Аляксандр Лукашэнка «контрсанкцыйным» указам стварыў на рынку Беларусі штучны дэфіцыт прадуктаў з ЕЗ. Гэтым карыстаецца сябар Лукашэнкі Сяргей Цяцерын, які імпартуе некаторыя забароненыя прадукты ў абыход санкцый і, пры адсутнасці канкурэнцыі, прадае іх па больш высокай цане.
Кампанія-імпарцёр забароненага шакаладу зарэгістраваная на брата дзелавой партнёркі Цяцерына. З ім яна неаднаразова лятала на адпачынак у кампаніі Аляксандра Лукашэнкі.
Крыніца з фуд-індустрыі Беларусі сцвярджае, што рэальна кантрабандай шакаладу займаецца кампанія Цяцерына «БелГлобалГарант». У бізнэс-колах у курсе, што яна атрымала эксклюзіўнае права на імпарт забароненай прысмакі, але чыноўнікам пра гэта невядома.
Матэрыял зроблены пры дапамозе «КіберПартызанаў».
Салодкае жыццё
У беларускія крамы вярнуўся нямецкі шакалад Ritter Sport. У продажы яго не было амаль увесь мінулы год з-за так званых «контрсанкцый» на прадукцыю ЕЗ. Іх сваім асабістым указам увёў Аляксандр Лукашэнка, а потым зацвердзіў Савет Міністраў. У снежні 2022 г. Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ) працягнула гэтую забарону яшчэ на паўгода. Тым не менш, журналісты Realt.by заўважылі шакалад Ritter Sport, які падаражэў, на паліцах гандлёвай сеткі «Карона».
Гэта магло адбыцца дзякуючы нюансам «контрсанкцыйнага» заканадаўства. Справа ў тым, што імпартаваць у Беларусь забароненыя еўрапейскія прадукты ўсё яшчэ можна. Для гэтага трэба атрымаць спецыяльныя квоты ад МАРГ. Пад выглядам патэнцыйных імпарцёраў журналісты БРЦ патэлефанавалі ў міністэрства, каб даведацца, як атрымаць такі дазвол. Аднак нам адказалі, што падобныя квоты пакуль не выдаюцца.
«Квоты будуць устаноўленыя толькі ў тым выпадку, калі будзе назірацца дэфіцыт тавараў на рынку. І толькі тады будзе размеркаванне. Будзе абвешчана на сайце, вы гэта ўбачыце і будзеце падавацца на частку квот», – сказалі БРЦ у МАРГ.
Выходзіць, шакалад Ritter Sport – гэта, па беларускіх законах, кантрабанда. Хто ж імпартуе яго з Нямеччыны, парушаючы ўказ Лукашэнкі? Прыгледзімся да пакунку нямецкіх слодычаў. На кожнай – налепка «пастаўшчык "Лагістычная кампанія Усход"».