Расследаванне падрыхтаванае сумесна з выданнямі All Eyes on Wagner, «Важные истории», Слідство.Інфо, Цэнтрам даследавання карупцыі і арганізаванай злачыннасці OCCRP, пры падтрымцы «Кіберпартызанаў».
Беларуская кампанія забяспечвала Расею падсанкцыйным растваральнікам праз фірмы-пракладкі ў Кыргызстане і Арменіі. Гэтае рэчыва можна выкарыстоўваць як у мірнай прамысловасці, так і для стварэння хімічнай зброі. БРЦ высветліў, што да ланцужка незаконных паставак маюць дачыненне набліжаныя да Аляксандра Лукашэнкі бізнесоўцы.
Восень 2024 года. Барсэлона. Тэрмінал порту. Два дзясяткі мытнікаў і ўзброеных паліцэйскіх аглядаюць грузавыя кантэйнеры. Пагрузчык выцягвае з іх металічныя бочкі. Мужчына ў пальчатках і процівагазе раскрывае заліўную адтуліну і бярэ пробу змесціва ў шкляную бутэлечку. Гэта — аперацыя «Прабірка», якая пачалася яшчэ ў 2022-м. Іспанскія праваахоўнікі паведамілі, што выкрылі канал паставак у Расею падсанкцыйнага хімікату і канфіскавалі 13 тонаў рэчыва.
Гэты рэактыў можа быць прэкурсорам для вырабу хімічнай зброі, зрабілі здагадку ў паліцыі Іспаніі. Журналісты «Радио Свобода» выказалі іншую версію: ён прыдатны для вытворчасці міжкантынентальных балістычных ракетаў і акумулятараў для звышсакрэтнай расейскай падводнай лодкі «Лошарик».
БРЦ паспрабаваў разабрацца, хто, каму і навошта адпраўляў хімікаты, і знайшоў у гэтай гісторыі беларускі след. Мы высветлілі, што ў пастаўках замешаная кампанія, звязаная адразу з трыма «гаманцамі» Аляксандра Лукашэнкі.
Універсальны хімікат
На відэа з месца канфіскацыі забароненага грузу, апублікаваным іспанскай паліцыяй, бачна, што на бочках ёсць этыкеткі з надпісам «NMP». Гэта скарочаная назва магутнага бясколернага растваральніку N-метыл-2-піралідону з высокай хімічнай і тэрмастабільнасцю. Рэчыва выкарыстоўваецца для вытворчасці аграхімікатаў, фарбаў і падобных пакрыццяў, клею, герметыкаў, для ачысткі праваднікоў у электроніцы, у фармацэўтыцы і іншых сферах.
«У яго, бадай, самае шырокае прымяненне. Выкарыстоўваецца ў нафтахімічнай, палімернай і акумулятарнай прамысловасці», — патлумачыў у каментары БРЦ загадчык кафедры арганічнай хіміі Львоўскага нацыянальнага ўніверсітэту Мікалай Абушак.
Суразмоўца дадаў, што NMP можна аднесці да тавараў падвойнага прызначэння, паколькі гэты хімікат ужываецца і ў ваенных мэтах. Яго выкарыстоўваюць, напрыклад, у вытворчасці акумулятараў высокай ёмістасці або кеўлару — высокатрывалага валакна, з якога шыюць вайсковую форму. Апроч таго, з ягонай дапамогай сінтэзуюць небяспечныя хімічныя злучэнні. Паводле Мікалая Абушака, N-метыл-2-піралідон можна выкарыстоўваць, каб атрымаць атрутныя рэчывы для гранатаў К-51 і РГ-ВО.
Ужываць хімічную зброю ў вайне забаронена міжнароднымі канвенцыямі. Аднак украінскія вайскоўцы кажуць, што не па чутках ведаюць, як яна працуе: «Там такі смурод (у памяшканні, куды трапляе снарад з хімікатамі — рэд.), яно проста пячэ, рэжа табе вочы, і ты не можаш там проста знаходзіцца. … Многія мае таварышы пацярпелі ад гэтага газу», — распавёў БРЦ Кірыл Лазарэвіч, былы дэсантнік дэсантна-штурмавых войскаў Украіны.
З 15 лютага 2023 года па 29 траўня 2025 года Генеральны штаб УСУ зафіксаваў 9167 выпадкаў выкарыстання небяспечных хімічных рэчываў расейскімі войскамі. Пра гэта прадстаўнік установы паведаміў на брыфінгу 30 траўня 2025 года: «У газавых гранатах расейцы выкарыстоўваюць ірытанты слезацечнага дзеяння (CS, CN), якія ўжываюцца паліцыяй супраць парушальнікаў на дэманстрацыях».
