандлёвага дому Экспартгандаль» у схеме дастаў брэндавага адзення і іншыя дакументы. Літоўскія калегі з расследавальніцкага цэнтру Siena перадалі нам мытныя дэкларацыі на амаль 600 адзінак тавару з Італіі — сукенак, штаноў, абутку, увезеных у Беларусь. Адпраўніком у іх паказана італьянская лагістычная фірма Lemon. Кампанію стварылі за тыдзень да поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну. Сайт зарэгістравалі годам пазней.
Маркі пастаўленага адзення ў дакументах не пазначаныя, але на афіцыйным сайце Lemon напісана, што фірма працуе менавіта з люксавымі брэндамі. Атрымальнік — «Гандлёвы дом Экспартгандаль».
Пастаўшчык-рэцыдывіст
«Гандлёвы дом Экспартгандаль» — самы буйны беларускі забеспячэнец Расеі люксавым адзеннем. Летась, прыкладам, ён адправіў суседзям каля 8 тыс. мужчынскіх куртак італьянскай вытворчасці — гэта 68% па вазе і 59% па кошце ад усяго аб'ёму такога тавару, які дастаўляецца з Беларусі ў РФ. Годам раней — 55% па вазе і 47% па кошце.
Амаль усе курткі з Італіі, якія кампанія завезла ў Расею, па дадзеных з наяўных у нас дэкларацый, афармлялі па цане да $40 за адзінку. Калі выказаць здагадку, што розніца паміж рэальным і задэклараваным коштам куртак прыкладна такая, як у выпадку з нашым заказам, то беларускі бюджэт толькі на гэтых даставах мог не далічыцца амаль €1,1 млн. Гэтыя сродкі дзяржава магла б выдаткаваць на развіццё адукацыі ці ахову здароўя. Напрыклад, на ангіёграф для даследавання крывяносных сасудаў і сэрца ці магнітна-рэзанансавы тамограф. Пад канец 2024 года з рэспубліканскага бюджэту вылучылі каля 5 млн. беларускіх рублёў (амаль €1,4 млн) на куплю такой тэхнікі для медустановы Гомельскай вобласці. Калі б тавар, які паступіў, аформілі па законе, гэта дазволіла б дзяржаве купіць як мінімум яшчэ адзін з гэтых апаратаў.
У 2022–2024 гадах «Гандлёвы дом Экспартгандаль» браў удзел яшчэ ў некалькіх схемах па абыходзе санкцый ЕЗ і ЗША супраць Расеі і Беларусі. Па нашых падліках, за гэты час кампанія паставіла ў РФ не меней за 825 мікрасхем амерыканскай і еўрапейскай вытворчасці. Кампанія таксама фігуравала ў даставах шын з Італіі — яшчэ аднаго падсанкцыйнага тавару. Нягледзячы на гэта, «Гандлёвы дом Экспартгандаль» дагэтуль не ўключылі ў санкцыйныя спісы ні Еўразвяза, ні ЗША. Гэта дазваляе яму карыстацца міжнароднай лагістыкай і банкаўскімі паслугамі.
Працуючы над гэтым расследаваннем, мы выявілі яшчэ адну кампанію, не ўпершыню замяшаную ў схеме па абыходзе санкцый. Гэта — літоўская Vinges Terminalas. У ліставанні з БРЦ прадстаўнік «Белкарго» паведаміў, што на склад пад Вільнй гэтай кампаніі паступае адзенне з Еўропы перад адсыланнем у Беларусь. Выданне «Инсайдер» згадвала яе ў сваім расследаванні пра даставу ў Расею электронных прылад, якія ўжываюцца ў вытворчасці беспілотнікаў «Карсар» і «Шахед». Прадстаўнік Vinges Terminalas запэўніў нашых калегаў, што такога тавару яны не вазілі, але не выключыў, што ён мог захоўвацца на складзе. [*]
У адказе на запыт БРЦ супрацоўнік Vinges Terminalas напісаў, што яму «невядома, ці выкарыстоўваецца склад у ланцужку дастаў прадметаў раскошы ў Расею». У лісце таксама сказана, што ніякіх дамоваў пра супрацу з кампаніямі «Паскальтрейд» («Белкарго») і «Гандлёвы дом Экспартгандаль» у іх няма і не было.
Мы таксама скіравалі запыты кампаніі «Гандлёвы дом Экспартгандаль» і італьянскай фірме Lemon, аднак на момант публікацыі расследавання адказы не атрымалі.