Хто на каго ціснуў
«У ноч з 24 на 25 верасня Польшча адкрыла пераходы на мяжы з Беларуссю, якія яна зачыніла ў ноч на 12 верасня на фоне беларуска-расейскіх вайсковых вучэнняў “Захад — 2025”. Як заявіў прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск: “Прымаючы да ўвагі эканамічныя інтарэсы польскіх перавознікаў, мы прыйшлі да высновы, што гэта прэвентыўная мера выканала сваю задачу”.
Беларускія прапагандысты неадкладна пачалі каментаваць гэтае рашэнне са звыклага пункту гледжання: хто каго нагнуў. “Чо, як „ціск на Лукашэнку“? Разадралі азадак?” — выказаўся Азаронак у сваёй калонцы на “Менскай праўдзе”.
У перакладзе з існасцёвага на дыпламатычны, прапаганда глядзіць на гэты працэс у адным ключы: на каго ж націснулі кітайцы. Гаворка ідзе пра тое, што 15-16 верасня міністр замежных спраў Кітая Ван І сустрэўся ў Варшаве са сваім польскім калегам Радаславам Сікорскім і прэзідэнтам Каролем Наўроцкім. Афіцыйная заява па выніках візіту была вельмі стрыманай: “Абодва бакі таксама выказалі надзею на нармалізацыю сітуацыі на польска-беларускай мяжы”. А паводле дадзеных крыніц Newsweek у польскім МЗС, Ван І даў зразумець Сікорскаму, што кітайскія ўлады “правядуць адкрытую гутарку з Лукашэнкам пра сітуацыю на мяжы”.
Увесь гэты час беларускія службоўцы прадчувалі, як пекінскі абкам цяпер націсне на Польшчу. А беларускія памежнікі і мытнікі былі гатовыя прыступіць да працы ў лічаныя гадзіны. Таму што адкрыццё мяжы для іх — заўсёды свята. <…>
Замест гэтага 22 верасня з візітам у Беларусь прыбыў чалец сталага камітэту Палітбюро ЦК кампартыі Кітая, кіраўнік цэнтральнай камісіі КПК па праверцы дысцыпліны Лі Сі, якога ў Менску прыняў Лукашэнка. І вось ужо на наступны дзень пасля гэтай сустрэчы Туск паведаміў пра адкрыццё мяжы. Вядома, пасля — не азначае з прычыны гэтага. І калі разважаць у катэгорыях “хто на каго ціснуў”, то, хутчэй, Кітай ціснуў на Лукашэнку».
Кітай прыехаў у Беларусь і Грэцыю
«Чаму прэзідэнт Грэцыі не здзівіўся, што гутарка [з дэлегацыяй з Кітая] увогуле зайшла пра карупцыю? А справа ў тым, што напярэдадні, 15 верасня, офіс еўрапейскага пракурора ў Афінах абвінаваціў шасць чалавек, сярод якіх былі і грэцкія мытнікі, у арганізацыі крымінальнай сеткі, што запаланіла рынак Еўразвязу кантрабандай з Кітая. Здарылася гэта пасля таго, як у чэрвені гэтага ж года ў выніку аперацыі з кодавай назвай “Каліпса” былі арыштаваныя 2435 кантэйнераў у порце Пірэй. Гэта найбуйнейшая падобная аперацыя ў гісторыі Еўразвязу. Толькі папярэдняя шкода ацэньваецца ў €700 млн. Яна складаецца з заніжэння мытнага кошту тавараў і сыходу ад выплаты ПДВ.
То бок гэта быў візіт з інспекцыяй. Што гэта ў вас тут робіцца? Адзін візіт. З адным і тым жа пытаннем. У два перавалачныя пункты Шаўковага шляху [— Беларусь і Грэцыю]. Я не сумняваюся, што ў польскім МЗС Кітаю распавялі не толькі пра вучэнні, не толькі пра польскіх палітвязняў, не толькі пра хвалі мігрантаў, але яшчэ і пра тое, як Беларусь выкарыстоўвае кітайскі транзіт для сваёй уласнай кантрабанды. Прытым, у адрозненні ад Грэцыі, ніякіх складаных схем зусім не патрабуецца. Ніякіх асобных крымінальных сетак ствараць не трэба. Усё робіцца на самым афіцыйным узроўні».
Беларуская банда кантрабандыстаў
«У Беларусі, як мы даўно ведаем, калі не лічыць асобных чаўнакоў, кантрабанда — справа рук адной злачыннай групоўкі, якая падмяніла сабой усе іншыя. Са шматлікіх расследаванняў нам вядома, як кантрабанда ў Беларусі арганізуецца на самым высокім афіцыйным узроўні.
Таму фон візіту кітайскага рэвізора ў Беларусь быў трохі іншы. Вось як пра сустрэчу яго з Лукашэнкам распавялі на канале АНТ: “Аляксандр Лукашэнка аддаў перавагу гутарцы ў больш камернай атмасферы: “Я адмыслова вас запрасіў у такім вузкім коле, каб абмеркаваць шэраг, э-э, пытанняў, якія, можа, сёння не падлягаюць, э-э, агалосцы. Гэта, першае. А другое, я б папрасіў вас, каб змест маёй гутаркі быў даведзены да старшыні кітайскай Народнай Рэспублікі”. Грошы, як вядома, любяць цішыню, а на коне іх шмат”.
Я як дасведчаны спецыяліст па герменеўтыцы Лукашэнкі звярну ўвагу адразу на некалькі момантаў. Першае, як Лукашэнка заўважна запінаецца на, э-э, пытаннях, што не падлягаюць, э-э, агалосцы. Другое, нязменныя гледачы нашай праграмы несумнеўна пазналі прыём, які рэгулярна выкарыстоўвае беларуская прапаганда, “гроша любяць цішыню” у дачыненні да таемных перамоў Лукашэнкі. І ў дадзеным выпадку гэта лепшае пацверджанне таго, пра што я казаў. Гэта заўсёды азначае, што гаворка ідзе ніяк не пра інтарэсы дзяржавы, а пра каламутныя схемкі, што прадугледжваюць асабісты гешэфт Лукашэнкі. Асабліва, калі грошай на коне шмат».
Пра выпадковыя супадзенні
«Лукашэнка на наступны дзень прыняў з дакладамі адразу трох сваіх службоўцаў. Па чарзе. І калі пра камунікаванне з прэм'ер-міністрам Турчыным нам паказалі, то пра даклады старшыні Берасцейскага выканкаму Пархомчыка і кіраўніка спраў Лукашэнкі Назарава нам толькі паведамілі. То бок, кіраўніка рэгіёну, праз які кантрабанда праходзіць і якога Лукашэнка ў траўні называў памежнікам, і кіраўніка ўсёй бізнес-імперыі Лукашэнкі. Як кажуць у такіх выпадках, усе супадзенні выпадковыя».