Еўразвяз забараніў увозіць NMP з ягонай тэрыторыі ў Расею ўвесну 2022 года. Такія захады Брусель прыняў пасля таго, як увесь свет убачыў шакавальныя кадры з прыгараду Кіева — Бучы.
Фіктыўны заказчык
Па справе аб пастаўках падсанкцыйнага хімікату ў Каталоніі паліцыя затрымала дзевяцярых падазроных. Трое з іх — чальцы адной сям'і з Расеі: Марыя, Вячаслаў і Ірына Алейнікавы. Усіх падазроных пасля адпусцілі, але яны застаюцца пад следствам.
У Барсэлоне Алейнікавы ў 2024 годзе адкрылі рэстаран Carvina, у якім прапаноўваюць наведнікам віно і тапас. Таксама сям'я запусціла сетку гастрабараў пад такой жа назвай у Маскве і Санкт-Пецярбургу, у якіх падаюць іспанскія стравы і напоі. Але гастраномія і віна — не адзінае, што сямейства вазіла з Іспаніі ў Расею. У ліку тавараў, якія закупаліся, апынуліся забароненыя рэчывы.
Следства падазрае, што Марыя Алейнікава знаходзілася ў цэнтры меркаванай схемы, па якой іспанскія кампаніі адпраўлялі хімікаты ў Расею ў абыход санкцый ЕЗ. Пра гэта нашым партнёрам з OCCRP распавяла крыніца ў іспанскай паліцыі. Алейнікава — суўласніца іспанскай кампаніі Catrosa Productos Quimicos SL, таксама ёй належыць кампанія Complexe Sancu SL у Іспаніі, якой кіруюць яе дзеці — Вячаслаў і Ірына Алейнікавы, і доля расейскага ТАА «Катроса Реактив». Апошняе — канчатковы атрымальнік падсанкцыйнага растваральніку.
Пасля ўвядзення забароны на экспарт NMP у Расею, у 2023 годзе, паводле звестак расейскай мытні, «Катроса Реактив» набыла каля 16 тонаў N-метыл-2-піралідону. У 2024 годзе — яшчэ 21,3 тоны хімічнага рэчыва пад тым жа таварным кодам, але без пазначэння назвы тавару. З іх 16 тонаў прыйшло ад Complexe Sancu SL. Астатнія 5 тонаў растваральніку даставіла беларускае ТАА «Влатэ Лагістык». [*] [*]
Мы атрымалі мытныя звесткі, якія паказваюць, што «Влатэ Лагістык» пастаўляла хімрэактыў на даручэнне кыргызскай кампаніі ТАА «НК Мурас» і армянскай ТАА «Авинекс». Абедзве з'явіліся пасля пачатку поўнамаштабнай вайны і ўвядзення заходніх санкцыяў супраць Расеі: першую зарэгістравалі ў лютым 2023 года, другую — у сакавіку 2022-га. [*] [*]
Краінамі, якія гандлююць, у мытных дэкларацыях пазначаныя Кыргызстан і Арменія, аднак месцам адпраўлення тавару значыцца Беларусь. Падобна на тое, што падсанкцыйны хімікат фармальна прызначаўся для Бішкеку і Ерэвану, але па факце ў Беларусі яго перанакіроўвалі ў Расею. [*]
Нашую гіпотэзу пацвярджаюць звесткі іспанскай паліцыі. У лютым 2025 года яна паведаміла, што для перапраўкі растваральніку рэальнаму спажыўцу ў Маскве выкарыстоўвалі падстаўныя кампаніі менавіта з Кыргызстану і Арменіі.
Хто купец
Расейская «Катроса Реактив», па наяўных у нас звестках, у 2023-м атрымала ад «Влатэ Лагістык» каля 15 тонаў N-метыл-2-піралідону на прыкладна $330 тыс. Гэта практычна ўвесь аб'ём растваральніку, завезены для «Катроса Реактив» у тым годзе. Агулам па таварным кодзе, у які ўваходзіць і NMP, у 2023-2024 гадах расейскай кампаніі паставілі 74 тоны хімікатаў прыблізна на $800 тыс. Аднак нельга сцвярджаць, што гэта ўсё — менавіта NMP, таму што пад гэтым жа кодам праходзяць і іншыя хімічныя рэчывы. Апроч таго, ёсць верагоднасць, што нашыя звесткі аб абʼёмах і кошце паставак няпоўныя.
