У 1994 годзе Віктару Шэйману, які прайшоў вайну ў Афганістане, даверылі бяспеку Аляксандра Лукашэнкі – тады яшчэ кандыдата на першых прэзідэнцкіх выбарах. Пасля гэтага Шэйман пабываў на многіх высокіх пасадах сілавога блоку. У 2013 годзе Лукашэнка прызначыў яго сваім «заўгасам». Дакладней, даверыў Кіраўніцтва справамі прэзідэнта. Да таго часу з невялікай структуры, якая абслугоўвае дзяржаўныя органы, дзяржарганізацыя ператварылася ў буйны холдынг, які зараз аб'ядноўвае дзясяткі кампаній, занятых у самых розных сферах: ад продажу нафтапрадуктаў і цыгарэт да кантролю над асноўнымі санаторыямі і нацпаркамі Беларусі. Пры Шэймане да Кіраўніцтва справамі прэзідэнта былі далучаны мясакамбінат, малочны завод, птушкафабрыка і шэраг іншых актываў.
На чале прэзідэнцкай бізнес-імперыі Віктар Шэйман пратрымаўся восем гадоў – да лета 2021 года. Лукашэнка, прымаючы адстаўку Шэймана, папрасіў яго не сыходзіць далёка ад дзяржаўных спраў. Гэта даручэнне было выканана. Ужо пасля афіцыйнага адыходу ад спраў Шэйман быў заўважаны ў шэрагу спецыфічных рэгіёнаў: Венесуэла, Абхазія і Хабараўскі край. Шэймана там сустракалі як «спецыяльнага прадстаўніка прэзідэнта Беларусі».
За час працы ў Кіраўніцтве справамі прэзідэнта паплечнік Лукашэнкі паспеў адзначыцца ў шэрагу недзяржаўных праектаў, рэалізацыяй якіх займаліся яго добрыя знаёмыя. Напрыклад, учарашняя студэнтка Акадэміі мастацтваў Ганна Пушкарова.
Вядомасць у бізнес-колах яна атрымала некалькі гадоў таму як саўладальніца кампаніі «Глобалкастом».
Паводле расейскага выдання РБК, у 2017 годзе гэтая фірма была сярод асноўных пастаўшчыкоў кантрабанды санкцыйных тавараў з Беларусі ў Расею. Гэтая кампанія таксама ўдзельнічала ў схеме рээкспарту кветак і незаконных паставак адзення як у Расею, так і ў Беларусь. Апошні выпадак нават разглядаўся ў беларускім судзе на патрабаванне Масквы. Аднак суд адмовіўся прыцягнуць кампанію Пушкаровай у якасці адказчыка, задаволіўшыся тлумачэннем кампаніі, што ў іх шмат грузаў і яны проста забыліся праверыць некалькі фур. У выніку былі асуджаныя кіроўца і ўласнік затрыманай фуры.
Зрэшты, беларускія ўлады даведаліся аб Пушкаровай задоўга да гэтых скандалаў. Яшчэ ў 2010 годзе, падчас вучобы на 3 курсе Акадэміі мастацтваў, дваццацігадовая Пушкарова апынулася на борце прэзідэнцкага самалёта EW-001PA, які ляцеў у Цюрых.
У дзесяцідзённую паездку разам з ёй адправіліся сам Аляксандр Лукашэнка і члены яго сямʼі, а таксама алігархі Юрый Чыж і Сяргей Цяцерын, духоўнік Лукашэнкі (Фёдар Поўны) і яго асабісты лекар (Святлана Канашэнка).
Пушкарова была не адзінай студэнткай на борце гэтага самалёта. Кампанію ёй склала Марта Голубева.
Упершыню яе заўважылі побач з Лукашэнкам у 2008 годзе. Тады ёй было 18 гадоў, яна спявала ў ансамблі «Верасы» Васіля Раінчыка, які таксама лётаў у Цюрых у 2010-м, і вучылася ў Акадэміі мастацтваў на тэатральным факультэце, а значыць, хутчэй за ўсё, была аднагрупніцай Пушкаровай і магла пазнаёміць яе з Лукашэнкам.
Зрэшты, як вынікае з базы пералётаў, далей Ганна Пушкарова часцей аказвалася ў кампаніі Віктара Шэймана. Расследавальнікі налічылі ў іх як мінімум 10 сумесных паездак і пералётаў. У тым ліку службовы візіт Шэймана ва Украіну ў 2012-м годзе.
Да таго моманту сэрца другога чалавека ў дзяржаве было свабодна. У 2002 годзе ён развёўся. На працягу 20 гадоў яго жонкай была Алена Шэйман. У Шэймана ад Алены двое дзяцей: 39-гадовы сын Сяргей і дачка Вольга.
Зблізіўшыся з памочнікам прэзідэнта па асаблівых даручэннях, Пушкарова, звычайная дзяўчына з Дзяржынска, можна сказаць, выцягнула свой шчаслівы білет. Напрыклад, у 2012-м годзе, праз два месяцы пасля палёту ў кампаніі Віктара Шэймана з Эміратаў, яна, учарашняя выпускніца Акадэміі мастацтваў, стала ўладальніцай кватэры на вуліцы Харужай у Менску коштам 240 тысяч долараў.
А неўзабаве ў яе гаражы зʼявіўся аўтамабіль Toyota RAV4 2016 года выпуску за амаль 60 тысяч рублёў.
У той час Віктар Шэйман таксама вырашаў жыллёвыя пытанні. У 2017 годзе ён купіў зямлю і дом у вёсцы Падліпкі Пухавіцкага раёну за 15,5 тысяч долараў.
