Дадзенае расследаванне падрыхтаванае пры падтрымцы гранту фонду «Журналісцкія расследаванні для Еўропы» (IJ4EU).
Гэты матэрыял падрыхтаваны сумесна з Siena (Літва), Re:Baltica (Латвія), Fundacja Reporterów (Польшча) і пры падтрымцы «Кіберпартызанаў».
Егіпет – Расея – Беларусь – ЕЗ, смерць або калецтва
У студзені 2023 года журналіст БРЦ пагаварыў з мігрантам, які намагаўся трапіць у ЕЗ праз Беларусь. Ібрагім знаходзіўся ў больніцы ў Вільні. Ён родам з Егіпту, там працаваў тынкоўшчыкам. Восенню 2022 года прыляцеў у Маскву – з ягоных словаў, на заробкі. Праз месяц вырашыў прабірацца ў Еўразвяз.
«У Расеі я пазнаёміўся з чалавекам, які мне сказаў, што ведае куратара, які можа пераправіць мяне ў любую краіну ЕЗ. У мяне не было ў планах канкрэтна Літвы. Я заплаціў гэтаму кантрабандысту €6 тыс. – грошы мне бацькі даслалі. Мы ішлі праз лес па кропках GPS», – распавёў БРЦ Ібрагім.
Егіпцянін прабіраўся ў ЕЗ у складзе групы з васьмі чалавек. Са словаў мужчыны, мяжу перайшлі лёгка, не сустрэўшы нікога на сваім шляху. Але пасля гэтага «куратар» іх кінуў.
«Сказаў, што адправіць машыны, і нічога не адправіў. Мы чакалі дзень, два і тры, пакуль не адчулі, што нашыя органы перастаюць дзейнічаць, што мы паміраем. Мы выйшлі на дарогу, пачалі прыцягваць увагу, каб нас хоць хтосьці заўважыў. Машына патруля [літоўскага – рэд.] прыехала і заўважыла нас. У траіх з нас усё было добра, яны не былі знясіленыя, як іншыя. Іх выкінулі назад у лес. І так нас засталося пяцёра», – распавёў БРЦ Ібрагім.
З абмарожаннямі Ібрагім трапіў у больніцу. Паводле яго, медычную дапамогу ён не атрымліваў каля двух тыдняў. У выніку яму ампутавалі па тры пальцы на кожнай назе. Спадарожнік з імем Юсэф застаўся без часткі правай ступні і чатырох пальцаў левай нагі. Іншаму пацярпеламу, Ахмаду, ампутавалі палец. Яшчэ аднаму, Мохамаду, адрэзалі частку пальца.
Зараз Ібрагім знаходзіцца ў лагеры для бежанцаў і марыць, што зноў зможа хадзіць.
Арыфметыка нелегальнай міграцыі
Напрыканцы сакавіка 2023 года сітуацыя на мяжы Беларусі і краінаў ЕЗ зноў абвастрылася. Каля сотні спробаў яе незаконнага перасячэння фіксуюцца штодня, паведамляюць польскія памежнікі. Часта канчатковая мэта мігрантаў – Нямеччына. Міністры ўнутраных справаў зямель Брандэнбургу і Саксоніі запатрабавалі ўвесці стацыянарны кантроль на мяжы з Польшчай і Чэхіяй, каб спыніць іх плынь. У асноўным – гэта грамадзяне Афганістану, Сірыі, Емену і Турцыі. Спачатку яны прылятаюць у Расею, адтуль адпраўляюцца ў Менск або Берасце, затым – да беларуска-польскай мяжы. Плот вышынёй пяць з паловай метраў, які пабудавалі летась, яны пералазяць з дапамогай лесвіц, папярэдне пераканаўшыся, што паблізу няма польскіх памежнікаў. Затым сыходзяць у лес на некалькі кіламетраў, дзе іх падбіраюць загадзя нанятыя кіроўцы і вязуць у Нямеччыну.
Падпрацаваць такім шафёрам можа кожны ахвотны. Аб'явы размяшчаюць у адкрытых тэлеграм-супольнасцях праз ананімныя акаўнты. Журналісты БРЦ адгукнуліся на адну з такіх прапановаў і патрапілі ў чат, дзе размяшчаюцца замовы на перавозку мігрантаў.