«Ён эксклюзіўна прадстаўлены ў сетцы нашых крам у абʼёме 0,7 і 1 літр. 0,7 – 46,9 руб., 1 літр – 64,9 руб. Забаронена гандляваць напоем было з 2017 года. А зараз на рынку Беларусі мы адзіныя пастаўшчыкі. Хутчэй за ўсё, з наступнага месяца ён будзе даступны ў прынцыпе ўсюды ў розніцы. Але пакуль эксклюзіўна ў нашых крамах», – распавялі нам у адной з крамаў сеткі.
Італьянскі бітэр знік з паліц беларускіх крам у 2017 годзе, паколькі ў ім утрымліваўся забаронены сінтэтычны фарбавальнік E110, пісалі СМІ. Ён выкарыстоўваецца ў харчовай прамысловасці, для вытворчасці касметыкі і лекаў, каб афарбоўваць прадукцыю ў жоўты колер. У Еўропе і ЗША Е110 дазволены, але там уведзены максімальна дапушчальныя дазаванні яго ўжывання. Цяпер у беларускім рэестры небяспечнай прадукцыі Дзяржстандарту згадак аб забароне Aperol мы не знайшлі.
Фарбавальнік, як высветліў БРЦ, усё яшчэ прысутнічае ў складзе Aperol. Гэта пазначана на этыкетцы напою. Пры гэтым да іншых тавараў, дзе змяшчаецца Е110, у Дзяржстандарта зʼяўляюцца пытанні – напрыклад, да арахісу, воцату або цукеркам. Журналісту БРЦ у ведамстве не змаглі патлумачыць, чаму напой зноўку зʼявіўся ў продажы.
«Калі ён у продажы, значыць на яго ёсць сертыфікат адпаведнасці. Магчыма, нейкая іншая рэцэптура адбылася», – сказалі нам у Дзяржстандарце.
На этыкетцы Aperol згадваецца, што алкаголь у Беларусь пастаўляе «Беларусьгандаль». Кампанія належыць упраўленню справамі прэзідэнта Беларусі, якое да 2021 года ўзначальваў паплечнік Лукашэнкі Віктар Шэйман. Цяпер ведамства ўзначальвае Юрый Назараў.
На сайце прадпрыемства ўказана, што яно займаецца імпартам алкаголю і тытуню, гандлем гэтымі таварамі, здабычай мінеральнай вады і вытворчасцю мэблі. Сваю прадукцыю прадпрыемства ў тым ліку прадае розным дзяржаўным структурам – ад школаў да вайсковых частак. Агульная сума атрыманых «Беларусьгандлем» дзяржкантрактаў за тры з лішнім гады перавысіла 2 млн беларускіх рублёў.
Раней БРЦ расказваў, што менавіта пры Шэймане «Беларусьгандаль» стаў уладальнікам або саўладальнікам некалькіх структур у Беларусі і за мяжой. Сярод іх кампанія «Белаграферт» у Горадні. Яна закупляе сыравіну ў «Горадні Азота» і займаецца вытворчасцю грануляванага сульфату амонію.