Навіны

Сёння

Як Лукашэнка падтрымліваў Асада, але дапамагаў Пентагону ўзбройваць апазіцыю

Пасярэднікам у пастаўках супрацьтанкавых ракетных комплексаў была Балгарыя.

Аляксандр Лукашэнка і Башар Асад
Крыніца: AP/Мікалай Пятроў, БелТА / Аляксандр Лукашэнка і Башар Асад падчас сустрэчы ў Менску, Беларусь, 26 ліпеня 2010 года
Аляксандр Лукашэнка падтрымліваў і працягвае падтрымліваць Башара Асада, ужо былога прэзідэнта Сірыі. Але, падобна, ягоных апанентаў таксама. Падчас грамадзянскай вайны, якая пачалася ў 2011 годзе, сірыйская апазіцыя, верагодна, атрымлівала ад Беларусі ўзбраенне для барацьбы з урадавым войскам.

У 2015 годзе Беларусь адправіла ў Балгарыю 240 пераносных супрацьтанкавых ракетных пускавых установак ATGS 9P135M «Конкурс», а таксама 140 ручных гранатамётаў AGS-17 на агульную суму €37,9 млн. У тым жа годзе Сафія перадала 136 установак «Конкурс» ЗША і яшчэ 80 — Саудаўскай Аравіі. «Конкурсы» — гэта савецкія супрацьтанкавыя ракетныя комплексы. Эксперты кажуць, што для патрэбаў амерыканскага і саудаўскага войскаў яны не ўяўлялі цікавасці. У гэты перыяд ЗША рэалізоўвалі праграму па ўзбраенні сірыйскай апазіцыі.

Апроч таго, прадстаўнікі амерыканскай абароннай кампаніі «Regulus Global» у імэйл-перапісцы сцвярджалі, што яе вайсковыя інструктары праходзілі ў Беларусі навучанне па выкарыстанні такіх СТРК. Гэта стала вядома з матэрыялаў справы аб гібелі аднаго з гэтых інструктараў у Балгарыі праз няшчасны выпадак на палігоне. Цэнтр па даследаванні карупцыі і арганізаванай злачыннасці OССRP назваў «Regulus Global» падрадчыкам Пентагону.

Прадстаўнік Камандавання спецыяльных аперацыяў ЗША лейтэнант-камандэр Мэцью Ален у каментары выданню BuzzFeed у 2015 годзе таксама заявіў, што Пентагон набываў у Беларусі ракеты для праграмы ўзбраення сірыйскіх паўстанцаў.

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка не раз выказваў падтрымку Башару Асаду. Пасля з'яўлення паведамленняў пра ўцёкі апошняга ў Маскву, Лукашэнка запэўніў, што з былым сірыйскім лідарам у яго «добрыя былі чалавечыя стасункі».

«Ніякі ён не дыктатар. Ён лекаваў людзей як лекар. Ён ніколі нікога не забіваў», — сказаў Лукашэнка 10 снежня 2024 года падчас працоўнай паездкі ў Барысаў.

Гэта былі не першыя словы падтрымкі Асада ад афіцыйнага Менску. У ліпені 2019 года Лукашэнка заявіў, што «Беларусь з першых дзён канфлікту ў Сірыі была на баку народу і кіраўніцтва гэтай краіны». У адказ ён атрымаў падзяку ад сірыйскага лідара за падтрымку ў складаны перыяд. Яшчэ раней, у 2018 годзе, калі ЗША, Вялікая Брытанія і Францыя нанеслі авіяўдары па Сірыі ў адказ на хімічную атаку ў горадзе Дума, МЗС Беларусі асудзіў бамбаванне, паставіўшы пад сумнеў факт выкарыстання ўладамі атрутных рэчываў.

27 лістапада 2024 года апазіцыйныя ўзброеныя фармаванні разгарнулі маштабны наступ на пазіцыі ўрадавых войскаў у правінцыі Алепа. Да вечара 7 снежня праціўнікі Асада ўзялі пад кантроль некалькі буйных гарадоў, уключаючы Алепа, Дэйр-эз-Зор, Дэр’а, Хаму і Хомс. Раніцай яны ўвайшлі ў Дамаск, і Башар Асад склаў паўнамоцтвы прэзідэнта Сірыі.