На гэтым участку ён узвёў новабудоўлю з падвалам, верандай і гаспадарчым блокам агульнай плошчай 547 квадратных метраў. На першым паверсе знаходзяцца кухня, кабінеты, пакоі, а ў склепе размяшчаюцца вінатэка, більярдавая і гаспадарчыя памяшканні. Дом ацэньваецца мінімум у 350 тысяч долараў. Да яго прымыкаюць 25 сотак.
А побач стаіць цагляны дом з падвалам, склепам і тэрасай. Ён быў набыты з аўкцыёну ў 2017 годзе. У лютым 2020 г. уведзены ў эксплуатацыю і зарэгістраваны на Ганну Пушкарову.
Яго арыенціровачны кошт – 60 тысяч долараў.
Да таго моманту Ганна Пушкарова стала мамай. Першынца яна нарадзіла ў лістападзе 2018-га ва ўзросце 29 гадоў. Незадоўга да гэтага цяжарная Ганна разам з сястрой вылецела з Беларусі, мяркуючы па ўсім, у Ізраіль. Бо сына, як паказана ў яго пашпарце, Пушкарова нарадзіла ў Тэль-Авіве. Хлопчыка Ганна назвала Міхаілам і дала яму імя па бацьку Віктаравіч. Пры гэтым запісала дзіцяці на сваё прозвішча.
Сярод спадарожнікаў маленькага Міхаіла ў яго пералётах расследвальнікі не знайшлі Віктара Уладзіміравіча Пушкарова, які паказаны ў пасведчанні аб нараджэнні хлопчыка.
Як высветлілася пазней, у беларускай пашпартнай базе чалавек з такімі звесткамі адсутнічае.
А вось Віктар Уладзіміравіч Шэйман падарожнічаў у кампаніі Ганны Пушкаровай і яе сынам 25 жніўня 2019 года.
Пасля таго як імя Пушкарова засвяцілася ў СМІ, а звязаныя з ёй гісторыі набылі арэол скандальнасці, у кампаній, звязаных з дзяўчынай, зʼявіліся новыя гаспадары. Так, да таго моманту фірмаў у Пушкаровай было ўжо некалькі. З арыгінальнага «Глобалкастам» выраслі «Глобалкастам-менеджмент» і «Глобалкастам-комерс». Пасля Пушкаровай іх уладальнікамі сталі Яўген Жоўнер і Аляксандр Раманоўскі, крыху пазней да іх далучыўся Антон Новік.
Са звестак ад «Кіберпартызан» расследвальнікі даведаліся, што Раманоўскі і Новік – гэта былыя супрацоўнікі Службы бяспекі прэзідэнта. Новік таксама зʼяўляецца членам Прэзідыума Беларускай федэрацыі дзюдо і прыходзіцца сынам вядомаму савецкаму самбісту Антону Новіку-старэйшаму.
Трэцяга правапераемніка Пушкаровай Яўгена Жоўнера ў СМІ называлі «даверанай асобай» Віктара Шэймана. Жоўнер працаваў у адміністрацыі і кіраўніцтве справамі прэзідэнта. Як мы даведаліся падчас аднаго з нашых папярэдніх расследаванняў, ён адзін з прадстаўнікоў золатаздабывальнай кампаніі Zim Goldfields і падпісваў яе ўстаноўчыя дакументы. Дадзеная кампанія атрымала льготныя гранты ад зімбабвійскіх уладаў на распрацоўку радовішчаў золата. Гэта здарылася пасля афіцыйнага візіту Віктара Шэймана ў Зімбабвэ, пасля якога ён абвясціў аб угодзе «беларуская тэхніка наўзамен на права для Беларусі здабываць золата» ў гэтай афрыканскай краіне. Са злітых дакументаў вынікае, што адзін з канчатковых уладальнікаў Zim Goldfields – сын Віктара Шэймана Сяргей Шэйман, а беларуская дзяржава не мае да кампаніі ніякага дачынення.
У 2022 годзе «Глобалкастом-менеджмент» змяніла назву на «Ардазавод».
За паўтара года да гэтага яна атрымала ліцэнзію ад Міністэрства фінансаў на апрацоўку, выраб і гандаль каштоўнымі металамі і камянямі і адкрыла сваю краму побач з будынкам МУС у Менску. Да яе ж у 2017 годзе перайшоў брэнд «Беларускія брыльянты», якім раней валодала кампанія «Адамасінвест», дзе ў тыя гады працавала сястра Пушкаровай Юлія Брыгадная.
На каштоўнасцях, харчаванні, адзенні і кветках бізнес-інтарэсы спадарожніцы Шэймана Пушкаровай не сканчаюцца. У 2019 годзе «Глобалкастам-мэнэджмэнт», саўладальніцай якога тады яшчэ была Ганна, стварыў кампанію «БелСек’юрыціГруп». У студзені 2020 яна змяніла назву на «Гардсервіс», а ў чэрвені таго ж года Аляксандр Лукашэнка зрабіў яе першай прыватнай ахоўнай арганізацыяй з правам прымяняць і захоўваць службовую зброю.
Неўзабаве пасля таго як «Еўрарадыё» знайшло сувязі паміж дырэктарам кампаніі Яўгенам Чанавым і Кіраўніцтвам справамі прэзідэнта, у кампаніі змяніўся ўладальнік і дырэктар. У жніўні 2020 «ГардСервісам» стаў валодаць Аляксандр Мятла, кіраўнік дабрачыннага фонду «Памяць Афгана». Шэйман вядомы сяброўствам з Мятлой і дапамагаў фонду з моманту яго заснавання. Акрамя таго, менавіта ў Мятлы ў 2017 годзе Шэйман купіў зямлю ў Падліпках, дзе цяпер жыве ў блізкім суседстве з Пушкаровай і яе маленькім сынам.
Аўтар Аляксей Гуліцкій, рэдактарка Вольга Ратмірава