Каму расейская кампанія прадавала рэчыва, якое і фарбу растварае, і для вытворчасці хімзброі падыходзіць? «Катроса Реактив» у 2023-2024 гадах, паводле звестак банкаўскіх аперацыяў, паставіла NMP на $1,3 млн фармацэўтычнай кампаніі ЗАТ «Фармфірма “Сотекс”» і ФДУП «Маскоўскі эндакрынны завод». У дакументах пазначаныя толькі сумы ўгодаў без масы хімікату, таму мы не можам дакладна вызначыць, колькі тонаў рэчыва фактычна набылі фармкампаніі. [*]
Сярод пакупнікоў «Катроса Реактив» у 2022-2024 гадах ёсць і арганізацыі, звязаныя з абаронным сектарам Расеі. У прыватнасці, 18 Цэнтральны навукова-даследчы інстытут, звязаны з ваеннай выведкай. У спісе заказчыкаў таксама Навукова-даследчы інстытут прыкладной акустыкі, які трапіў пад санкцыі ЗША за закуп хімікатаў, прыдатных для стварэння баявых атрутных рэчываў, і Дзяржаўны навукова-даследчы інстытут арганічнай хіміі і тэхналогіі, які ЗША і ЕЗ называюць распрацоўшчыкам «Новичка» — рэчыва, сляды якога знайшлі ў крыві Аляксея Навальнага пасля атручвання. Мы не можам сцвярджаць, што ўсе яны куплялі менавіта NMP, бо ў банкаўскіх дакументах не заўсёды пазначана, якія менавіта рэактывы яны набывалі. Усяго «Катроса Реактив» паставіла хімікатаў прыкладна на $65 тыс.
БРЦ даслаў запыты на электронную пошту кампаніі «Катроса Реактив», каб удакладніць, ці ведаюць там, для якіх мэтаў канчатковыя пакупнікі набывалі NMP і што ўвоз рэчыва на тэрыторыю Расеі парушае санкцыйнае заканадаўства. На момант выхаду расследавання адказу мы не атрымалі.
Не толькі растваральнік
NMP — не адзіны тавар, які «Влатэ Лагістык» пастаўляла Расеі. Толькі ў расследаваннях БРЦ, якія тычацца схемаў абыходу санкцыяў, кампанія фігуравала мінімум тройчы: яна займалася рээкспартам у РФ галандскіх кветак, нямецкага піва, вуглевадароду і аўтазапчастак, а таксама мае дачыненне да беларускага афшору.
Апроч таго, «Влатэ Лагістык» на даручэнне згаданай вышэй «НК Мурас» у 2024 годзе завезла ў Расею мадыфікаваныя крухмалы з Аўстрыі, якія выкарыстоўваюць для вытворчасці будаўнічых сумесяў, на $311 тыс. Еўразвяз забараніў іх экспарт у РФ у лютым 2023-га. [*]
Пры дапамозе «Влатэ Лагістык» Расея ў 2023 годзе атрымала партыю пагрузчыкаў французскага вытворцы Manitou. Яна нібыта везла тэхніку праз Беларусь казахстанскаму ТАА «Агрономика», якое зарэгістравалі ў красавіку 2022 года, праз месяц пасля таго, як ЕЗ забараніў экспарт пагрузчыкаў у Беларусь. Аднак гэтая кампанія змяніла месца прызначэння тавару і даручыла беларускай фірме даставіць яго ў Бранскую вобласць. ТАА «Технодом» — канчатковы атрымальнік тэхнікі, пастаўленай праз казахстанскую кампанію-пракладку ў Расею, — па гэтай схеме набыло пагрузачных машынаў на $1,8 млн. [*]
На $196 тыс. дзякуючы «Влатэ Лагістык» Расея ў 2023 годзе атрымала падсанкцыйных цяжкавікоў Volvo і DAF са Швецыі і Нідэрландаў. У гэтым выпадку ланцужок забароненых паставак праходзіў праз Арменію. У мытных дэкларацыях, якія ёсць у нашым распараджэнні, адпраўніком пазначанае армянскае ТАА «Транспортер». Але нам не ўдалося знайсці ў гэтай краіне такую фірму. Магчыма, «Влатэ Лагістык», каб абысці абмежаванні, пазначыла неіснуючую армянскую кампанію. [*]
Агулам у 2023-2024 гадах, паводле нашых падлікаў, праз «Влатэ Лагістык» па даручэнні армянскіх, кыргызскіх і казахстанскіх кампаніяў у РФ паставілі забароненых тавараў больш чым на $15 млн.
