Навіны

18 мая 2023

МУС Беларусі навучыць аператараў беспілотнікаў. Міністр звязаў гэта з падзеямі «на тэрыторыі Украіны»

Дроны могуць выкарыстоўваць не толькі для сачэння, але і для нанясення ўдараў.

Дэпартамент фінансаў і тылу МУС шукае спецыялістаў для падрыхтоўкі аператараў беспілотных лятальных апаратаў (БПЛА). Такі тэндар журналісты Беларускага расследавальніцкага цэнтру знайшлі на партале дзяржаўных закупак.

Паводле дакументаў, ведамства плануе да канца чэрвеня гэтага года падрыхтаваць траіх адмыслоўцаў. Агульны кошт тэндару – 7 500 рублёў. Такім чынам, за падрыхтоўку ўсяго аднаго аператара МУС гатова заплаціць 2 500 беларускіх рублёў.

беларускі беспілотнік
Крыніца: Sputnik / Виктор Толочко

Хто атрымаў кантракт, на партале не пазначана. Але ў базе «Контур. Фокус» нам удалося знайсці выканаўцу дзяржзаказу. Ім аказаўся «Цэнтр падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў «Добраахвотнага таварыства садзейнічання арміі, авіяцыі і флоту Рэспублікі Беларусь». У арганізацыі дзейнічае асобны авіяцыйны цэнтр, які і навучае адмыслоўцаў па БПЛА.

Пры гэтым цэнтр узяў за навучанне спецыялістаў менш, чым прапанавала МУС – 1680, 53 беларускіх рублёў.

Аб тым, што МУС Беларусі плануе стварыць падраздзяленні аператараў беспілотнікаў, стала вядома ў сакавіку. Аб фармаванні такіх падраздзяленняў журналістам паведаміў міністр унутраных спраў Іван Кубракоў. Паводле яго слоў, у Менску «уважліва сочаць» за тым, што адбываецца на тэрыторыі суседняй Украіны і рыхтуюць новыя падраздзяленні з аператарамі БПЛА. Ён таксама адзначыў, што дроны могуць выкарыстоўваць не толькі для сачэння, але і для нанясення ўдараў па транспарце злачынцаў.