- Незадоўга да заходніх санкцый сербскія бізнесоўцы Карычы прадалі свой беларускі бізнес у Аб'яднаныя Арабскія Эміраты. Але аказалася, што ўладальнікі кампаній – гэта менеджары іншых фірмаў Карычаў.
- Угода носіць прыкметы маніпуляцый, пры дапамозе якіх Карычы, магчыма, «адмылі» 700 мільёнаў еўраў.
- Заходнія санкцыі не перашкаджаюць сербам валодаць нерухомасцю ў Дубай. Раней адзін з членаў сямейства купіў сем кватэр у цэнтры Лондану. Яны запісаныя на зяця Багалюба Карыча. Агульны кошт маёмасці – больш за 14 мільёнаў еўраў.
- Карычы за 10 гадоў сталі найбуйнейшымі забудоўшчыкамі Менску і вывелі з Беларусі больш за 170 мільёнаў еўраў. Гэтаму спрыялі добрыя адносіны паміж сербскімі бізнесменамі і сямʼёй Лукашэнкі. Як высветлілася, нявестка беларускага аўтарытарнага лідара не толькі працавала на Карычаў, але і лётала з імі на курорты.
Злева направа: Багалюб Карыч, Драгамір Карыч, Аляксандр Лукашэнка. President.gov.by
Беларускі расследавальніцкі цэнтр вывучыў фінансавыя справаздачы бізнесаў Карычаў і заўважыў вялізныя трансакцыі па вывадзе грошай за мяжу. Паміж 2008 і 2020, Карычы вывелі болей за €170 млн толькі ў выглядзе дывідэндаў.
Грошы былі выведзеныя на пяць кіпрскіх фірмаў: Triworst, Rodrick, Elaiva Trading, Ozalco Holding, і Russelville што з’яўляліся выгадаатрымальнікамі будаўнічых праектаў у Менску. З 2011 сродкі выводзіліся паступова, але ў 2017-2020 гг. справа набрала шалёныя абароты. З усіх выведзеных грошай кіпрская фірма Dana Holdings, якая з’яўляецца галоўнай юрыдычнай асобай бізнесу, атрымала €120 млн.
Імперыя Карычаў: дасанкцыйны перыяд
Кампаніі братоў Карычаў, якіх да пераезду ў Беларусь СМІ называлі спонсарамі рэжыму Слабадана Мілошавіча, пабудавалі ў Менску шэраг буйных жылых кварталаў. Дзякуючы адмысловым указам Аляксандра Лукашэнкі, якія забяспечылі перадачу зямлі забудоўшчыкам, звязаным з Карычамі, без правядзення аўкцыёнаў, бюджэт мог недаатрымаць каля мільярда долараў, падлічыў БРЦ сумесна з OCCRP. Да таго ж, насуперак звычайнай практыцы, адміністрацыя Менску правяла да будынкаў інфраструктуру (водаправод, электрычнасць, дарогі) за кошт беларускіх падаткаплатнікаў. Але, як правіла, гэты абавязак кладзецца на забудоўшчыка. Усе гэтыя льготы забяспечылі бізнесу Карычаў у Беларусі звышпрыбыткі, якія Аляксандр Лукашэнка вызваліў ад шэрагу падаткаў.
Жыллёвуая забудова «Менск-Свет». Bir.by
Па паперах вынікае, што Алівера Недзяльковіч, сястра Багалюба Карыча, разам з пяццю кіпрскімі кампаніямі (Triworst, Rodrick, Elaiva Trading, Ozalco Holding і Russelville), кантралявала кампаніі Dana Astra, Emirates Blue Sky і Dubai Water Front. Да 4 снежная 2020 на чале пяці кампаніяў стаяла кіпрская Dana Holdings.