Звёны ў вярхах
Адзіным уладальнікам «Влатэ Лагістык» з траўня 2017 года па снежань 2020-га было ТАА «Брэміна груп». Гэта тая самая кампанія, якая атрымлівала ўчасткі на будаўніцтва мытна-лагістычных цэнтраў побач з галоўнымі грузавымі памежнымі пераходамі Беларусі і Польшчы — Бераставіцай і Брузгамі. Назва «Брэміна груп», па адной з неафіцыйных версіяў, паходзіць ад месцаў нараджэння або пражывання яе экс-уладальнікаў: трох «гаманцоў» Аляксандра Лукашэнкі — бізнесоўцаў Аляксандра Зайцава, Аляксея Алексіна і Мікалая Вараб’я.
На момант выхаду расследавання «Влатэ Лагістык» належыць беларусам
Алегу Герасіму, Алегу Пятрову, Ірыне Калеснікавай, Алегу Барабанаву, Дзмітрыю Замулевічу і Уладзіміру Аркадзьеву.
Герасім і Пятроў лічыліся топ-менеджарамі гасцінічна-рэстараннага комплексу «Сябры», які належыць кампаніі Аляксея Алексіна. Барабанаў — дырэктар «Влатэ Лагістык». Замулевіч быў дырэктарам у кампаніі «Інтэрсэрвіс», якой валодае Мікалай Варабей.
Улетку 2021 года «Брэміна груп» трапіла пад заходнія санкцыі праз падтрымку інтарэсаў Аляксандра Лукашэнкі. А ў канцы 2024-га ў санкцыйным спісе ЕЗ і ЗША апынулася і «Влатэ Лагістык». Юрыдычна пастаўкі забароненых тавараў у Расею па гэтай схеме, звязанай з беларускімі бізнесоўцамі, атрымалася перакрыць. Але, як бывае ў гісторыях з абыходам эмбарга, адзін канал перакрываюць — з'яўляецца новы.
Мы праверылі людзей і кампаніі, звязаныя з «Влатэ Лагістык», і знайшлі патэнцыйных удзельнікаў новага абыходнага ланцужку.
З 2019 года ва «Влатэ Лагістык» працуе Ганна Елпаева. Ёй са жніўня 2023 года належыць ТАА «Гандлёвы дом Экспартгандаль» — кампанія, якая займаецца неспецыялізаваным аптовым гандлем. З траўня 2021-га да жніўня 2023-га доляй у ёй валодаў Яўген Крахоцін. Ён жа меў долю ва «Влатэ Лагістык». А яшчэ раней уласнікам кампаніі «Гандлёвы дом Экспартгандаль» быў згаданы вышэй экс-саўладальнік «Влатэ Лагістык» Аляксандр Зайцаў. [*] [*] [*]
«Гандлёвы дом Экспартгандаль», як і «Влатэ Лагістык», забяспечвае РФ забароненымі таварамі і тэхналогіямі. Напрыклад, у лістападзе 2024-га мы выкрылі схему паставак мікрасхемаў гэтай кампаніяй. Паводле нашых падлікаў, «Гандлёвы дом Экспартгандаль» завёз у Расею не менш за 825 мікрасхемаў амерыканскай і еўрапейскай вытворчасці. Набывалі іх у тым ліку ў Турцыі.
З лютага 2022-га па жнівень 2024-га дзякуючы гэтай кампаніі Расея атрымлівала амерыканскія працэсары для камп'ютараў, рознае тэлекамунікацыйнае абсталяванне, аўтазапчасткі і іншы тавар, які падпадае пад экспартныя абмежаванні ЗША. Яго агульны кошт — больш за $450 тыс. Пры гэтым «Гандлёвы дом Экспартгандаль» да гэтага часу не трапіў у санкцыйныя спісы ані Еўразвязу, ані ЗША. А значыць можа працягваць дастаўляць у РФ кампаненты, неабходныя ў тым ліку і для вытворчасці зброі. [*] [*]
Мы скіравалі запыты ў «Гандлёвы дом Экспартгандаль» і «Брэміна груп», каб удакладніць, як гэтыя кампаніі звязаныя паміж сабой. Таксама мы папрасілі пракаментаваць іх удзел у пастаўках санкцыйных тавараў у Расею, аднак на момант выхаду матэрыялу адказаў не атрымалі.