Навіны з Чалым 07 лістапада

За што павінна плаціць «смярдзючая Еўропа» і якую новую гісторыю Лукашэнка прыдумаў аб Пратасевічы

А яшчэ: выпрабаванні «Буравесніка» і запуск шарыкаў. Разбор апошніх навін з Сяргеем Чалым.

Аляксандр Лукашэнка выступіў з прамовай у час наведвання Домжарыцаў — вёскі будучыні — у Бярэзінскім біясферным запаведніку, а ў Расеі пад канец кастрычніка правялі выпрабаванні крылатай ракеты неабмежаванай далёкасці з ядравай энергетычнай устаноўкай «Буравеснік». Незалежны эканамічны эксперт Сяргей Чалы скаментаваў галоўныя навіны апошніх дзён у праграме «Навіны з Чалым». Публікуем некаторыя цытаты.

А мяне за што?

«Стэндап быў феерычным нават па мерках Лукашэнкі. Прытым гэтак, што нават яго любімы прапагандыст Ігар Тур дэманстрацыйна адмовіўся аналізаваць выказванні свайго шэфа. Сказаў, што не хоча абмяркоўваць хайповыя [заявы], а замест гэтага раскажа пра вытворчасць апрацоўчых дошак на мясцовым дрэваапрацоўчым прадпрыемстве.

Тых, каго цікавіць эканамічны сэнс вытворчасці апрацоўчых дошак, адпраўляю да сваёй праграмы “Чалы: Эканоміка”. А цяпер пагаворым менавіта пра хайповыя выказванні. Пра Пратасевіча — таемнага агента КДБ — і пра наша свежае паветра, за якое Еўропа хутка будзе плаціць. Таму што ў гэтых, здавалася б, вар'яцкіх выказваннях ёсць сістэма і сэнс. ...

Важны кантэкст: гэта ўсё адбываецца ў момант абвастрэння крызісу на мяжы. Зараз ужо не толькі беларуска-польскай, але і беларуска-літоўскай. У адказ на налёты метэазондаў, якія пачасціліся, з кантрабанднымі цыгарэтамі, з-за якіх даводзілася спыняць працу Віленскага лётнішча, у выніку чаго пацярпела больш за 140 рэйсаў, Літва зачыніла мяжу на месяц. А Польшча ў знак салідарнасці з літоўскімі калегамі адклала сваю ўжо прынятую пастанову пра адкрыццё двух памежных пераходаў з Беларуссю. І на гэтым фоне ўсе выступы Лукашэнкі былі ў духу “а мяне за што, я ні ў чым не вінаваты”».

Шарыкі, якія ўсё жыццё лёталі

«Спачатку ён (Лукашэнка – рэд.) паспрабаваў пераменшыць значнасць паветранай кантрабанды. Лукашэнка рэгулярна называў паветранымі шарыкамі шматметровыя метэазонды, што падымаюць па паўтары тысячы пачкаў цыгарэт. І ўвогуле, дробязі, справа побытавая, мы ж заўсёды так рабілі, за што нам зараз мяжу зачыняюць? Як сказаў міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў: “Тое, што лёталі некалі гэтыя шары з кантрабандай нейкіх цыгарэт, так гэта ж усё жыццё яны лёталі”. Хоць, насамрэч, гэта феномен апошніх двух гадоў. За ўвесь 2023 год у Літву заляцела ўсяго тры такія метэазонды, у 2024 годзе было каля 800, а ў гэтым няпоўным — ужо больш за 550.

І ўвогуле, па версіі Лукашэнкі, гэта ўсе самі літоўцы кантрабандай займаюцца: “Нашыя на фабрыцы бяруць цыгарэты па зыскоўным кошце, прадаюць (каб самім грошы зарабіць — навар нейкі) літоўцам. Трэба перакінуць праз плот. Маленькімі порцыямі перакідалі на гэтых шарыках. Там літоўцы прымалі іх”.

Першая выснова, якую можна зрабіць, — гэта, што Лукашэнка бачыць у межавых канфліктах пагрозу менавіта свайму кантрабанднаму бізнесу, а не нейкай там іншай эканоміцы. Што аўтаматычна азначае, што захады дасягаюць мэты.

Ну, і нарэшце апошні аргумент — вы не павінны крыўдзіцца на нашыя шарыкі, а павінны дзякуй сказаць за тое, што іх да вас, у смярдзючую Еўропу, гоніць наша гаючае беларускае паветра: “Яны дыхаюць свежым добрым паветрам дзякуючы нам. За гэта трэба плаціць. Таму што кісларод — ад балотаў і лясоў, дрэваў. У Еўропе гэтага няма. А ў нас ёсць. І вецер гэтае дабро туды нясе”. Ну, і пад дабром ён жа разумее не кісларод, які вецер нясе: “І надыдзе той час, калі гэтая смярдзючая Еўропа будзе нам плаціць за тое, што мы захоўваем тое, што дасталася нам ад бога”, — ліст Лукашэнкі дамжарынчанам, частка трэцяя, верш шаснаццаты».

Новая гісторыя пра Пратасевіча

«І роўнае ў гэтым жа ключы — “я ні ў чым не вінаваты і вы мне яшчэ павінны дзякуй сказаць” — трэба разумець і пасаж пра [Рамана] Пратасевіча: “Доўга расказваць не буду. Пратасевіч — гэта супрацоўнік нашай выведкі. Нам трэба было яго затрымліваць?” Далей Лукашэнка паўтарае сваю гісторыю пра тое, што ён не прымушаў замежны самалёт да пасадкі ў Менску. Хлусня, якая даўно аспрэчана міжнародным расследаваннем.

Што новага ён дадае — гэта тое, што і матыву ў яго не было. Не трэба было садзіць самалёт дзеля Пратасевіча, таму што ён агент: “Ён прыехаў у Грэцыю, яго туды выклікалі, ён даклаў выведнікам усё, што нас цікавіла, атрымаў заданне і ляцеў назад. Туды, дзе працаваў, праз Вільню. Нас звінавацілі ў тым, што мы затрымалі апазіцыянера. А ён не наш апазіцыянер”.

Але раз ужо самалёт з ім сеў у Менску, то Лукашэнку давялося яго арыштоўваць, каб ніхто не падумаў, што ён агент: “Я кажу: “Ну што, праводзьце аперацыю, ён жа пад прыкрыццём працаваў у гэтых збеглых. Праводзьце аперацыю як след””. Атрымліваецца, што эканамічныя страты з-за санкцый, уведзеных пасля пасадкі самалёта, патрэбныя былі толькі для таго, каб ніхто не здагадаўся, што Пратасевіч — агент КДБ, сказаў Лукашэнка і неадкладна прызнаўся, што ён агент КДБ. Так што замяшанне беларускай прапаганды цалкам вытлумачальнае.

Увогуле, усе гэтыя феерычныя заявы зʼяднаныя адной тэмай — мне няма за што прасіць прабачэння».

(Не)ядравыя выпрабаванні

«26 кастрычніка начальнік расейскага Генштабу Герасімаў даклаў Пуціну пра паспяховыя выпрабаванні крылатай ракеты неабмежаванай далёкасці з ядравай энергетычнай устаноўкай “Буравеснік”. <...> Але варта было Трампу, замест таго каб спалохацца, прыстрашыць пачаткам сваіх ядравых выпрабаванняў, як прэс-сакратар Пуціна Пяскоў тут жа паспяшаўся з тлумачэннямі: “Выпрабаванне “Буравесніка” не зʼяўляецца ядравым выпрабаваннем ніякім чынам”».

Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць