Статыстыка ўцёкаў
У 2025 годзе за спробу перасячэння ўкраінска-беларускай мяжы ўкраінскія памежнікі затрымалі 1424 мужчыны прызыўнога ўзросту, паведамілі журналістам БРЦ і ўкраінскага выдання «Слідство.Інфо» ў Дзяржаўнай памежнай службе Украіны (ДПСУ). Гэта ў чатыры разы больш, чым у папярэднім годзе (326 чалавек), і ў 356 разоў, чым у 2023-м (4).
«Сёлета (у 2025-м — рэд.) мы бачым пэўны рост, калі параўноўваць з іншымі гадамі, колькасці тых, каго мы затрымліваем за спробу незаконнага перасячэння мяжы. … Напрамак мяжы з Беларуссю, ён істотна ніжэйшы па паказніках, чым, напрыклад, мяжа з Румыніяй або мяжа з Малдовай. Але, зноў жа, прырост ёсць», — сказаў журналістам памочнік кіраўніка ДПСУ Андрэй Дземчанка.
У мінулым годзе на ўкраінска-беларускай мяжы затрымалі больш мужчын, чым на ўкраінска-польскай. Калі ў 2024-м на мяжы з Польшчай злавілі 467 ухілістаў, а з Беларуссю — 326, то летась колькасць тых, хто хацеў трапіць у РБ, вырасла амаль у 4,5 разу. Паводле дадзеных украінскіх памежнікаў, беларускі напрамак увайшоў у пяцёрку па колькасці затрыманых ваеннаабавязаных. Вышэй — Вугоршчына (1841 чалавек), Славакія (2265), Малдова (4937), на першым месцы — Румынія (10066). За беларускай ідуць мяжа з Польшчай (511 чалавек у 2025 годзе) і з Расеяй (адзін чалавек).