Аддайце нам Кемску воласць
«Сустрэча прэзідэнта ЗША Доналда Трампа з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім прайшла не так, як усе спадзяваліся. Замест абмеркавання ўмоваў дастаў далёкабойных сістэм “Тамагаўк” спецпасланец Трампа Стывен Уіткаф ізноў пачаў агучваць расейскія жаданкі і нават расейскую аргументацыю. Самая абсурдная — гэта тое, што Пуцін прэтэндуе на незаваяваныя тэрыторыі на той падставе, што на іх прайшлі “рэферэндумы” і яны ўпісаныя ў расейскую Канстытуцыю.
Там жа, на месцы, Зяленскі гэтыя аргументы і аспрэчыў: “Калі заўтра Пуцін будзе яшчэ нешта ўносіць у Канстытуцыю Расеі, пасля таго ці іншага сканчэння вайны, нам ізноў трэба будзе выходзіць з нейкай тэрыторыі? А калі я ўнясу ў Канстытуцыю Украіны, напрыклад, дзве вобласці Расеі, яны будуць выходзіць з гэтых тэрыторый? Гэта непрацуючая мадэль”.
Звяртае на сябе ўвагу тое, што, нягледзячы на афіцыйныя заявы расейскіх уладаў пра тое, што мэты “вайсковай аперацыі” не змяняюцца, зараз асноўная прэтэнзія Расеі, пададзеная як умова спынення агню, “аддайце нам Кемску воласць” — атрыманне поўнага кантролю над тэрыторыяй Данбасу. Які Расея не можа захапіць ужо 11 гадоў — з 2014 года. Таму што замарожванне вайны па лініі сутыкнення азначае, што Пуціну зусім няма чаго падаць краіне ў якасці хоць нейкага падабенства перамогі. Тое, чаго ён не можа дамагчыся вайсковым шляхам, ён разлічвае атрымаць дыпламатычным шляхам».
Пра танную вугорскую падробку
«Увогуле, калі дыпламатычнага імпульсу Энкарыджа (горад на Алясцы, дзе ў жніўні 2025 года Трамп сустрэўся з Пуціным — рэд.) хапіла на лічаныя тыдні, то дыпламатычны імпульс Будапэшта скончыўся нават не пачаўшыся. Пры тым, што сам Пуцін вельмі хацеў гэтай сустрэчы. Гэтак, што расейскія службоўцы на поўным сур'ёзе вырашалі складанае лагістычнае заданне: як дабрацца да Вугоршчыны чалавеку, які знаходзіцца ў міжнародным вышуку. Выбар быў паміж трыма гадзінамі лішняга лёту або выкарыстаннем трубаправоду “Дружба”. Мабыць, па аналогіі з фільмам пра Джэймза Бонда “Цэлага свету мала”.
Што асабліва важнае для нас: нікому, ні Пуціну, ні Трампу, не прыйшла ў галаву ідэя арганізацыі перамоваў у Беларусі. Ні стары сябар, ні новы не ўспомнілі пра Лукашэнку, які так адчайна набіваўся выканаць хоць нейкую ролю ў мірным урэгуляванні.
І справа не толькі ў тым, што Вугоршчыне гатовыя былі аддаць перавагу, а не Беларусі, значна больш зручнай лагістычна, але і ў тым, што не Лукашэнку аддалі перавагу, а Орбану, які, па ўсіх лукашэнкаўскіх паняццях, яго варты жалю эпігон. Танная вугорская падробка пад непаўторны беларускі аўтарытарызм».
Сапраўднае становішча афіцыйнай Беларусі
«На гэтым фоне ўсё больш прывіднымі робяцца надзеі на нейкую грандыёзную “вялікую ўгоду” паміж Беларуссю і ЗША. І вось ужо замест вызвалення ўсіх паўтары тысячы закладнікаў гаворка ідзе, пасля няўдалага выразу намміністра замежных спраў Польшчы, толькі пра новыя “траншы” вызваленых.
Само гэта слова, якое падхапілі і нашы дэмакратычныя сілы, гучыць гідка, калі гаворка ідзе пра жывых людзей. Гэтае слова фактычна нармалізуе практыку шматразовага выправаджэння беларусаў з краіны малымі партыямі. Гэтакіх беларускіх рэйсавых аўтобусаў да Вільні, аналагаў філасофскага парахода стогадовай даўніны.
Асабліва паказальным з'яўляецца тое, што, паводле словаў Дзяніса Кучынскага, дыпламатычнага дарадцы Святланы Ціханоўскай, еўрапейскія дыпламаты, што атрымалі запрашэнне сустрэцца з [намеснікам міністра замежных справаў Беларусі] Юрыем Амбразевічам, вырашылі пракансультавацца ў Ціханоўскай: што гэта было? На хвіліначку, у нармальнай сітуацыі, з нармальнай краінай усё было б наадварот. Замежныя дыпламаты цікавіліся б у беларускага МЗС, што гэта за дзіўныя ініцыятывы — дыяспара за мяжой.
І гэта інверсія з'яўляецца дэманстрацыяй сапраўднага становішча афіцыйнай Беларусі на міжнароднай арэне. Я ўжо шматкроць казаў … , што мэсідж Лукашэнкі апошніх гадоў: давайце я буду займацца сваёй справай, то бок мірам ва ўсім свеце, а вы мне дайце ўсё іншае».
Вырашэнне праблемаў па-беларуску
«Звычайная рэакцыя беларускіх уладаў на скаргі — разбірацца не з мэсіджам, а з мэсэнджарам. І толькі ў рэдкіх выпадках, калі скардзяцца няпростыя людзі, наколькі б дурнымі гэтыя скаргі ні былі, вось тады сістэма прыходзіць у дзеянне і прымае рашэнні, наколькі б дурнымі яны б ні былі, у сваю чаргу.
Я вельмі добра памятаю, як у нулявыя гады адзін службовец зайшоў у самы круты на той момант рэстаран Менску “Іспанскі куток” і папрасіў дранікі.
— Мы — “Іспанскі куток”. Якія дранікі? — сказалі яму.
— Заўтра ў вас будуць дранікі, — адказаў службовец.
І сапраўды, праз кароткі час было прынята рашэнне пра тое, што ва ўсіх установах грамадскага харчавання, незалежна ад іх профілю, павінны быць стравы беларускай кухні. Грамадзяне, якія не ведалі дэталяў таго, што здарылася, доўга дзівіліся расцяжцы на праспекце з надпісам: “Іспанскі куток — зараз у нас ёсць дранікі”».