Мы спыталі ў медыяаналітыка Міхаіла Дарашэвіча

Мы спыталі ў медыяаналітыка Міхаіла Дарашэвіча: чаму Лукашэнка так настойвае на стварэнні «дабротнага, магутнага і абавязкова сучаснага» медыяхолдынга сумесна з Расеяй?

«Гэта проста яшчэ адна спроба перакласці частку выдаткаў дарагога прапагандысцкага апарата на Расейскую Федэрацыю. Кампенсацыя таго, што інфармацыйныя рэсурсы беларускіх дзяржаўных медыяў выкарыстоўваюцца для расейскай прапаганды. Такое пажаданне, каб расейскі ўрад аплачваў іх змест», – лічыць медыяналітык.

Паводле яго слоў, спробы стварыць такога прапагандысцкага монстра робяцца не першы раз.

«Трэба не забываць што існуе холдынг, тэлерадыёкампанія ці яшчэ нейкая монстрападобная структура ў выглядзе «Міру» [ – міждзяржаўная тэлерадыёкампанія, якая вяшчае і ў Беларусі, і ў Расеі]. Перыядычна там узнікаюць у іх нейкія [новыя праекты накшталт] БелРаса [- тэлеканал], які на YouTube заблакаваны. Лічыце, на 99% гэта будуць проста патрачаныя грошы, – растлумачыў Дарашэвіч. – Трэба разумець, што апроч таго, што выдаткоўваюцца грошы падаткаплацельшчыкаў, у выніку палітыка-эканамічнага крызісу рынак рэкламы ў Беларусі заўсёды быў бедненькі, а цяпер ён наогул схлопваецца да нуля. І грошай на тое, каб аплочваць працу прапагандыстаў трэба ўсё больш і больш. Гэта пошук дадатковых рэзерваў. Няхай плаціць іншы ўрад за тое, што мы ўвогуле распаўсюджваем дэзінфармацыю, прапаганду і гэтак далей».

Пры гэтым медыяэксперт адзначыў, што разлічваць на з'яўленне новых медыяў на базе холдынгу не варта. Зменіцца толькі парадак фінансавання.

На якасць прапаганды ў Беларусі яшчэ больш шчыльная супраца з расейскімі калегамі наўрад ці паўплывае, мяркуе Дарашэвіч.

«Беларуская прапаганда «тапорная». І яна настолькі «тапорная», што яна бачная. Не вельмі якасная, не вельмі дзейсная і лёгка распазнаваць людзьмі з мінімальным крытычным мысленнем. Расейская прапаганда больш дасканалая. Ёсць надзея, што такое супрацоўніцтва не палепшыць яе якасць, таму што для гэтага павінен быць шэраг падрыхтаваных кадраў, а калі якасць адукацыі і падрыхтоўкі іх падае, то людзі проста будуць далей генераваць штампы», – сказаў на заканчэнне медыяналітык.

Аб тым, што Беларусі і Расеі неабходна стварыць сумесны медыяхолдынг, Лукашэнка заявіў на сустрэчы з дзяржсакратаром Саюзнай дзяржавы Дзмітрыем Мезенцавым (на фота).