Аб падпісанні кантрактаў і перакідцы ў Беларусь пачалі паведамляць у апошнія дні чэрвеня. Мы выявілі некалькі дзясяткаў такіх паведамленняў.
Журналіст БРЦ пад выглядам сваяка байца ПВК «Вагнэр» звязаўся з некалькімі ўдзельнікамі чатаў. Адна са сваячак паведаміла, што некаторыя найміты ўжо знаходзяцца ў «палях у Беларусі», дзе «чакаюць загад».
Два іншыя суразмоўцы не пацвердзілі, што найміты ўжо знаходзяцца ў Беларусі. Па словах аднаго з іх, перакідку некалькі разоў пераносілі, а апошняя актуальная дата адпраўкі – да 8 ліпеня.
Некалькі ўдзельнікаў чата называюць датай адпраўкі 5 ліпеня – спасылаючыся на званкі і паведамленні саміх наймітаў. Пацвердзіць гэтыя дадзеныя БРЦ пакуль не ўдалося.
Наймітам, якіх перакінуць у Беларусь, урэжуць заробкі – з 240 да 150 тысяч расейскіх рублёў. Як сцвярджаюць сваякі, гэта звязана з «адсутнасцю баявых дзеянняў». З-за ўрэзанага заробку, як пішуць удзельнікі чата, некаторыя найміты адмаўляюцца ехаць у Беларусь, паколькі «многія туды едуць па грошы».
Вербаванне ідзе ў ранейшым рэжыме – спачатку навабранцы прыязджаюць на базу «Молькіна» у Краснадарскім краі, дзе пасля навучання ім прапануюць альбо падпісаць кантракт з Міністэрствам абароны РФ, альбо застацца ў складзе ПВК «Вагнэр» і паехаць у Беларусь. Таксама працягваецца набор у Афрыку.
Пра тое, як ПВК «Вагнэр» патрапіла ў Афрыку і што там робіць, БРЦ расказваў у матэрыяле «Не Украінай адзінай, або Шлях мяцежнага варлорда. Перамогі і паразы ПВК «Вагнэр» у Афрыцы».
Чым байцы прыватнай вайсковай кампаніі будуць займацца ў Беларусі, невядома. Паводле сваякоў, камандаванне не паведамляе наймітам аб перспектывах працы ў Беларусі.