Аб існаванні магчымасці для грамадзян Беларусі атрымаць расейскае грамадзянства праз афіцыйныя каналы ПВК «Вагнэр» ніколі не паведамляла, але БРЦ знайшоў згадкі гэтай тэмы ў леташнім пасце ў адной з груп для вярбоўкі ў «ВК».
«Праз паўгода працы вы атрымліваеце грамадзянства РФ па паскоранай праграме і можаце спакойна ездзіць у Афрыку і іншыя кантыненты», – гаворыцца ў паведамленні, прысвечаным беларусам у ПВК «Вагнэра». Адмін пабліка са спасылкай на «супрацоўніка з Беларусі» таксама сцвярджаў, што «многія з яго суайчыннікаў жадаюць працаваць у «Вагнэры», але перажываюць, што іх не возьмуць або падмануць».
Вярбоўшчыкі, з якімі паразмаўляў журналіст БРЦ, адмовіліся назваць хаця б прыкладную колькасць беларусаў у складзе прыватнай ваеннай кампаніі. Зрэшты, адзін з іх заявіў, што іх шмат, а непасрэдна ў момант размовы з ім побач нібыта знаходзіўся найміт з Беларусі.
«Братэрскі народ, шмат хлопцаў тэлефануюць, кожны дзень тэлефануюць. Я кажу, далёка хадзіць не трэба, у мяне сусед побач сядзіць, таксама з Беларусі. Прыехаў, працуе, ужо другая камандзіроўка ў яго. Але ён трохсоты», – сказаў суразмоўца, дадаўшы, што калі беларуса, які трапіў у палон, выдадуць на радзіму, там яго «бацька адразу пакарае».
У адным з самых буйных тэлеграм-чатаў сваякоў байцоў ПВК «Вагнэр» БРЦ удалося знайсці толькі адну тэму, прысвечаную наймітам з Беларусі. У ёй усяго некалькі паведамленняў. Адна з удзельніц чата расказала БРЦ, што яе сваяк нядаўна вярнуўся дадому пасля першай паездкі і збіраецца зноў адправіцца ваяваць ва Украіну. Жанчына таксама расказала, што ў яго не было сувязі з роднымі 8 месяцаў, а грошы па кантракце ён атрымаў асабіста перад адʼездам дадому.
З пачатку вайны ў СМІ актыўна абмяркоўваліся гісторыі двух беларусаў, якія служылі наймітамі ў ПВК «Вагнэр»: Андрэя Герыловіча і Максіма Зязюльчыка. Яны абодва патрапілі ва ўкраінскі палон, дзе ім прадʼявілі абвінавачанні па артыкуле ўкраінскага КК аб найміцтве, па якім пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі. Зязюльчыка, як паведамлялася раней, выдалі Расеі падчас абмену палоннымі.
Як расказвала БРЦ юрыстка Марыя Колесава-Гудзіліна, ва ўмовах вайны ваеннапалонных беларусаў не могуць адразу экстрадаваць на радзіму, таму іх адзіны шанец вызваліцца – трапіць у спісы на абмен ваеннапалоннымі паміж Масквой і Кіевам.
Пры гэтым беларусы могуць адправіцца ваяваць ва Украіну на баку Расеі не толькі ўступіўшы ў ПВК «Вагнэр», але і падпісаўшы кантракт з Узброенымі сіламі РФ. За гэта, згодна з новым указам, беларусу і любому іншаму замежніку можна будзе атрымаць расейскае грамадзянства ў спрошчаным парадку.